Карагод зямлі Беларускай

Пераможцы і прызёры Абласнога конкурсу дзіцячай творчасці выступілі на ХХХ Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.

У незвычайным творчым спаборніцтве, якое стартавала ў гарадах і раёнах Віцебшчыны ў пачатку вясны і завяршылася яркім святам-канцэртам у фестывальнай сталіцы, прынялі ўдзел харэаграфічныя, вакальна-харэаграфічныя і фальклорныя калектывы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. На абласны этап неабходна было прадставіць рэканструкцыю або сцэнічную пастаноўку традыцыйнага рэгіянальнага (беларускага) карагода. Запрашэнне выступіць у фінальным свяце-канцэрце атрымалі фіналісты дыстанцыйнага тура, што праходзіў 14—30 чэрвеня. Як праінфармавала начальнік аддзела выхаваўчай работы галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Вольга Дарожка, конкурс арганізаваны з мэтай грама­дзянска-патрыятычнага выхавання, фарміравання сіс­тэмы маральна-каштоўнасных арыентацый падрастаючага пакалення, далучэння да вывучэння беларускай этнакультурнай спадчыны і рэгіянальнай культуры малой радзімы. Асноўныя задачы, на вырашэнне якіх нацэлена ініцыятыва, — развіццё духоўна-маральных якасцей, умацаванне грамадзянскіх пачуццяў і патрыятызму, прадстаўленне народнай творчасці як сродку зносін і разумення ў шматнацыянальным грамадстве, фарміраванне навыкаў талерантнага ўзаемадзеяння, захаванне і развіццё творчага патэнцыялу навучэнцаў і папулярызацыя народных традыцый праз дзіцячую творчасць. Узроставыя катэгорыі ўдзельнікаў — 6—9, 10—13 і 14—18 гадоў. Згодна з палажэннем, працяг­ласць нумара не павінна перавышаць чатырох мінут. Пры гэтым калектывы маглі выступаць у суправаджэнні вакальнай, інструментальнай групы або з выкарыстаннем фанаграмы, а ў складзе інструментальнай групы дапускаўся ўдзел педагогаў. Віталася выкананне карагодаў, якія адлюстроўваюць традыцыі свайго рэгіёна, але дазвалялася выкананне карагодаў і іншых рэгіёнаў вобласці, Беларусі, а таксама аўтарскіх карагодаў на аснове сюжэтаў народных абрадаў і свят. Ідэя конкурсу належыць дырэктару Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Дзмітрыю Андрэеву.

— Нашаму фальклорнаму калектыву амаль 30 гадоў. Вывучэнне, рэканструкцыя і адраджэнне народных абрадаў — адзін з прыярытэтаў нашай работы, — паведаміла настаўніца музыкі і кіраўнік узорнага фальклорнага калектыву “Сявенька” сярэдняй школы № 15 Барані Аршанскага раёна Вольга Шчэрба. — За гэты час напрацаваны багаты рэпертуар, які ў тым ліку ўключае калядныя, велікодныя, купальскія абрады, “Хрэсьбіны”, “Гуканне вясны”. Сёння мы паказалі два эпізоды купальскага абраду — пусканне вянкоў і карагодную гульню “Хустачка” ў выкананні навучэнцаў 6 і 9 класаў.

Арганізатарамі конкурсу з’яўляюцца галоўнае ўпраўленне па адукацыі аблвыканкама, абласная арганізацыя Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” і абласны Палац дзяцей і моладзі, аддзел мастацкай творчасці якога ажыццяўляў непасрэдную арганізацыю і метадычнае забеспячэнне конкурсных мерапрыемстваў. Пры ацэнцы выступленняў улічваліся такія крытэрыі, як выкарыстанне рэгіянальнага матэрыялу, выканальніцкае майстэрства: тэхніка выканання рухаў, артыстызм, музыкальнасць, выразнасць, раскрыццё мастацкага вобраза і работа з рэквізітам, зместавае напаўненне і кампазіцыйная будова нумароў; падбор і адпаведнасць музычнага і харэаграфічнага матэрыялу.

— Мы мэтанакіравана імкнёмся далучаць дзяцей да народных традыцый, — адзначыў Дзмітрый Андрэеў. — Гэта не першы наш праект у гэтым напрамку, а карагод якраз той прывабны для дзяцей і моладзі фармат, які дазваляе нетрывіяльна і выразна ўвасобіць ідэю. Вельмі важна, што ў аснове кожнага карагода — адметны даследчы праект. Дзякуючы конкурсу, удзельнікі і гледачы змаглі судакрануцца і бліжэй пазнаёміцца з традыцыямі, звычаямі і святамі нашай краіны, роднай Віцебшчыны, сваёй мясцовасці і сплесці сімвалічны карагод творчасці, што асабліва актуальна ў Год народнага адзінства. Здаўна карагод быў сімвалам сяброўскага яднання. Дарэчы, у якасці ганаровых гасцей на свяце-канцэрце выступілі юныя артысты з Маскоўскай вобласці. Фінал конкурсу невыпадкова ўключаны ў праграму мерапрыемстваў “Славянскага базару”: гэта зроблена для таго, каб дзеці не толькі змаглі паказаць сваю творчасць, паглядзець творчасць равеснікаў, але і наведаць горад майстроў і іншыя фестывальныя пляцоўкі. Магчыма, кагосьці гэта падштурхне да новых даследаванняў і праектаў.

Пераможцы абласнога конкурсу ў кожнай намінацыі і катэгорыі ўдзельнікаў узнагароджаны дыпломамі I ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама і памятнымі прызамі абласной арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”. Па выніках абласнога конкурсу адзначаны: дыпломамі І ступені — узорны харэаграфічны ансамбль “Рамонкі” (Віцебскі абласны палац дзяцей і мола­дзі), узорная вакальная студыя “Тоніка” і ўзорны харэаграфічны калектыў “Сюрпрыз” (Докшыцкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі), узорны фальклорны калектыў “Нежачкі” (Расонскі цэнтр дзяцей і моладзі), узорны фальклорны калектыў “Сявенька” (сярэдняя школа № 15 Барані): дыпломам ІІ ступені — харэаграфічны ансамбль “Тэрпсіхора” (Аршанскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі”), дыпломамі ІІІ ступені — харэаграфічны калектыў “Чызкейк” (Кіраўская сярэдняя школа Віцебскага раёна), харэаграфічны калектыў “Смайл” (Талачынскі раённы цэнтр дзяцей і моладзі) і танцавальны калектыў “Непаседы” (Лепельскі раённы центр дзяцей і моладзі).

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий