“Вясёлка” заззяла новымі фарбамі

У панядзелак гала-канцэртам і ўрачыстай цырымоніяй узнагароджання ў Віцебскай абласной філармоніі завяршыўся XI Міжнародны фестываль дзіцячай і маладзёжнай творчасці “Вясёлка над Віцебскам”.

Больш за 500 удзельнікаў з Беларусі, Расіі, Арменіі, Малдовы, Турцыі, Германіі з дапамогай прафесійнага журы выяўлялі лепшых у васьмі намінацыях. У гэтыя незабыўныя 3 дні іх жыццё было распісана літаральна па хвілінах: акрамя конкурсных выступленняў, трэба было паспець выступіць на канцэртных пляцоўках фестывальнага Віцебска, наведаць канцэрты і мерапрыемствы “Славянскага базару”, выканаць насычаную экскурсійную праграму. Перад першым канцэртам не сказаць каб сюрпрызам, а хутчэй прагназуемай традыцыяй стаў дождж. У некаторых раёнах горада яго зусім не было, а на плошчу Свабоды, дзе знаходзілася сцэна, абрынуўся сапраўдны лівень. Тыя артысты, хто не ўпершыню прыязджае на фестываль, з філасофскім спакоем тлумачылі навічкам: “Усё як звачайна: вясёлка ж з’яўляецца пасля дажджу”. Зразумела, проста чакаць у павільёнах, пакуль неба прасвятлее і можна будзе выходзіць на сцэну, дзецям было сумна — і ў выніку ўсе прысутныя мелі задавальненне стаць сведкамі не пазначанага ў праграме запальнага песеннага батла пад дажджом!

Фестываль пастаянна развіваецца і ўзбагачаецца новымі формамі. Так, сёлета ён прырос намінацыямі “Журналістыка”, “Блогерства”. Прычым, па ацэнцы члена журы галоўнага рэдактара “Радыё-Мінск” Марыі Вайцяхоўскай, сярод прадстаўленых работ былі вельмі запамінальныя і цікавыя.

Арганізатары падрыхтавалі для юных творцаў і іх педагогаў нямала сюрпрызаў. Пандэмія абумовіла выбар максімальна бяспечных фарматаў правядзення мерапрыемстваў, уключаючы open-air. Напрыклад, майстар-класы па выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве прайшлі на тэрыторыі музея-сядзібы Ільі Рэпіна “Здраўнёва”. Сама атмасфера цудоўнага кутка Віцебшчыны спрыяла росквіту фантазіі і натхненню, а атрыманыя веды, безумоўна, дапамаглі пашырыць кругагляд і далі магчымасць па-новаму паглядзець на творчасць вялікага майстра. Арганічна ўпісалася ў праграму фестывалю выстава члена журы Алены Чуйковай — мастака, дызайнера, выкладчыка, стваральніка аўтарскіх мастацкіх міжнародных праектаў. Старшыня журы, народная артыстка Расіі, прафесар кафедры эстрадна-джазавых спеваў Інстытута сучаснага мастацтва Наталля Банава выканала некалькі твораў у гала-канцэрце, і гэта таксама своеасаблівы майстар-клас для вакалістаў.

— Сёлетні фестываль адрознівае высокі ўзровень майстэрства канкурсантаў, — расказала куратар адукацыйных праектаў турыстычна-інфармацыйнага цэнтра “Ілва” Алена Паднябеснава. — Не першы раз у нас удзельнічае навучэнка Слуцкага цэнтра дзіцячай творчасці Марына Курловіч (педагог Лілія Курловіч). Дзяўчынка стварае ўнікальных аўтарскіх лялек з палімернай гліны, спалучаючы розныя тэхнікі. Зыходзячы з агульнай практыкі, даволі рэдка ўдзельнікі намінацыі “Дэкаратыўна-пракладная творчаць” атрымліваюць галоўныя ўзнагароды. Але Марыя здолела пакарыць сэрцы экспертаў: пасля прагляду яе работ журы адзінадушна выставіла найвышэйшыя балы! Адметна, што ў намінацыі “Харэаграфія” максімальную коль­касць балаў набралі 2 калектывы і адзін з іх, узорны ансамбль “Папараць-кветка” пад кіраўніцтвам Ірыны Лаўровай, — зноў са Слуцкага цэнтра дзіцячай творчасці. Другі абсалютны лідар творчага рэйтынга — узорны ансамбль танца “Карусель” сярэдняй школы № 162 Мінска (кіраўнік Таццяна Венска). Традыцыйна моцныя ўдзельнікі ў намінацыі “Вакальна-харавая творчасць”. Сёлета журы праслухала 101 вакальны нумар. Было шмат яркіх выступленняў, аднак асабліва ўразіў і набраў максімальныя балы дуэт узорнага песенна-танцавальнага калектыву “Хахламскія ўзоры” з горада Сямёнава Ніжагародскай вобласці (кіраўнікі Мікалай і Алена Чахоўскія). Дарэчы, гэта вядомы ў Расіі калектыў, для якога і крамлёўская сцэна з’яўляецца знаёмай, і шэраг іншых знакамітых пляцовак. Яны актыўна выступаюць за мяжой. Такім чынам, упершыню за 11 гадоў было прынята беспрэцэдэнтнае рашэнне аб прысваенні гран-пры адразу чатыром удзельнікам. Мы ўбачылі вельмі моцныя выступленні. Асобна хочацца адзначыць выдатную работу кіраўнікоў калектываў. Тут варта сказаць аб аўтарскіх методыках і падыходах: гэта сапраўды найвышэйшы ўзровень, дастойны самай высокай ацэнкі.

Спецыяльнымі прызамі ад Прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь — Расійскага цэнтра навукі і культуры ў Мінску ўзнагароджаны харэаграфічны ансамбль “Рытм-Балет” Цэнтра пазашкольнай работы “На Сумскім” Масквы (кіраўнікі Ірына Пазднікава, Алена Якуніна), навучэнка дзіцячай школы мастацтваў г.Мураўленка Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі Вікторыя Ляшкевіч (выкладчык Наталля Міхіенка), навучэнка сярэдняй школы № 6 Полацка Арына Рагоўская (педагог Таццяна Навумава), Мэры Тадэвасян з Міжнароднай школы мастацтваў (Армавір, Рэспубліка Арменія), кіраўнік узорнага харэаграфічнага калектыву “Акцэнт” Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Настасся Панова, навучэнка Тэатра гульні “Тэрыторыя творчасці” Магілёва Марыя Бухарава (кіраўнік Аксана Шаўчук, педагог Галіна Лабанок), навучэнец Слуцкага цэнтра дзіцячай творчасці Яраслаў Гетманаў (педагог Лілія Курловіч).

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота Уладзіслава АСМАЛОЎСКАГА.

Добавить комментарий