Ля вытокаў дзіцячых талентаў

Дадатковая адукацыя — асаблівая сфера, што нібы магнітам прыцягвае да сябе цікавых людзей, яркія лёсы, незвычайныя таленты. Дырэктар Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Дзмітрый Андрэеў якраз з такіх. Амаль тры з паловай гады назад ён узначаліў калектыў, і гэта стала стартавай кропкай маштабнай якаснай трансфармацыі ўстановы па ўсіх напрамках — ад знешняга і ўнутранага аблічча будынкаў да колькасці навучэнцаў у аб’яднаннях па інтарэсах. Між тым яшчэ за паўгода да пераходу на новую пасаду Дзмітрый Анатольевіч не тое што аб кіраванні палацам — нават аб сваёй будучай педагагічнай дзейнасці не здагадваўся.

— Нарадзіўся і вырас у Віцебску, — расказвае пра сябе мой суразмоўнік. — Маці ў мяне педагог, бацька — інжынер. Звычайна ў выпускніка школы ёсць пэўнае ўяўленне, кім ён хоча ста ць у будучыні, а мяне з аднолькавай сілай прыцягвалі адразу чатыры прафесіі. Бачыў сябе аграномам з таго часу, як мне, гарад­скому падлетку, пашчасціла паездзіць са сваяком па палявых станах. Не раз задумваўся аб прафесіі настаўніка: ведаў у падрабязнасцях усе яе плюсы і мінусы, бо маці шчыравала ў школе, гэта быў прывабны для мяне шлях. З цікавасцю прыглядаўся да работы ў праваахоўных органах, у думках прымерваў на сябе міліцэйскую форму і абавязкі — здавалася, таксама ідэальна падыходзіць. Нарэшце, вельмі хацелася паспрабаваць сябе ў ваеннай справе. Апошняе пераважыла — падаў дакументы ў ваеннае вучылішча, толькі не атрымалася паступіць, і стаў вучыцца на інжынера радыётэхнічнага профілю ў Ленінгра­дзе. Атрымаў вышэйшую адукацыю, вярнуўся ў Віцебск, паўтара года працаваў на тэлезаво­дзе. Потым усё ж перайшоў у сілавыя структуры. На пенсію выйшаў у званні палкоўніка з правам нашэння ваеннай формы адзення. У 50 гадоў не надта адчуваеш сябе пенсіянерам — шукаў работу, дзе мне будзе цікава і я змагу прынесці найбольшую карысць. Лёс змяніла сустрэча з начальнікам галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрыем Хомам, які нечакана прапанаваў пасаду кіраўніка ўстановы дадатковай адукацыі. Месяцы два ўсё абдумваў, пакуль прыняў гэтую прапанову: псіхалагічна складана было змяніць знаёмую сферу дзейнасці на тую, дзе ў многім абсалютна іншыя адносіны, задачы і падыходы да іх вырашэння.

Віцебскі абласны палац дзяцей і мола­дзі не быў для новага дырэктара terraincognita: у дзяцінстве ён прымаў тут удзел у творчых конкурсах і турыстычных зорных паходах, а ў запасе кампетэнцый меў шэраг неабходных профільных, у тым ліку набытых за гады вучобы ў музычнай школе і заняткаў спортам. Захапленне музыкай, яе адчуванне і разуменне засталося на ўсё жыццё. Дарэчы, дагэтуль Дзмітрый Анатольевіч сябруе з ранішнімі прабежкамі, гантэлямі, пляжным валейболам.

— Пасля знаёмства з палацам, калектывам першыя ўражанні засталіся супярэчлівыя, — прызнаецца Дзмітрый Андрэеў. — Дапамаг­ла ваенная загартоўка: калі ўзяўся за справу, трэба прымаць сітуацыю як ёсць, сканцэнтраваць рэсурсы, каб спланаваць, як і што можна змяніць да лепшага. Першачарговай задачай у мяне быў капітальны рамонт з мадэр­нізацыяй будынка на Шчарбаковай-Набярэжнай. Знаходзіўся ён у даволі сумным стане. Патрабавалася тэрмінова падрыхтаваць неабходную дакументацыю, вырашыць пэўныя арганізацыйныя моманты, пагута­рыць з кожным педагогам, бацькамі, даведацца пра іх пажаданні, прадумаць, як арганізоўваць работу палаца ў вучэбны час, дапамагчы педагогам і дзецям адаптавацца да новых умоў, бо на перыяд рамонту мы іх перасялялі. Ве­даеце, калі пачаўся рамонт, я ўздыхнуў з палёгкай: гэты этап аказаўся прасцейшым, чым часовы пе­раезд і размяшчэнне нашага немалога “насельніцтва”. Ад старога будынка засталіся толькі сцены, вокны, таму што іх адносна нядаўна паставілі, і дах — усё астатняе было разабрана і адноўлена. Непасрэдна рамонт мы завяршылі за восем месяцаў, на дзявятым атрымалі заключэнне аб уводзе аб’екта ў эксплуатацыю. У чэрвені 2018 года ўжо заяз­джалі ў новы будынак, у жніўні ўрачыста адкрылі яго ў прысутнасці старшыні аблвыканкама Мікалая Шарснёва, старшыні абласнога Савета дэпутатаў Ула­дзіміра Цярэнцьева і старшынь рай(гар)выканкамаў усёй вобласці. На этапе праектавання мы ўлічвалі прапановы нашых педагогаў — ад канфігурацыі памяшканняў да іх колеравых рашэнняў, інтэр’ераў, мэблі, абсталявання кабінетаў. Арганізавалі сучасную і прывабную, камфортную і бяспечную развіццёвую прастору для дзяцей і мола­дзі. Для творчых людзей такі падыход важнейшы ўд вая. Вынікі не прымусілі доўга чакаць. Значна прыбавілася дасягненняў у выглядзе перамог на конкурсах і спаборніцтвах рознага ўзроўню, новых творчых праектаў, прырастае колькасць гурткоў і іх удзельнікаў: у палацы цяпер каля 5 тысяч навучэнцаў.

Як і было ўзгоднена з галоўным упраўленнем па адукацыі, наступным крокам аналагічны рамонт пачаўся ў другім будынку, на Фрунзэ. Сёння ён у стадыі завяршэння. Калі профіль аб’яднанняў па інтарэсах на Шчарбаковай-Набярэжнай пераважна мастацкі, то тут развіваюцца эколага-біялагічны, тэхнічны, турыстычны, краязнаўчы напрамкі, гурткі грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці. Змяненні ўсюды не толькі знешнія. На вачах прагрэсіруюць тэхнікі, у планах калектыву на найбліжэйшы год — адкрыццё тэхнапарка. Штогод радуюць вынікамі турысты і краязнаўцы. Сёлета ўдалося арганізаваць эфектыўную работу аддзела маладзёжнага лідарства і прасоўвання ініцыятыў з праекцыяй на ўсю вобласць — тое ж, дарэчы, тычыцца ўсіх аддзелаў, палац выступае метадычнай пляцоўкай для ўстаноў дадатковай адукацыі вобласці і аказвае ім усебаковую дапамогу. Характэрна, што ў сайта палаца штодня ад 2,5 тысячы наведвальнікаў, прычым падчас абласных мерапрыемстваў названая лічба ў разы ўзрастае. Задзейнічаны пляцоўкі ў сацыяльных сетках, ва ўстанове адукацыі склалася адметная канфедэрацыя інтэрнэт-прастор, нацэленая на тое, каб максімальна данесці сваё бачанне і прапановы да максімальнай колькасці дзяцей. Акрамя таго, пашыраецца міжнароднае су­працоўніцтва, актыўна практыкуюцца анлайн-конкурсы, дыстанцыйныя квізы, квесты, афлайн- і анлайн-заняткі.

— Дыстанцыйныя формы навучання, якія пачалі асвойваць у мінулым годзе, сёлета надзвычай спатрэбіліся. Вопыт быў, фактычна мы яго толькі развілі і маштабавалі, — працягвае Дзмітрый Анатольевіч. — Больш маштабнай стала работа ўсіх аб’яднанняў. Так, нашы біёлагі і эколагі таксама ў ліку лепшых у краіне. Іх дзейнасць грунтуецца на даследаваннях, аднак у палацы раней не было ніводнай профільнай лабараторыі. Зараз іх тры: “Крокі ў навуку” — для самых малодшых, біялагічная і прызначаная для доследаў па селекцыіі, ёсць ўласная метэастанцыя. Стварылі структуру, калі навучэнцы спачатку праводзяць даследаванні ў лабараторыях, а потым рэалізуюць свае напрацоўкі на палявой практыцы — на ўчастку палаца або ў нашым лагеры “Дружныя рабяты” пад Віцебскам, дзе, дарэчы, таксама нядаўна праведзены неабходны рамонт і набыта абсталяванне — цяпер гэта наш круглагадовы мнагапрофільны палігон для рэалізацыі праектаў у рамках гуртковай работы. Пры гэтым усе аб’яднанні нацэлены на атрыманне першасных жыццёвых навыкаў і раннюю прафарыентацыю, вызначэнне здольнасцей і схільнасцей, свядомы выбар будучай сферы дзейнасці. Кожны з нашых педагогаў, кіраўнікоў аддзелаў — прафесіянал з велізарным вопытам, адказны, ініцыя­тыўны, крэатыўны. Такія кадры трэба цаніць, любіць, зрэдку крыху карэкціраваць іх работу, усебакова падтрымліваць. З вялікім задавальненнем працую з гэтым цудоўным калектывам. І моладзь да нас ідзе: на працягу апошніх трох гадоў ад 10 да 13 маладых педагогаў штогод прымаем у калектыў, у асноўным з ВДУ імя П.М.Машэрава, большасць з іх потым застаецца. Дадатковая адукацыя, на мой погляд, вельмі важны сегмент адукацыйнай прасторы. На жаль — я магістарскую дысертацыю пішу пра гэта — у краіне адсутнічае сістэма падрыхтоўкі педагогаў дадатковай адукацыі. Між тым спецыфіка ў палацы адрозная ад школ, дзе вучоба па азначэнні абавязковая: не спадабаецца навучэнцу гурток, нецікава, некамфортна яму з педагогам — ён перастане наведваць заняткі. У нас за маладымі спецыялістамі адразу замацоўваюцца вопытныя кіраўнікі і дапама­гаюць адаптавацца. Летам мы свайго новага калегу звычайна адпраўляем у лагер “Дружныя рабяты”; у верасні ён прыходзіць на работу з неабходнымі ведамі і навыкамі, а часта і з гатовым спісам удзельнікаў гуртка з ліку дзяцей і падлеткаў, з кім знайшоў кантакт у хо­дзе лагернай змены. Нярэдка за год работы сярод яго навучэнцаў з’яўляюцца пераможцы і прызёры рэспубліканскага ўзроўню — пагадзіцеся, нядрэнны вынік для маладога спецыяліста. Вось так і прырастаем — паступова, сістэмна, па ўсіх напрамках і на ўсіх узроўнях. Упэўнены, што для калектыву гэта толькі пачатак вялікіх спраў.

Таццяна БОНДАРАВА.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *