Адзін з экспанатаў Заронаўскага музея Віцебскага раёна расказвае цэлую гісторыю

Комплексны народны музей «Гісторыя Заронаўскага краю» захоўвае ўнікальныя экспанаты, сярод іх — сямейныя рэліквіі.

Вясёлая песня заўсёды была верным памочнікам байца. З песняй ён адпачываў у хвіліны кароткага перапынку паміж баямі, успамінаў сваіх родных і блізкіх. Побач з яшчэ даваенным патэфонам у экспазіцыі музея размясціўся дзіўны сшытак. Гэты прадмет — салдацкі песеннік, гаспадаром яго быў Дыменштэйн Нахім Давыдавіч, связіст аэрадромнага абслугоўвання 4-й паветранай арміі. Салдат на вайне запісваў тэксты песень у сшытак. Тут легендарныя «Цёмная ноч», «Агеньчык» і салдацкія пераклады — «Аб вернасці», «Будучыя тры танкісты» — матыў знаёмай песні, а словы зусім іншыя. Сямейную рэліквію ў заронаўскі музей перадала кіраўнік Віцебскага рэгіянальнага цэнтра «Пошук» Ларыса Навумаўна Бруева. Гэты песеннік яе бацькі доўгія гады захоўваўся ў сям’і як напамін пра бясконцую мужнасць і вытрымку падчас жахлівых ваенных ліхалеццяў.

«Хто сказаў, што трэба кінуць песню на вайне? Пасля бою сэрца просіць музыкі ўдвайне!». Зараз пад мелодыю «Майскага вальса» юныя экскурсаводы распавядаюць гісторыю аднаго з 27 тысяч экспанатаў, паказваюць, што песня дапамагала нашым байцам перажываць гады вайны.

Песеннік, патэфон, лісты з фронту — сёння гэтыя і іншыя матэрыяльныя сведкі франтавога жыцця сталі музейнымі прадметамі. А гэта дае маладому пакаленню мажлівасць помніць пра абаронцаў Айчыны.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Добавить комментарий