“Як хораша пад мірным небам жыць!”

Навучэнцы Паставаў удзельнічаюць у патрыятычным марафоне да Дня народнага адзінства

У рамках мерапрыемстваў на пляцоўках Пастаўскага раённага цэнтра праходзяць фотаконкурс “Паставы Life #Фарбы восені”, конкурс дзіцячага малюнка “Свет прыгажосці, дабра, адзінства”, конкурс эсэ і вершаў “Я жыву ў Беларусі” і тэматычная выстава малюнкаў; 17 верасня адбудзецца інфармацыйная гадзіна “Усе мы розныя, а Радзіма адна”. Як паведаміла педагог-арганізатар установы дадатковай адукацыі Таццяна Шабаціна, дзеці і падлеткі актыўна далучыліся да ініцыятывы. Кожная прадстаўленая журы работа арыгінальна, шчыра, па-дзіцячы непасрэдна і разам з тым глыбока, пранікнёна раскрывае выбраную тэму. Прадстаўнікі маладога пакалення праз мастацкія сродкі выказваюць любоў да бацькоўскага краю і сваёй краіны, захапленне культурна-гістарычнай спадчынай продкаў, якую нашчадкі павінны зберагчы і памножыць, разам садзейнічаць росквіту Беларусі. “Бацькаўшчына, Радзіма, любая старонка! Такімі шчырымі словамі мы называем Беларусь — дарагую нашу Радзіму, — разважае ў эсэ навучэнец цэнтра Макар Надзін. — Пачуўшы назву нашай краіны, многія адразу ўяўляюць магутнага зубра ці белага бусла, які лунае над бязмежнымі прасторамі, горда раскінуўшы свае моцныя крылы. Напэўна, таму і назваў Уладзімір Караткевіч сваю вядомую кнігу пра Беларусь “Зямля пад белымі крыламі”… Мне ж выпаў лёс жыць у мілым майму сэрцу куточку, што завецца Пастаўшчына. Гэта найпрыгажэйшая мясціна гісторыка-этнаграфічнага рэгіёна Беларусі — Паазер’я. Наш раён — тыповая глыбінка, дзе няма буйных прадпрыемстваў, якая не стала месцам перасячэння гандлёвых шляхоў альбо цэнтрам глабальных гістарычных падзей. Але подых гісторыі адчуваецца на кожнай гарадской вуліцы, у кожнай вёсцы… На долю маёй малой радзімы выпала шмат выпрабаванняў. І сёння будзяць нашу памяць бетонныя ўмацаванні Першай сусветнай вайны. А колькі гора перанесла мая любімая старонка ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Нямецкія захопнікі праводзілі масавыя расстрэлы мірных жыхароў. 19 студзеня 1943 года была спалена вёска Альцы разам з жыхарамі. У той дзень абарваліся жыцці 72 вяскоўцаў, у тым ліку 18 дзяцей. Амаль кожная сям’я за гады вайны страціла ці бацьку, ці сына, ці брата… Мы ніколі не забудзем сваіх абаронцаў, будзем даглядаць магілы воінаў, прыносіць да помнікаў кветкі тым, хто прыкрыў сабой Радзіму на полі бою. І, як казаў У.Караткевіч, мы павінны “не пагарджаць святым мінулым, а заслужыць яшчэ і вартым быць яго”. Той, хто забывае гісторыю, лічу я, не мае будучыні”. 

З дасланых на паэтычны конкурс твораў

Мая Радзіма

Зямля мая! Прыгожы, шчодры край!
Ты сонечнымі промнямі сагрэта.
І раскашуе над табой зялёны май,
Мая маленькая часціначка Сусвету.


Куточак родны! Тут зямля бацькоў,
Тут каласіцца залатая ніва.
К табе вяртаемся з усіх шляхоў,
Каб годна жыць у міры і шчасліва.


Ты атуляеш нас сваёй любоўю.
Тут нашы сцежкі, нашы мурагі.
І нават ветру шэпт такі чароўны,
А колас з нівы — важкі, дарагі.

О Беларусь! Ты наш утульны дом,
Дзе мы жывём і будуць жыць нашчадкі.
І мову родную, як скарб, мы беражом,
Наш скарб жывы, адметны, вельмі яркі.

Зямля мая! Квяцісты дзіўны край!
Няхай табою ганарацца дзеці.
Няхай пазнае свет, што родны край — 
Адзіны, мілы, лепшы ў Сусвеце!

Аляксей Голуб, 12 гадоў.

Зямля маяКвяцістыдзіўны край

Зямля мая! Квяцісты, дзіўны край,
Дзе бусел танканогі на страсе,
Рамонкавы бялюткі небакрай
І ніва пахі хлебныя нясе.

Зямля мая! Бацькоўскі родны дом,
Дзе сцежка, прыхаваная ў бары,
Дзе свецяць вокны ціхенькім святлом
І дзе жывуць усе мае сябры.

Зямля мая! Я рад, што тут узрос,
Сярод лясоў густых, сярод азёр.
Я ведаю, што гэты край — мой лёс —
З блакітных воблакаў раскінуты шацёр.

Жыві, красуй, чароўны, дзіўны край,
І маладымі вёснамі цвіці.
Хай будзе назаўжды вясёлы май,
Няхай шчаслівым буду я расці.
Захар Вялікі, 16 гадоў.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Пастаўскім раённым цэнтрам дзяцей і моладзі.

Добавить комментарий