Разам адчынілі дзверы ў навучальны год

Яркія ўражанні, карысная інфармацыя, новыя адкрыцці і захапленні: некалькі тысяч навучэнцаў Віцебшчыны наведалі абласны палац дзяцей і моладзі ў ходзе мерапрыемстваў Рэспубліканскага тыдня дадатковай адукацыі.

Больш за 4 тысячы з іх прымуць гурткі і студыі, тэатры, клубы і лабараторыі, творчыя калектывы і майстэрні ВАПДіМ у новым навучальным годзе. Як паведаміў дырэктар палаца Дзмітрый Андрэеў, усе аб’яднанні па інтарэсах на сёння ўкамплектаваны, але набор працягваецца, бо наплыў жадаючых не спыняецца. Дарэчы, запіс на працягу некалькіх гадоў практыкуецца таксама і ў анлайн-фармаце.

— Мы як мнагапрофільная ўстанова імкнёмся гарманічна развіваць усе напрамкі дадатковай адукацыі, — засяродзіў увагу Дзмітрый Анатольевіч. — Пры гэтым асаблівы акцэнт робім на выхаванні, карыснай занятасці, умацаванні здароўя, запатрабаванасці і прафарыентацыі. Непасрэдную падрыхтоўку да новага навучальнага года пачалі яшчэ ў мінулым красавіку з нарады, дзе абмеркавалі арганізацыю набору ў аб’яднанні па інтарэсах, матэрыяльна-тэхнічнае і вучэбна-метадычнае забеспячэнне — у прыватнасці, змест вучэбных праграм, каля 80 з якіх набылі новае сучаснае напаўненне. Ініцыіравалі комплекснае даследаванне, прааналізавалі запыты бацькоў і дзяцей. Праведзена грунтоўная сістэмная работа, накіраваная на павышэнне эфектыўнасці і якасці адукацыйнага працэсу, дасягненне яшчэ больш значных вынікаў з улікам рэальных умоў. Зразумела, мы выконваем пэўны сацыяльны заказ дзяржавы па ранняй прафарыентацыі. Заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах дазваляюць дзецям раскрыць і развіць свае здольнасці, вызначыць сферу іх прымянення — іншымі словамі, што ім насамрэч цікава, што атрымліваецца найлепш. Наша задача — прапанаваць пры гэтым розныя прывабныя варыянты, каб са школьнага ўзросту паслядоўна фарміраваць устойлівую матывацыю да авалодвання запатрабаванымі на рынку працы спецыяльнасцямі. У нас моцны педагагічны калектыў, сур’ёзная матэрыяльна-тэхнічная база. Такім чынам, неабходныя рэсурсы ёсць і ўсе яны сканцэнтраваны на дасягненні пастаўленых мэт.  

Пачатак новаму захапляльнаму падарожжу ў свет ведаў, творчасці і майстэрства далі дні адкрытых дзвярэй, якія ў аддзелах палаца стартавалі з канца жніўня. Адкрыццё Рэспубліканскага тыдня дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі стала для ўсіх яго ўдзельнікаў вялікім святам. Педагогі і навучэнцы падрыхтавалі выдатныя канцэртныя, забаўляльна-пазнавальныя і фізкультурна-спартыўныя праграмы, гульні, майстар-класы і экскурсіі па абодвух будынках палаца. У кожным з іх адбыліся ўрачыстыя лінейкі, на якіх лепшым прадстаўнікам аб’яднанняў па інтарэсах уручылі сертыфікаты аб занясенні на Дошку гонару ўстановы дадатковай адукацыі. У ліку лідараў — тэатральны калектыў “Калейдаскоп”, на рахунку якога нямала перамог у рэспубліканскіх, абласных конкурсах. 

— Мы працуем ужо больш за 20 гадоў, — пракаменціравала кіраўнік калектыву намеснік дырэктара ВАПДіМ па вучэбна-выхаваўчай рабоце Наталля Янцэвіч. — Спачатку назвы не было, потым разам з навучэнцамі мы яе прыдумалі. Акрамя тэатральных пастановак, рыхтуем выступленні агітбрыгад. Тыя ўдзельнікі, хто праяўляе да гэтага здольнасці, спрабуюць сябе ў якасці канферансье, выступаюць на нашых мерапрыемствах у якасці вядучых.

Сярод адзначаных імяннымі сертыфікатамі — навучэнка эстрадна-вакальнай студыі “Серпанцін” Вераніка Марцынкевіч, уладальніца шматлікіх дыпломаў творчых фестываляў і конкурсаў рознага ўзроўню. Падрыхтоўка ў студыі пад кіраўніцтвам Алены Чарнышовай — не адзінае захапленне таленавітай 10-гадовай зорачкі: у свой час яна шукала сябе ў музыцы, харэаграфіі, дэкаратыўна-прыкладной творчасці, маляванні, лёгкай атлетыцы, плаванні і шахматах. Зараз мэтанакіравана займаецца вакалам, танцамі, фартэпіяна, бо марыць стаць спявачкай. Адметна, што для дзяўчынкі, як і для многіх пакаленняў віцяблян, запіс у гурткі палаца — сямейная традыцыя. 

— Я сама выпускніца палаца, — прывяла прыклад маці Веранікі Кацярына Марцынкевіч. — Мая малодшая сястра Настасся Лейкіна, пераможца трэцяга сезона вядомага праекта “Спяваючыя гарады”, вучылася ў Алены Чарнышовай. Тут займаюцца двое маіх пляменнікаў, Аляксей і Яўген. Сёння запісала ў гурток малодшую дачку Алену: пакуль паспрабуем дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і маляванне. Упэўнена: навучанне будзе цікавым і карысным.

Аддзел турызму і краязнаўства запрасіў на інтэрактыўную гульнявую пляцоўку “КрайЗнай”, дзе можна было даведацца, як нашы продкі стваралі шчасце ўласнымі рукамі, азнаёміцца з інтэрнэт-праектам “Месцы сілы Віцебшчыны” і работай касцюмернай майстэрні “Гістарычныя пераўвасабленні”, уласнымі рукамі паспрабаваць вырабіць макет жылля эпохі жалезнага веку ці анімацыйную краязнаўчую паштоўку. Для самых малодшых была арганізавана краязнаўчая гульня “Азбука роднага краю”. Школьнікам сярэдняга і старэйшага ўзросту прапанавалі далучыцца да гульні-віктарыны “Віцебскія таямніцы”, інтэлектуальнай гульні “Сакрэты прадметаў” і ролевай гульні “Я — журналіст-краязнаўца”. На Фрунзе, 94 дзецям, іх бацькам і настаўнікам паказалі абноўлены вучэбны клас для тэарэтычных заняткаў па спартыўным арыентаванні і турызме, спартыўную залу для заняткаў турызмам на ўзроўні пачатковай падрыхтоўкі. Прыхільнікі актыўнага ладу жыцця надоўга затрымліваліся на пляцоўках, дзе была абсталявана турыстычная паласа перашкод, праходзілі “Арыент-шоу” з элементамі спартыўнага арыентавання, прэзентацыя гуртка “Паўэрліфтынг”, паказальныя выступленні скалалазаў і турыстаў.  

— У зале два стэнды для скалалажання, — расказала кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Спартыўнае скалалажанне” Ірына Вінаградава. — Першы прызначаны для боўлдэрынгу: навучэнцы працуюць без страхоўкі, вучацца правільна саскокваць і падаць, праходзіць кароткія складаныя трасы. На другім — трасы на страхоўках, дзе прадугледжана магчымасць узняцца вышэй. Вучымся ў тым ліку правільна прышпільвацца і страхаваць адно аднаго, для гэтага ёсць сучасныя рыштункі, праводзім спаборніцтвы на хуткасць і складанасць. Колькасць жадаючых запісацца ў аб’яднанне пастаянна расце, асабліва сярод дзяцей ва ўзросце 8—9 гадоў. І гэта вельмі радуе, тым больш што цяпер спартыўнае скалалажанне прызнана алімпійскім відам спорту.

Па суседстве з папулярным скаладромам на Шчарбаковай-Набярэжнай, 8 з верасня адкрылася зала ўдасканалення турыстычнага спартыўнага майстэрства па тэхніцы пешаходнага турызму. Тут абсталяваны розныя тэхнічныя этапы, уключаючы пад’ём і спуск па вертыкальных парэнчах, нахіленай навясной пераправе і пераправе метадам “вертыкальны ківач”. Як падкрэсліў Дзмітрый Андрэеў, раней падобныя трэніроўкі адбываліся на базе школ. Новыя пляцоўкі не толькі адпавядаюць усім патрабаванням, каб прымаць спаборніцтвы рэспубліканскага ўзроўню, але і дазваляюць значна палепшыць якасць падрыхтоўкі з адначасовым зніжэннем адпаведных выдаткаў.

Надзейным арыенцірам у свеце сучасных тэхналогій выступаюць аб’яднанні па інтарэсах аддзела тэхнічнай творчасці. Панарама прадстаўленых магчымасцей больш чым уражвае: праграмаванне, тэхнічнае макетаванне і прататыпаванне, работа з 3D-прынтарам і 3D-сканарам, дрэваапрацоўка, судна- і авіямадэляванне і нават віртуальная вандроўка па Сонечнай сістэме, падчас якой можна патрымаць у руках планету! Аматары робататэхнікі зацікаўлена назіралі за робатам-павуком і робатам-цмокам, хварэлі за робата-сумаіста. Акрамя таго, госці завіталі ў мультыстудыю і наведалі выставу “Краіна драўлянай цацкі”. Новая ініцыятыва палаца ў гэтым навучальным годзе — рэйтынгавыя абласныя спаборніцтвы па праграмаванні, робататэхніцы і 3D-мадэляванні з мэтай выяўлення лепшых навучэнцаў і педагогаў, адрасоў эфектыўнага педагагічнага вопыту. 

У экалагічным аддзеле прэзентавалі 7 лабараторый. Госці вывучалі будову пяра птушкі, разглядалі ў мікраскоп прэпараты розных водных насельнікаў і насякомых, знаёміліся з хатнімі гадаванцамі і дзіўным падводным светам акварыумных рыб, з дапамогай лабараторных даследаванняў вызначалі, чаму крапіва пячэ, а герань моцна пахне. На лабараторным практыкуме “Крокі ў навуку” паставілі доследы па вывучэнні шчыльнасці вады і ўласцівасцей солі, у лабараторыі “Зялёныя тэхналогіі” з дапамогай стымулятара росту заклалі доўгачасовы дослед па ўкараненні самшыта, а на майстар-класе “Сам сабе фларыст” адкрылі для сябе незвычайныя ўласцівасці знаёмых раслін, даведаліся пра іх цікавыя факты, вырабілі фларыстычную закладку. 

— Да пачатку навучальнага года ў нас таксама былі прымеркаваны прыемныя адкрыцці, — паведаміла загадчык аддзела Надзея Ягорава. — Напрыклад, наваселле ў адрамантаваных вучэбных памяшканнях адзначылі лабараторыі хатніх раслін і фітатэрапіі. Працягваем даследаванні па ранейшых праектах і закладваем некалькі новых, пашыраем і ўдасканальваем своеасаблівы выпрабавальны палігон для рэалізацыі тых задач, якія вырашаем у адукацыйным працэсе. Характэрна, што ў многіх навучэнцаў, якія вывучаюць у аб’яднаннях па інтарэсах расліны і жывёл, мікрасвет, фітадызайн, экалагічныя з’явы і праблемы, займаюцца даследчай і навукова-даследчай дзейнасцю, праз захапленне паступова прарастае ўсвядомлены выбар прафесіі. Прычым заняткі ў гуртках не проста матывуюць, а дапамагаюць наблізіцца да мэты: сёлета восем нашых выпускнікоў паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі на профільныя спецыяльнасці, сямёра з іх — у Віцебскі дзяржаўны ордэна Дружбы народаў медыцынскі ўніверсітэт.  

Па словах загадчыка аддзела мастацкай творчасці Таццяны Трухан, усе педагогі палаца да дня адкрытых дзвярэй падрыхтавалі прэзентацыйныя і дэманстрацыйныя майстар-класы сваіх аб’яднанняў па інтарэсах. Кожны выбраў адметны фармат: ад маленькіх канцэртаў, вырабу сувеніраў да міні-трэніровак і паказальных выступленняў, ад рэкламнага марафону “Фарбы дзяцінства” да топ-выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Парад магчымасцей” — так атрымалася цікава і поўна прадставіць разнастайныя віды дзейнасці. Дзеці і дарослыя пад кіраўніцтвам педагогаў малявалі, ляпілі, майстравалі, спявалі. Наведвальнікі разам з казачнымі персанажамі ўдосталь пагулялі і патанцавалі пад любімую музыку, каб потым з выдатным настроем адправіцца ў актавую залу і атрымаць асалоду ад канцэртнай праграмы, якая складалася з лепшых харэаграфічных, тэатральных, вакальных, інструментальных нумароў творчых калектываў палаца, а таксама кароткіх відэапрэзентацый аб’яднанняў па інтарэсах — яскравых узораў таго, чаму іх удзельнікі навучыліся на занятках. А ўсе жадаючыя змаглі выбраць сабе гурток па душы і далучыцца да вялікай дружнай каманды, каб у новы навучальны год увайсці не толькі гледачом, але і актыўным удзельнікам творчых аб’яднанняў палаца, разам з сябрамі і педагогамі вучыцца, даследаваць, ствараць і маляваць яркія гісторыі свайго дзяцінства.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара
.

Добавить комментарий