Выязное пасяджэнне калегіі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь у Дуброўна

Вынікі работы органаў кіравання адукацыяй, устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі Віцебскай вобласці па забеспячэнні якасці адукацыі былі абмеркаваны 20 снежня на выяздным пасяджэнні калегіі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь у Дуброўна. Прадметная і сур’ёзная размова вялася па пытаннях эфектыўнасці ўнутранага кантролю за арганізацыяй адукацыйнага працэсу і дзейнасцю педагагічных калектываў работнікаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. У пасяджэнні, якое праходзіла на базе сярэдняй школы №1 райцэнтра, прынялі ўдзел прадстаўнікі кіраўніцтва вобласці і раёна, міністэрстваў аховы здароўя, унутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях, супрацоўнікі структурных падраздзяленняў Міністэрства адукацыі, начальнікі упраўленняў адукацыі аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама, начальнікі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму гар(рай)выканкамаў, устаноў адукацыі.
Падрабязная характарыстыка эфектыўнасці ўнутранага кантролю за арганізацыяй адукацыйнага працэсу, дзейнасцю педагагічных калектываў работнікаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі на аснове вынікаў праведзеных у кастрычніку-снежні планавых і аператыўных праверак Міністэрства адукацыі была дадзена ў выступленні начальніка Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай Міністэрства адукацыі Святланы Уклейка.
Прынцыповую ацэнку вынікаў сумеснай дзейнасці органаў кіравання адукацыяй, устаноў адукацыі па павышэнні эфектыўнасці адукацыйнага працэсу і забеспячэнні якасці адукацыі выказаў Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка. Ігар Васільевіч акрэсліў стан, існуючыя праблемы і шляхі іх вырашэння, прыярытэтныя напрамкі ўдасканальвання работы сістэмы адукацыі на ўсіх узроўнях і прапанаваў для абмеркавання асноўныя задачы перспектыўнай стратэгіі яе развіцця. Закранаючы пытанне кіраўніцкай дзейнасці, Ігар Карпенка выказаў шэраг крытычных заўваг па выніках праверак, праведзеных Саветам бяспекі Рэспублікі Беларусь і маніторынгавымі групамі Мінстэрства адукацыі ў дачыненні асобных момантаў кіраўніцкай дзейнасці, забеспячэння якаснай і даступнай адукацыі, здароўезберагальнага асяроддзя, арганізацыі вучэбнага працэсу, харчавання навучэнцаў і прафілактыкі траўматызму, дапрафесійнай падрыхтоўкі і прафесійнага навучання, кантролю за арганізацыяй адукацыйнага працэсу і працай педагогаў. Выяўленыя недахопы павінны быць неадкладна выпраўлены, органам кіравання адукацыі трэба ўзмацніць кантроль за работай усіх зацікаўленых суб’ектаў на ўсіх узроўнях.
Начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома дэталёва расказаў аб сістэме работы органаў кіравання адукацыяй, устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі вобласці па забеспячэнні якасці адукацыі. Аб выніках праверак, праведзеных Дэпартаментам кантролю якасці ведаў на Віцебшчыне ў кастрычніку, паведаміў начальнік Галоўнага ўпраўлення кадравай палітыкі і арганізацыйна-аналітычнай работы Міністэрства адукацыі Уладзімір Здановіч. На дадзены момант упраўленнем адукацыі аблвыканкама, аддзеламі адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў і установамі адукацыі прааналізаваны і часткова вырашаны вызначаныя праблемы, астатнія знаходзяцца на строгім кантролі. Па прапанове дакладчыка і пасля абмеркавання калегіяй прынята рашэнне прызнаць дзейнасць органаў кіравання адукацыяй, устаноў адукацыі вобласці па вывучаемых пытанні здавальняючай.

Таццяна Бондарава ”Настаўніцкая газета” для Прэс-центра Міністэрства адукацыі.

Добавить комментарий