Прадаўжальнікі справы асветнікаў

Навучэнцаў класаў педагагічнай накіраванасці сабраў у Полацку І абласны форум “Педагог: прафесія, прызванне, мастацтва”.

“Адукацыя аказвае вялікі ўплыў на ўсе сферы жыцця, гэта адзін з самых эфектыўных інструментаў выхавання патрыятызму і гордасці за сваю краіну. Павага да педагогаў у грамадстве была заўсёды, — адзначыў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Ця­рэнцьеў. — Не магу не дадаць: калісьці я і сам быў настаўнікам. Віцебшчына па праве займае лідзіруючую пазіцыю ў краіне па прафесійным узроўні нашых педагогаў. Нашы вядомыя настаўнікі Міхаіл Волкаў, Сяргей Крывенка, Святлана Матросава, Вераніка Лакціна падрыхтавалі зорную плеяду пераможцаў рэспубліканскіх, міжнародных алімпіяд, выдатных вучняў, якія сёння сваімі талентамі прыносяць карысць краіне, працуючы на яе дабрабыт. Няўжо можна сказаць, што гэта не важна? Адназначна важна, як і тое, што гэтыя людзі з’яўляюцца ўладальнікамі ордэнаў і медалёў Рэспублікі Беларусь, лаўрэатамі ­прэстыжных прэмій, іх партрэты размешчаны на білбордах. Яны сапраўдныя героі нашага часу. Настаўнікі дапамагаюць маладому пакаленню выбраць прафесію, раскрываюць іх патэнцыял. Полацк выбраны месцам правядзення форуму невыпадкова. Гэты горад падарыў свету выдатных асветнікаў — Ефрасінню Полацкую, Францыска Скарыну, Сімяона Полацкага — і сёння жыве насычаным духоўным жыццём”.

Асноўнымі пляцоўкамі сустрэчы сталі Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, сярэднія школы № 16, № 18 імя Ефрасінні Полацкай і гімназія № 1 імя Францыска Скарыны, а таксама Полацкі дзяржаўны хіміка-тэхналагічны каледж. З будучымі педагогамі і іх настаўнікамі сустрэліся кіраўнікі вобласці і раёна, сістэмы адукацыі рэгіёна, абласнога інстытута развіцця адукацыі, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі педагагічных дынастый, найлепшыя педагогі і вядучыя метадысты. Двухдзённая праграма была насычана разнапланавымі мерапрыемствамі, у ліку якіх адкрытыя дыялогі, майстар-класы, адукацыйныя інтэнсівы, трэнінгі, экскурсіі, канцэрты, вечар сяброўства, педагагічнае кафэ “КЛАСныя сустрэчы”, квіз-батл “ПеДАгогам быць!”. У прыватнасці, псіхалагічны майстар-клас “Дайвінг для педагогаў” і адукацыйны інтэнсіў “Кінезіялогія: гімнастыка для розуму” падрыхтавалі метадысты вучэбна-метадычнага цэнтра Полацкага раёна Вера Шайтар, Эльміра Машадзіева і полацкія настаўнікі Святлана Рыбачонак і Алеся Пупкоўская. Экскурсійныя маршруты па ўстановах адукацыі пашырылі ўяўленні моладзі аб сучасным адукацыйным асяроддзі ясляў-сада, сярэдняй школы, гімназіі, каледжа, універсітэта.

Пераможца Рэспубліканскага конкурсу педагагічнага майстэрства “Настаўнік года — 2017” настаўнік-метадыст Баравухскай сярэдняй школы No 15 Наваполацка Святлана Румянцава:
“У нас падрастае цудоўная змена. Неўзабаве большасць гэтых хлопцаў і дзяўчат увойдзе разам з намі ў школьныя кабінеты, каб потым прадоўжыць нашу справу. Мне радасна, што закладзенае полацкімі асветнікамі будзе працягвацца, духоўная пераемнасць нашай прафесіі не перарываецца. Мы, сённяшнія настаўнікі, імкнёмся спалучаць у сабе розум даследчыка, перакананасць палітыка, гнут касць дыпламата і, канечне ж, талент акцёра. Каб быць годнымі свайго высокага прызвання, шмат працуем над сабой, самаўдасканальваемся. Бо ведаем: ад нашай працы залежаць жыцці людзей і будучыня нашай дзяржавы. Маладое пакаленне — творцы гэтай будучыні, якія павінны заўсёды крочыць не ў нагу з часам, а на крок наперадзе. Таму што розум выхоўваецца толькі розумам, маральная высакароднасць — асабістай высакароднасцю, патрыя тызм — любоўю да Радзімы. Мне здаецца, у настаўніка больш трывожна і напружана, чым у прадстаўнікоў іншых прафесій, б’ецца сэрца. Але настаўніцтва — найлепшае прызванне ў свеце. Як кажуць у народзе, настаўнік — прафесія ад Бога, а ўсе іншыя прафесіі — ад настаўніка”.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота Наталлі СЛЯПЦОВАЙ

Добавить комментарий