Сярэдняя школа № 18 імя Ефрасінні Полацкай — адзіная ў Беларусі ўстанова адукацыі, якой прысвоена імя хрысціянскага святога.

У натхнёным спеўным суладдзі гэтага краю б’ецца сэрца Радзімы. Найстаражытнейшы горад на нашай зямлі, калыска дзяржаўнасці і культуры, першакрыніца духоўнасці і асветніцтва, унікальны горад-музей пад адкрытым небам і буйны сацыяльна-эканамічны цэнтр, які дынамічна развіваецца, прыгожы, чароўны, сучасны — спрадвеку і па сённяшні час існаванне Беларусі непарыўна пераплецена з Полацкам, жывіцца яго глыбокімі народнымі вытокамі. Незвычайны, сакральны куточак Айчыны падарыў свету выдатных асоб, каго разам з беларусамі шчыра шануюць жыхары замежных краін. Сказаць пра сузор’е знакамітых палачан будзе памяншэннем, бо гэта цэлы сусвет з мноствам адметных сузор’яў. Адной з пуцяводных зорак у ім ззяе імя Ефрасінні Полацкай. Княгіня роду Усяслава, першая праслаўленая ўсходнеславянская ігумення і асветніца, мецэнат і палітык, зямная настаўніца і нябесная апякунка ўсіх, хто выбраў шлях духоўнага самаўдасканальвання, маці-заступніца зямлі беларускай, першая праваслаўная святая — яе імя кожнаму суайчынніку знаёма са школьных гадоў. У Полацку яго носіць школа. 


Заўтра адзначаецца Дзень памяці прападобнай Ефрасінні Полацкай.

Сімвалічна: паміж фактамі з біяграфіі славутай зямлячкі і гісторыі ўстановы адукацыі столькі паралелей, што растуць сумненні ў простых супадзеннях, нават ключавыя даты сугучныя. Так, Ефрасіння Полацкая кананізавана Праваслаўнай царквой у 1547 годзе. Школа пачала работу з 2006 года, у 2007-м па ініцыятыве Полацкай епархіі і хадайніцтве гарвыканкама рашэннем Віцебскага аблвыканкама ўстанове адукацыі прысвоена імя святой. Роўна за 835 гадоў да гэтага ў Спаскі храм, які пабудаваў прызваны ёй дойлід Іаан, быў перанесены выраблены па заказе Ефрасінні майстрам Лазарам Богшам крыж-каўчэг. Страчаная ў Вялікую Айчынную вайну, адноўленая брэсцкім эмальерам Мікалаем Кузьмічом і асвечаная ў 1997 годзе Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі мітрапалітам Філарэтам нацыянальная святыня вярнулася на месца захоўвання. Між іншым старажытны храм, дзе яна знаходзіцца, захаваўся да нашых дзён. У 1847 годзе (гістарычнае кола ў 160 гадоў), калі ішло аднаўленне Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, асвечаную ў гонар яго заснавальніцы драўляную дамавую царкву перабудавалі ў каменную. Будынак моцна пацярпеў у час мінулай вайны і доўга стаяў паўразбураным. Капітальны рамонт, пасля чаго тут аднавіліся богаслужэнні, гарадскія ўлады правялі ў 1987 годзе. Зноў замыкаецца кола, цяпер ужо 20-гадовае.

Незвычайная школа ў новым мікрараёне, дзе пераважна пражываюць маладыя сем’і, — сапраўдны храм ведаў, мудрасці, творчасці, які для дзяцей і іх бацькоў стаў добрым астраўком справядлівасці, гонару, дабрыні і надзеі. Працягваючы будаўнічы экскурс: узведзены будынак па нетыпавым праекце — у Беларусі такі адзіны. Унікальная архітэктурная задума здзіўляе маштабамі і нязвыклай плаўна-выгнутай формай. Па пяці карпусах (пачатковыя класы размешчаны ў асобным, са спальнымі памяшканнямі) навучэнцы разыходзяцца праз прасторны і светлы хол трэцяга. Як гаво­рыць дырэктар Канстанцін Шухлеў, яшчэ некалькі карпусоў да-
­даць — атрымаецца сонейка.


