Старт міжнароднай Вахце памяці далі ў Віцебскім раёне

Напачатку міжнароднай Вахты памяці, якая праходзіць у раёне, урачыстае мерапрыемства сабрала мноства неабыякавых людзей, у тым ліку прадстаўнікоў мясцовай улады, супрацоўнікаў сілавых структур, навучэнцаў прафесійна-тэхнічнага каледжа сельгасвытворчасці, з якімі праводзіцца індывідуальна-прафілактычная работа, мясцовых гісторыкаў і краязнаўцаў.

Старшыня праўлення Маскоўскай абласной грамадскай арганізацыі «Дабрачынны ваенна-гістарычны пошукавы клуб «Памяць і прымірэнне» Валерый Загрэкаў і намеснік старшыні Моладзевага Парламента пры Дзярждуме Расійскай Федэрацыі Алена Еракіна падзякавалі прадстаўнікам раёна за аказанне дзейснай дапамогі ў правядзенні пошукавай працы, а таксама ў пахаванні рэшткаў савецкіх воінаў. Яны ўручылі Падзячныя лісты Дзярждумы намесніку старшыні райвыканкама Жане Чаркуновай, начальніку аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Андрэю Іванову, галоўнаму спецыялісту аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірыне Тарасавай, старшыні Шапечынскага сельвыканкама Святаславу Драбцову. У сваю чаргу Жана Вячаславаўна падкрэсліла, што подзвіг нашых бацькоў і дзядоў як вышэйшая праява самаадданасці, служэння Радзіме застанецца ў памяці нашчадкаў. «Вялікую работу праводзяць установы адукацыі, грамадскія аб’яднанні, якія даглядаюць за дзясяткамі воінскіх пахаванняў. І дзякуючы планамернай пошукавай працы, з’яўляюцца новыя памятныя месцы, такія як у Навіках». Яна падкрэсліла, што нашы продкі на шляху да Вялікай Перамогі не дзялілі сябе па нацыянальнай прыкмеце. «Яны загінулі ў імя агульнай перамогі, каб мы сёння жылі пад мірным небам, дапамагалі адзін аднаму і заўсёды памяталі, што разам мы можам многае», — сказала Жана Чаркунова і шчыра падзякавала пошукавікам і ўсім тым, хто сёння вяртае імёны герояў.

Пошукавікі — гэта людзі, якія штогод прыязджаюць на месцы бітваў мінулага, каб адшукаць і падняць з зямлі рэшткі салдат, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Бяруць у рукі мацы і рыдлёўкі, узбройваюцца картамі і архіўнымі дакументамі і адпраўляюцца туды, дзе глыбока пад зямлёй ляжаць тысячы салдат. Безыменных, але не забытых.

У гэтыя дні на месцы крывавых баёў зімой 1944 года паблізу вёскі Навікі Шапечынскага сельсавета працуюць пошукавікі з Беларусі і Расіі. Злучэнні Савецкай Арміі былі сцягнуты сюды ў лістападзе 1943-га. Да Віцебска — не больш двух дзясяткаў кіламетраў, а на подступах — трайная лінія нямецкіх умацаванняў. Фронт тут стаяў 6 месяцаў, аж да пачатку аперацыі «Баграціён». Фарсіраваць Лучосу, перапыніць чыгуначныя зносіны немцаў на аршанскім накірунку і выбіць ворага з Віцебска. Паўгода баёў і велізарныя страты. Пошукавікі распавядаюць: па журналу баявых дзеянняў 33-й арміі за 15 дзён лютага і 10 дзён сакавіка страты склалі 40 тысяч чалавек.

Многія так і засталіся ляжаць на палях бітваў. Іх хавалі мясцовыя жыхары. Брацкімі магіламі станавіліся варонкі ад снарадаў. Пошукавікі даследуюць гэтыя месцы не ўпершыню. У мінулым годзе тут ужо вяліся работы, у выніку якіх былі паднятыя рэшткі 42-х чалавек, якія пахавалі ў брацкай магіле на мемарыяле «Плацдарм Навікі».

Сёлета ў экспедыцыі занятыя вайскоўцы 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Міністэрства абароны, удзельнікі Маскоўскай абласной грамадскай арганізацыі «Дабрачынны ваенна-гістарычны клуб «Памяць і прымірэнне» і пошукавы клуб «Разведчыкі вайсковай славы», які аб’ядноўвае энтузіястаў Віцебшчыны.

Перш, чым прыступіць да працы, гэтыя месцы старанна вывучаліся. Вахце папярэднічала сур’ёзная падрыхтоўчая работа ў архівах. Працягнецца яна і пасля — пошукавікі паспрабуюць устанавіць імёны загінуўшых.

Палі прачэсваюць глыбіннымі металадэтэктарамі. Калі прыбор рэагуе, пошукавікі зандуюць участак з дапамогай спецыяльнага маца. Пераканаўшыся, што пад нагамі пахаванне або бліндаж, прыступаюць да раскопак. І вось поспех: на глыбіні паўтара метра знаходзяць рэшткі адразу двух байцоў, іх каскі, зброю, нямецкі процівагаз, на якім можна прачытаць імя яфрэйтара. Разам з пошукавікамі працуюць сапёры. У зямлі знахо­дзяць сотні выбуховых прадметаў і патронаў. Небяспечнае жалеза знішчаюць.

Знойдзеныя рэшткі будуць ідэнтыфікаваныя і адданыя зямлі ў брацкай магіле, а асабістыя рэчы перададуць сваякам. Як распавёў Валерый Загрэкаў, перадача ўзнагарод і рэчаў тых, хто гераічна аддаў сваё жыццё за мірнае неба, праходзіць у рамках расійска-беларускай акцыі «Узнагарода — унукам».

Вольга Мацюшкіна

Фота аўтара

Добавить комментарий