Быць лідарам — ганарова і адказна

Гонар школы — яе выпускнікі. У ліку выдатных выпускнікоў сярэдняй школы № 14 Полацка — дырэктар Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Ірына Страленка.

“Ад захаплення — да творчасці і майстэрства” — дэвіз, па якім штодня звярае справы ўстанова дадатковай адукацыі на чале з Ірынай Мікалаеўнай. На пасадзе дырэктара яна з чэрвеня 2017 года. Па словах начальніка ўпраўлення па адукацыі Полацкага райвыканкама Ірыны Драздовай, за гэты час дырэктар зарэкамендавала сябе прафесіяналам, аб чым красамоўна сведчаць станоўчая дынаміка паказчыкаў дзейнасці цэнтра і бесперапынны прафесійны рост педагагічнага складу. Ірына Страленка з тых кіраўнікоў, каго вылучаюць адказнасць і крэатыўнасць мыслення, хто нацэлены на выніковую камандную работу, своечасова рэагуе на ўсё новае, перадавое, арыентуе калектыў на павышэнне эфектыўнасці дзейнасці кожнага педагога. І гэта дае відавочны плён: педагагічны калектыў упэўнена выходзіць на лідарскія пазіцыі ў сістэме рэгіянальнай дадатковай адукацыі.

Па-добраму ўражвае выніко­васць удзелу навучэнцаў і педагогаў у конкурсах, спаборніцтвах рознага ўзроўню. У 2019 годзе прадстаўніца цэнтра Алена Багдановіч стала пераможцай абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства “Метадыст установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”. Сведчаннем прафесіяналізму служыць удзел установы ў XVIII Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі, прысвечанай Году малой радзімы, па выніках якой 4 педагогі ўзнагароджаны дыпломамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь I ступені. На працягу года Полацкі раён неаднойчы станавіўся пляцоўкай для правядзення абласных семінараў кіраўнікоў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, у мінулым красавіку — Рэспуб­ліканскага савета дырэктараў па пытаннях дадатковай адукацыі. Педагагічны калектыў удзельнічае ў рэспуб­ліканскім інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі рэспуб­ліканскага метадычнага кластара як рэсурсу развіцця дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі” па дзвюх інавацыйных галінах.

— Адзін у полі не воін, — расказвае пра сваю работу Ірына Мікалаеў­на. — Стратэгічны рэсурс поспеху ўстановы — дружная каманда. У цэнтры такая каманда, я лічу, сфарміравалася. Разам мы імкнёмся стварыць для больш чым 2,5 тысячы нашых навучэнцаў камфортнае і бяспечнае развіццёвае асяроддзе. Дзеці і падлеткі маюць права выбіраць праграмы, зручны рэжым наведвання, удзельнічаюць у распрацоўцы зместу адукацыйных паслуг. Роля бацькоў ключавая ў адукацыйным шляху дзіцяці, таму таты і мамы могуць цвёрда разлічваць на нашу прафесійную падтрымку ў пытаннях бацькоўскіх кампетэнцый. Мы не застаёмся ўбаку ад актуальных праблем грамад­ства, цэнтр адкрыты для любых адукацыйных і сацыяльных гуманістычных ідэй, праектаў, ініцыятыў. У нас працуюць цудоўныя майстры сваёй справы — ініцыятыўныя, дасведчаныя, творчыя, здольныя весці за сабой дзяцей. Той, хто выбраў настаўніцкі шлях, заўсёды павінен падаваць добры прыклад, бо ў навучэнцаў фарміруецца светапогляд і яны літаральна ўпітваюць словы, падыходы, мадэлі паводзін педагога, якому давяраюць. А значыць, наш прафесійны і чалавечы абавязак — быць дастойным узорам для пераймання.

У дзяцінстве для нашай гераіні такім узорам сталі педагогі сярэдняй школы № 14 Полацка. Бясспрэчным аўтарытэтам была Дзіна Паўлоўская — дзяўчынцы вельмі хацелася быць падобнай да любімай настаўніцы пачатковых класаў. Незабыўны след у жыцці вучаніцы пакінула педагог музыкі Ірына Мельнічук, менавіта яе прыклад вызначыў шлях дзяўчыны ў прафесію і сфарміраваў прынцып: калі ўдзельнічаць у спаборніцтве, конкурсе, трэба нацэльвацца на перамогу, любое даручэнне, за якое ўзяўся, неабходна выконваць у азначаны тэрмін і якасна, а калі ідзеш наперадзе — памятай, што на табе адказнасць за выбар напрамку і тых, хто крочыць услед. На выбар першай спецыяль­насці паўплывала захапленне музыкай. Пасля паспяховай вучобы маладая выпускніца Полацкага каледжа Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава прыйшла працаваць выхавальніцай у яслі-сад № 14 Полацка, а неўзабаве прыняла запрашэнне на работу педагогам-арганізатарам, настаўнікам музыкі ў сярэднюю школу № 10 Полацка. Праз пэўны час вырашыла працягнуць адукацыю і паступіла завочна ў ВДУ на спецыяльнасць “Сацыяльная педагогіка. Практычная псіхалогія”.

— Яшчэ большая прастора для творчасці і росту ў прафесійным плане мне адкрылася ў Полацкім дзяржаўным аб’яднанні пазашкольнай работы з дзецьмі і падлеткамі, — адзначае мая суразмоўніца. — Мяне прынялі на пасаду педагога-арганізатара аддзела па рабоце з дзецьмі і падлеткамі па месцы жыхарства, дарасла да загадчыка аддзела. Пашчасціла ўвайсці ў каманду выдатнага педагога і кіраўніка Таісіі Багушэвіч, бязмерна ўдзячная ёй і ўвогуле ўсім калегам і кіраўнікам, з кім давялося працаваць, за вопыт і падтрымку. Найбольш мне падабалася арганізоўваць сумесныя мерапрыемствы з нашымі сацыяльнымі партнёрамі: БРСМ, інспекцыяй па справах непаўналетніх, структурамі, звязанымі з ідэалагічнай работай, установамі культуры. Прыемна сказаць, што адзін з запушчаных тады праектаў — “Рука ў руцэ”, мэтавай аўдыторыяй якога былі непаўналетнія, хто знаходзіўся на розных формах уліку, — працягваецца і запатрабаваны і зараз. Відаць, мае ініцыятывы прыкмецілі, ацанілі — і запрасілі ў гарадскую арганізацыю Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі галоўным спецыялістам. Вопыт набыла каласальны, аднак імкненне да педагагічнай дзейнасці ўсё ж не адпускала. Як вынік — вярнулася ў школу, сацыяльным педагогам у Полацкую дзяржаўную гімназію № 1 імя Францыска Скарыны. Спадабалася працаваць пад кіраўніцтвам Галіны Козел, у многім пераняла яе стыль работы. Здавалася тады, што знайшла нарэшце сваё месца ў прафесіі. Але атрымала ўніверсітэцкі дыплом і практычна адначасова запрашэнне на пасаду намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце ў родную школу. Як было не пагадзіцца? Жартам ці не, у мяне асаблівыя адносіны з лічбай 14. Школа, якая дала пуцёўку ў жыццё, першае месца работы і — у такое супадзенне складана паверыць — нават дні нара­джэння дзвюх маіх дачок выпадаюць на ­гэтую лічбу! Завучам я была, напэўна, не з горшых, таму што ў 2014 годзе мяне паклікалі ў аддзел па адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама. Узважыла ўсе магчымасці, тое, што магу зрабіць, — і пагадзілася. Працавала метадыстам вучэбна-метадычнага кабінета, галоўным спецыялістам сектара агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі. Мая цяперашняя работа, па сутнасці, як набыццё новых ведаў і навыкаў, так і рэалізацыя папярэдняга прафесійнага вопыту.

Вялікую ўвагу Ірына Мікалаеўна ўдзяляе ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце, накіраванай на захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, развіццё народных традыцый, выхаванне грамадзянскасці і патрыятызму. На працягу шасці гадоў яна з’яўляецца каардынатарам праекта “Скарынаўскія дні ў Полацку”, які набыў статус рэспубліканскага і рэалізуецца сумесна з Полацкім райвыканкамам і Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, а таксама куратарам дзейнасці маладзёжнага парламента. Запамінальным брэндам дадатковай адукацыі Полаччыны стаў шэраг праектаў, да рэалізацыі якіх Ірына Страленка мае непасрэднае дачыненне, у іх ліку — знакамітая “Стужка часу”, фестываль “Мабіфільм”, “Загарадная рэзідэнцыя Дзеда Мароза”, “Пад ветразямі мары”. З 2018 года ў цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі функцыянуе аддзел маладзёжнага лідарства і прасоўвання ініцыятыў; раённая піянерская арганізацыя ў мінулым годзе ўзначаліла рэйтынг Віцебскай вобласці. Значна ўмацавалася матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы, пашырылася міжнароднае супрацоўніцтва ў сферы дадатковай адукацыі з расійскімі партнёрамі, дзіцяча-юнацкім цэнтрам “Яўніба” (Даўгаўпілс), цэнтрам творчых паслуг “Zeimuls” (Рэзекнэ), дзіцяча-юнацкім цэнтрам горада Лудза.

— Патэнцыял у калектыву вялікі, стратэгія выпрацавана, перспектывы відавочныя, — упэўнена дырэктар. — Мы ўдзячныя за падтрымку раённай уладзе і асабіста намесніку старшыні райвыканкама Пятру Мяфодзьевічу Пяткевічу. Кожны наш педагог прапануе цікавыя ідэі, шукае свае фішкі ў падачы матэрыялу: стараемся працаваць у сучасным, запатрабаваным ключы. Пэўныя дасягненні ёсць, і гэта матывуе на далейшае развіццё. Мы толькі на пачатку шляху, напера­дзе яшчэ многа работы, прарыўных ідэй і значных праектаў.

Таццяна БОНДАРАВА

Добавить комментарий