У кастрычніку 2013 года старшыня райвыканкама Мікалай Шаўчук разам з уладыкам Полацкім і Глыбоцкім Феадосіем адкрылі ў школе Ефрасіннеўскую залу, на базе якой працуе культурна-асветніцкі цэнтр.

— Раніцай падыходзіш да школы і міжволі паскараеш крок, настрой паляпшаецца: настолькі яна прыгожая, любімая з першага позірку, — усміхаецца Канстанцін Віктаравіч. — Мы ўваходзім у топ-5 найбуйнейшых устаноў агульнай сярэдняй адукацыі вобласці. Што тычыцца матэрыяльна-тэхнічнай базы, то яна ў нас на вышыні і пастаянна прырастае дзякуючы падтрымцы райвыканкама, органаў кіравання адукацыяй, нашых сяброў і, канечне ж, калектыву. На сённяшні момант навучэнцаў больш за 1660, у прагнозах на новы навучальны год — і 1700 не мяжа. Сем’і розныя, і дзеці, здараецца, патрабуюць павышанай увагі. Спачатку новыя вучні прыглядаюцца да нас, дзесьці цяжкасці ўзнікаюць. Потым асвойваюцца, паглыбляюцца ў школьную атмасферу і паступова мяняюцца ў паводзінах, поглядах, светаўспрыманні. Бо мы не толькі выкладаем прадметы па праграме, развіваем здольнасці, але найперш дапамагаем раскрыцца ў лепшым сэнсе чалавечаму ў дзіцяці. На гэта нацэлена моц­ная дружная педагагічная каманда разам з надзейнай групай падтрымкі — старшакласнікамі. 


Галоўная місія школы — асветніцтва, маральна-духоўнае і грамадзянска-патрыятычнае выхаванне.

На трэцяй ступені навучанне профільнае: фізіка — матэматыка, хімія — біялогія, замежная мова — матэматыка. Па трохбаковым дагаворы, падпісаным школай, Полацкім дзяржуніверсітэтам і абласной мытняй, з мінулага верасня група з 12 дзесяцікласнікаў займалася па напрамку “Мытная справа”. Таксама дзейнічае група аграрнай накіраванасці. Педагагічнага класа няма, але жадаючыя наведваюць профільны міжшкольны факультатыў, прычым стабільна некалькі выпускнікоў выбіраюць педагагічныя спецыяльнасці. Зараз дзевяць чалавек пасля 9 класа збіраюцца ў педкаледж. Дарэчы, больш за 90 працэнтаў выпускнікоў паступаюць ва УВА. Між тым толькі сёлета родная школа чакае двух маладых спецыялістаў, настаўніц замежнай мовы. 

Навучэнцы з цікавасцю займаюцца робататэхнікай, ­маюць поспехі ў алімпіядным руху, даследчай дзейнасці. Суперфіналістка рэспубліканскага конкурсу “Я ведаю” Ева Гаўрыленка таксама вучыцца тут. Па выніках рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах на рахунку школьнікаў некалькі дыпломаў абласнога этапу, удзел у рэспубліканскім фінале, а дырэктар сціпла каменціруе: “Пастараліся дзеці з настаўнікамі, малайцы. Аднак сёлета крыху не хапіла да перамогі. Мы прааналізавалі і ўжо адкарэкціравалі, дзе неабходна, сістэму падрыхтоўкі”. Школа вядомая цудоўнымі вакальнымі калектывамі і ўзорным харэаграфічным — пераможцамі шматлікіх рэспубліканскіх, міжнародных конкурсаў. Цэнтрам асветніцтва выступае бібліятэка. Яе загадчык Ала Сахарава ў сваёй справе — у ліку лепшых прафесіяналаў краіны. У пашане і спорт. На базе ўстановы адукацыі працуюць секцыі па грэка-рымскай барацьбе і дзюдо, тэнісе, футболе. Настаўнік фізкультуры Уладзімір Анапрыенка з’яднаў вакол сябе аматараў валейбола. Самая вялікая ў рэгіёне спартыўная зала з сучасным абсталяваннем (як і гімнастычная з трэнажорнай) не пустуе да 19—20 гадзін. Зімой не менш папулярны каток. На раённай круглагадовай спартакіядзе сярод навучэнцаў школа заўсёды ў тройцы лідараў. Малодшыя традыцыйна паспяхова выступаюць на спаборніцтвах “300 талентаў для Каралевы”, у старшых класах кандыдаты ў майстры спорту — не адзінкавы выпадак. Установа прадастаўляе свае пляцоўкі для правядзення абласных, рэспубліканскіх і міжнародных мерапрыемстваў, конкурсаў, канферэнцый, спаборніцтваў, алімпіяд.

Установа адукацыі цесна ўзаемадзейнічае з Полацкай епархіяй. Неаднойчы з педагогамі праводзіла сустрэчы ігумення Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра матушка Еўдакія. Айцец Аляксей, благаславёны ўладыкам Ігнаціем на сумесную работу, актыўны як на класных гадзінах, педсаветах і бацькоўскіх сходах, так і ў што­дзённых нефармальных зносінах. Адметна, што двойчы на тыдзень з камандай школьнікаў ён гуляе ў валейбол. Магутнай крыніцай выхавання ў школе бачаць асвету і праваслаўнае краязнаўства. 

— Гэта адзін з эфектыўных сродкаў патрыятычнага і маральнага выхавання, бо злучэнне вучэбных, пазнавальных і выхаваўчых задач адбываецца натуральна, арганічна, — упэўнена намеснік дырэктара кіраўнік культурна-­асветніцкага цэнтра Ірына Нядокунева. — У цэлым я лічу, што грамадства толькі тады здольна ставіць і выра­шаць маштабныя нацыянальныя задачы, калі ў яго ёсць агульная сістэма маральных арыенціраў, калі захоўваецца павага да роднай мовы, самабытнай культуры і яе каштоўнасцей, да памяці сваіх продкаў і кожнай старонкі айчыннай гісторыі.


У 2017 годзе на базе школы адбылося пасяджэнне Каардынацыйнага савета па распрацоўцы і рэалізацыі сумесных праграм супрацоўніцтва паміж органамі дзяржаўнага кіравання і Беларускай Праваслаўнай Царквой.

Для маладога пакалення педагогі задаюць надзейныя арыенціры, і асабісты прыклад тут мае вырашальнае значэнне. Са знакавымі постацямі, падзеямі мінулага навучэнцы пад кіраўніцтвам настаўнікаў знаёмяцца падчас даследаванняў, а многіх знакамітых сучаснікаў ім па­шчасціла вітаць у роднай школе. У прыватнасці, калі адлічваць ад нараджэння ўстановы, — усіх міністраў адукацыі, кіраўнікоў вобласці і вышэйшых кіраўнікоў Беларускай Праваслаўнай Царквы. Адкрыццё культурна-асветніцкага цэнтра стала магчымым дзякуючы вялікай сумеснай рабоце бацькоў, настаўнікаў і навучэнцаў пры падтрымцы педагагічнай грамадскасці. Тут сабраны вучэбна-пазнавальныя, мастацкія фільмы, прэзентацыі, віртуальныя экскурсіі, сцэнарныя і метадычныя матэрыялы да ўрокаў па духоўна-маральным выхаванні, распрацоўкі ўрокаў, мерапрыемстваў, праграмы — плён працы педагогаў усёй Полаччыны. Створаны экспазіцыі, прысвечаныя праваслаўнай гісторыі Полацкага краю, прападобнай Ефрасінні. На ступені пачатковай школы вывучаецца распрацаваны ва ўстанове адукацыі факультатыўны курс “Уво­дзіны ў Полацказнаўства”, у 5—8 класах — “Полацказнаўства”. У рамках Дня памяці прападобнай Ефрасінні Полацкай у школе традыцыйна праходзяць адкрытыя рэгіянальныя дзіцяча-дарослыя Ефрасіннеўскія чытанні, па матэрыялах канферэнцый выдаюцца зборнікі. У далейшых планах калектыву — адкрыццё музея. 

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара і прадастаўлена ўстановай адукацыі.

Добавить комментарий