Веды, ініцыятыва, творчасць

Нацыянальны дзіцячы форум “Беларусь — краіна магчымасцей” і фінал Рэспубліканскага культурна-адукацыйнага праекта “Скарынаўскія дні ў Полацку — 2021” аб’ядналі 16—17 верасня больш за 250 маладых лідараў з усіх рэгіёнаў краіны.

Сімвалічна, што дзве важныя для юнага пакалення Беларусі падзеі адбыліся напярэдадні і ў Дзень народнага адзінства, які беларусы ўпершыню адсвяткавалі 17 верасня. Старт мерапрыемствам быў дадзены ў сярэдняй школе № 18 імя Ефрасінні Полацкай. Пасля ўрачыстай цырымоніі адкрыцця форуму прадстаўнікоў дзіцячых і маладзёжных парламентаў, педагогаў з гарадоў, якія далучыліся або збіраюцца далучыцца да платформы “Горад, дружалюбны да дзяцей і падлеткаў”, членаў дзіцячай палаты Цэнтральнага Савета БРПА запрасілі на камунікатыўныя адукацыйныя пляцоўкі “Ствараем”, “Рэалізуем” і “Дзейнічаем”, дзе пачалася работа па групах. Адметны момант: у недалёкім мінулым ды­рэктар названай школы Канстанцін Шухлеў выкладаў у Полацкім каледжы ВДУ імя П.М.Машэрава і сярод яго навучэнцаў быў цяперашні мадэратар адной з пляцовак намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Дзмітрый Туронак.

Арганізатарамі Нацыянальнага дзіцячага форуму і “Скарынаўскіх дзён у Полацку — 2021” выступаюць Міністэрства адукацыі, Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, Полацкі раённы выканаўчы камітэт. Мерапрыемствы накіраваны на фарміраванне ў навучэнцаў павагі да гістарычна-культурнай і духоўнай спадчыны, актыўнай грамадзянскай пазіцыі, патрыятызму, развіццё дзіцячага і маладзёжнага парламентарызму, выяўленне таленавітай моладзі, падтрымку маладзёжных ініцыятыў.

Дзмітрый Туронак: “Наш форум праходзіць чатырнаццаты раз і ўпершыню — на цудоўнай полацкай зямлі. Полацк — сімвал слаўнай гісторыі нашай Ра­дзімы, калыска беларускай дзяржаўнасці, цэнтр духоўнасці і культуры. Упэўнены, што гэтыя два дні падораць усім яркія моманты, новыя веды і знаёмствы, карысны вопыт. І, канечне ж, часцінку прыгажосці, міру і асветы, якімі літаральна прасякнуты велічны горад над Дзвіной — старажытны, але разам з тым заўсёды юны і сучасны”.

Аляксандра Ганчарова, стар­шыня Цэнтральнага савета Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі: “Трэці год запар наша дзіцячая палата ўдзельнічае ў праграмных мерапрыемствах нацыянальнага форуму. Вельмі здорава, што месцам яго правядзення выбраны Полацк: мы разлічваем як мага паўней выкарыс­таць магчымасць знаёмства з горадам. У першы дзень работу на сваёй пляцоўцы пачнём з невялікага адкрытага дыялогу, а таксама настроімся на новы навучальны год, таму што перад намі пастаўлена многа задач. Затым накіруемся на іміджавую фотаздымку, якая будзе размешчана на нашым сайце brpo.by. Здымем відэаролік для бацькоўскай грамадскасці, каб яны з першых вуснаў даведаліся, чым займаецца піянерыя, чаму іх дзецям варта і трэба ўступаць у нашу арганізацыю. На вечар члены палаты атрымалі заданне прыду­маць 3 анлайн-мерапрыемствы, якія мяркуем затым прапанаваць нашай сяброўскай арганізацыі “Камалак” з Узбекістана. На ўзроўні кіраўнікоў мы ўжо праводзім разам 2 мерапрыемствы. У кастрычніку плануем інстаграм-стрым, дзе ўзбекскія сябры прадставяць 3 праекты для сумеснай рэалізацыі, а наша дзіцячая палата — 3 свае мерапрыемствы. Шляхам галасавання выберам па адным з іх і будзем рэалізоў­ваць на працягу года. Заўтра на раённым свяце “Салют, піянерыя!” урачыста прымем у піянеры 100 навучэнцаў сярэдняй школы № 18 імя Ефрасінні Полацкай. Спадзяюся, што па­дзея запомніцца ім надоўга не толькі павязваннем гальштукаў, але і перспектывамі работы, якія перад імі разгортваюцца. Калі браць шырэй, назва форуму яскрава адлюстроўвае сутнасць нашага праекта, яго кансалідуючую гісторыю, бо перад моладдзю ў Беларусі зараз адчынены ўсе дзверы. Безумоўна, мы прымаем удзел і ў агульнай праграме форуму, падводзім вынікі, узнагароджваем лепшых з лепшых”. 

Удзельнікаў “Скарынаўскай алімпіяды” адразу пасля адкрыцця форуму чакаў пераезд у гімназію № 1, якая носіць імя славутага першадрукара і асветніка. Як адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі Таццяна Цітова, праект “Скарынаўскія дні” накіраваны на абуджэнне ў дзяцей і моладзі зацікаўленасці гісторыяй Полацка, захаванне культурнай спадчыны і ўнікальных шматвекавых традыцый пісьмовага слова. Упершыню мерапрыемства прайшло на Полаччыне ў 2013 годзе і штогод становіцца толькі цікавейшым, пашырае межы, натхняе на новы творчы пошук. 

Начальнік упраўлення па адукацыі Полацкага раённага выканаўчага камітэта Ірына Драздова: “Сёлета “Скарынаўскія дні” набылі афіцыйны статус рэспуб­ліканскага культурна-адукацыйнага праекта, гэта прыемна і ганарова для нас. Першы этап (завочны) адбыўся з 1 жніўня па 6 верасня і аб’яднаў рэкордную колькасць канкурсантаў. Так, на адкрыты конкурс касплею “Бяздоннае багацце” адрасавана 81 работа, на адкрыты паэтычны конкурс — “Адзіныя духам” — 126. Да ўдзелу ў адкрытым дыстанцыйным творчым конкурсе “Паштоўка на памяць: мы нашчадкі твае, Скарына!” і творчым фотаконкурсе “Макрапогляд на прыроду” накіравана 134 і 165 работ адпаведна. 

Скарынаўская алімпіяда (другі этап праекта, 16—17 верасня) уключала 2 віды конкурсных выпрабаванняў: прадметны — комплексную работу па гісторыі Беларусі (эпоха Адраджэння), Полаччыны і кнігадрукавання, па біяграфіі Францыска Скарыны і творчы — конкурс выканаўцаў вершаванага ці празаічнага мастацкага твора пра полацкага першадрукара, яго радзіму і Беларусь, а таксама конкурс рытараў, дзе трэба было прадставіць журы рытарычны экспромт па тэме “Рэаліі жыцця: за ці супраць”.

Запамінальным заключным акордам першага дня форуму стаў традыцыйны вечар Дружбы на базе аддзела турызму і актыўнага адпачынку Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі з выдатнай канцэртна-забаўляльнай праграмай, гульнямі па тымбілдынгу, вясёлымі конкурсамі, смачнымі пачастункамі з палявой кухні ад мясцовай вайсковай часці, тэатралізаваным фаер-шоу і вогнішчам сяброўства.

У другі дзень падзеі развіваліся па нарастаючай. У гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны праходзіў першы шахматны турнір “Полацкая ладдзя”. На плошчы Свабоды раніцай пачалося маштабнае раённае свята “Салют, піянерыя!” з удзелам Аляксандры Ганчаровай, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святланы Адзінцовай, прадстаўнікоў Полацкага гарвыканкама, старшыні Віцебскага абласнога Савета БРПА Ірыны Яленскай, маладзёжнага пасла Мэт устойлівага развіцця студэнта Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Яраслава Аляксеева і Пятра Яронькі — сына Героя Савецкага Саюза Віктара Яронькі, імя якога ў ходзе ўрачыстасці было прысвоена піянерскай дружыне сярэдняй школы № 18 Полацка. Ускладаннем кветак да помніка Вызваліцелям прысутныя ўшанавалі памяць герояў, якія аддалі сваё жыццё за мір, свабоду і незалежнасць Айчыны. У гэты дзень была працягнута яшчэ адна адметная шматгадовая “скарынаўская” традыцыя. На цэнтральных плошчах, пляцоўках каля помнікаў князю Усяславу Чарадзею, Ефрасінні Полацкай, Сімяону Полацкаму, на пляцоўцы каля помніка “Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці” ла­дзіліся адкрытыя ўрокі: фактычна горад на гэты час ператварыўся ў ­адзін вялікі інтэрактыўны вучэбны клас пад адкрытым небам. На базе сярэдняй школы № 18 імя Ефрасінні Полацкай разгарнулася дыялогавая пляцоўка “Беларусь — краіна магчымасцей”, экспертамі на якой выступілі намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі — начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Таццяна Сіманоўская, прадстаўнік дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь Таня Радочай, дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і мола­дзі Надзея Васільчанка, ды­рэктар Полацкага каледжа ВДУ імя П.М.Машэрава член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Таццяна Полушкіна, а таксама Аляксандра Ганчарова і Яраслаў Аляксееў.

Лідары маладзёжных парламентаў абмяняліся вопытам і перспектыўнымі ідэямі, задалі пытанні экспертам і атрымалі кампетэнтныя вычарпальныя адказы. Таксама ў размове закраналіся аспекты рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь, грантавай падтрымкі праектаў маладзёжных парламентаў, абмяркоўваліся роля сістэмы дадатковай адукацыі ў фарміраванні асобы юнага лідара, развіццё дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў у краіне. Урачыстая цырымонія закрыцця форуму запомнілася як зорны час для фіналістаў Рэспубліканскага культурна-адукацыйнага праекта “Скарынаўскія дні ў Полацку”.

Уладальнікамі дыпломаў І ступені Скарынаўскай алімпіяды сталі навучэнец 11 класа Браслаўскай сярэдняй школы № 1 імя А.М.Жданава Станіслаў Плясун і ­навучэнка 10 класа Гомельскага дзяржаўнага абласнога ліцэя Ангеліна Андрэева (комплексная работа), навучэнец 10 класа гімназіі № 9 Віцебска імя А.П.Белабародава Данііл Талстоў і навучэнец 11 класа гімназіі № 1 Віцебска імя Ж.І.Алфёрава Ілья Няфёдаў (конкурс рытараў), навучэнец гімназіі № 1 Оршы Іван Максімцаў і навучэнец Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 2 Максім Мардвін (выкананне мастацкага твора).

Таццяна Сіманоўская: “Ад імя Міністэрства адукацыі віншую ўдзельнікаў і гасцей форуму з нацыянальным святам — Днём народнага адзінства. Напэўна, невыпадкова наш форум сабраў сёння ў гістарычным горадзе адзіную каманду маладых лідараў. Вы — будучыня Беларусі. Аснова любой дзяржавы, яе бяспека, моц, эканамічны росквіт, культурныя традыцыі, духоўнае развіццё ў першую чаргу залежаць ад таго маладога пакалення, якое расце і ўдасканальвае сябе і сваю краіну. Прысутныя ў гэтай зале гатовы стаць побач з намі — дарослымі, каб дапамагчы і разам увасобіць у жыццё карысныя для моладзі і грамадства ідэі. Для таго каб былі ўмовы для вашай стваральнай дзейнасці, зроблена і робіцца многае. Важна, што ў рэспубліцы з’явілася свая стратэгія развіцця мала­дзёжнай палітыкі да 2030 года. Галоўны яе напрамак — работа з вамі: фарміраванне, выхаванне, садзейнічанне самасцвярджэнню і развіццю маладзёжных лідараў. Хачу падзякаваць вам за тое, што вы такія актыўныя, ініцыятыўныя, і пажадаць і надалей так трымаць, не здавацца — тады любыя добрыя справы будуць па плячы. З боку спецыялістаў і кіраўнікоў вашых устаноў, дзяржавы вы заўсёды будзеце мець падтрымку пры рэалізацыі вашых ініцыятыў, праектаў, і гэта вельмі значна. Нас усіх аб’ядноўвае натхненне і жаданне дасягнуць поспеху на карысць роднай краіны. У адзінстве сіла!

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий