Як выкарыстоўваецца ў выхаваўчай рабоце прыклад выдатнай жанчыны, імем якой названа ўстанова адукацыі

Як выкарыстоўваецца ў выхаваўчай рабоце прыклад выдатнай жанчыны, імем якой названа ўстанова адукацыі? Карэспандэнт «Настаўніцкай газеты» спытала ў педагогаў з розных рэгіёнаў.

Вольга ГАРДЗЕЕВА, настаўніца нямецкай мовы Бракаўскай сярэдняй школы імя Н.Ф.Шанцовай, Магілёўская вобласць:

— Наша ўстанова адукацыі з мінулага года носіць імя Настассі Фёдараўны Шанцовай. Яна працавала настаўніцай геаграфіі ў вёсцы Княжыцы Магілёўскага раёна. Потым яе перавялі завучам у Бракаўскую сямігадовую школу. З першых дзён фашысцкай акупацыі  Настасся Фёдараўна была арганізатарам і кіраўніком падпольнай камсамольскай групы ў вёсцы Бракава. У школе, дзе яна працавала, размяшчаўся штаб нямецкай часці, і ўвесь час група падпольшчыкаў вяла назіранне за немцамі. Настасся Фёдараўна прымала непасрэдны ўдзел у знішчэнні Княжыцкага паліцэйскага гарнізона. Яна ваявала да 1944 года ў партызанскім палку, а таксама была палітруком роты. Настасся Фёдараўна ўдастоена медаля “Партызану Айчыннай вайны” I ступені за наладжаную рэгулярную агентурную разведку. Таксама ў 1949 годзе Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР яна ўзнагароджана ордэнам Чырвонай Зоркі. Прыклад мужнасці і гераізму Н.Ф.Шанцовай у гады Вялікай Айчыннай вайны выкарыстоўваецца ў выхаваўчай рабоце з навучэнцамі Бракаўскай сярэдняй школы праз правядзенне тэматычных інфармацыйных гадзін, урокаў мужнасці, экскурсій у школьны гісторыка-краязнаўчы музей і ўрокаў “Наш край”. Асноўная задача ўстановы адукацыі заключаецца не толькі ў захаванні ваеннага мінулага краіны і малой радзімы, але і ў прыцягненні ўвагі падрастаючага пакалення да важных гістарычных асоб, дат і падзей.

Вольга ЛЫШОВА, дырэктар гімназіі № 3 імя В.І.Соламавай, Гродна:

— У Гродне больш за 40 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі працуюць над атрыманнем права насіць імя знакамітых людзей. Сярод слаўных імён — тры жаночыя, у тым ліку і ўраджэнкі вёскі Лаша Гродзенскага раёна Вольгі Іосіфаўны Соламавай. У верасні 2022 года гімназіі № 3 Гродна было прысвоена імя падпольшчыцы В.І.Соламавай. Простая дзяўчына з мнагадзетнай сялянскай сям’і пасля 1939 года актыўна ўдзельнічала ў жыцці роднай краіны. У 19 гадоў ужо стала членам праўлення калгаса. Арганізоўвала гурткі самадзейнасці. У ліку першых паехала на курсы выкладання, а пасля іх заканчэння адправілася ў вёску вучыць дзяцей. Падчас Вялікай Айчыннай вайны Вольга Соламава пісала ў Цэнтральны камітэт камсамола: “Я не магу быць у баку ад той барацьбы, якую вядуць нашы доблесныя салдаты і гераічныя беларускія партызаны з ворагам…”. В.І.Соламава выконвала баявыя заданні, інфармавала аб становішчы на фронце і кіравала падпольнымі арганізацыямі. Загінула 2 лютага 1944 года пры выкананні баявой задачы. Прадбачыла магчымае ўзяцце ў палон і апошнюю кулю пусціла ў сваё сэрца. На прыкладзе гераічнай падпольшчыцы расказваем вучням пра галоўныя каштоўнасці ў жыцці — Радзіму, мужнасць і патрыятызм. З вуснаў педагогаў гучаць словы з заклікам мець актыўную грамадзянскую пазіцыю па прыкладзе Вольгі Іосіфаўны Соламавай. Склаліся і штогадовыя традыцыі, такія як “Рэквіем у гонар Вольгі Соламавай”, “Форум паспяховых”, экскурсіі па месцах Гродзенскай вобласці, звязаных з імем гераіні, і анлайн-праекты па патрыятычным выхаванні. Сярод навучэнцаў стала папулярнай тэма сачынення “Я ганаруся сваёй зямлячкай Вольгай Соламавай”. А яшчэ гімназія хоча аб’яднаць піянерскія дружыны і саветы музеяў вобласці, якія папулярызуюць імя мужнай камсамолкі.

Дзмітрый БЕКЦЯШКІН, дырэктар сярэдняй школы № 130 імя Рут Уолер, Мінск:

У красавіку 2016 года нашай школе было прысвоена імя Рут Уолер. Летам 1946 года валанцёрка Рут Уолер прыбыла ў Мінск у складзе місіі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Дзяўчына выконвала абавязкі сакратара місіі, задачай якой было аказанне гуманітарнай дапамогі насельніцтву Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, якое пацярпела ў выніку ваенных дзеянняў і нацысцкай акупацыі. Рут не наканавана было вярнуцца на радзіму. У жніўні 1946 года яна раптоўна памерла, захварэўшы на постгрыпозны менінгаэнцэфаліт. Яе цела спачывае на Ваенных могілках у Мінску. У цяперашні час прынята лічыць, што трыгерам захворвання стаў выпадак, які адбыўся ў Лошыцкім парку, дзе ў сядзібе знаходзілася штаб-кватэра місіі. Рут, гуляючы па парку, убачыла хлопчыкаў, якія тонуць у рацэ Свіслачы. Яна кінулася ў ваду і выратавала іх, але сама прастудзілася. Гэта запусціла механізм смяротнай хваробы. Штогод, падчас святкавання гадавіны прысваення нашай школе імя гэтай жанчыны, мы ўшаноў­ваем вучняў і калег, якія дабіліся значных дасягненняў у інтэлектуальных, творчых і спартыўных спаборніцтвах. Успамінаючы біяграфію Рут Уолер, ра­зам з вучнямі мы шукаем адказ на пытанне: а ці гатовы мы самі прыйсці на дапамогу людзям, якія трапілі ў бяду, ахвяраваўшы ўласным жыццём? Расказваючы пра выдатную жанчыну, мы нагадваем дзецям пра тое, з якой мэтай на беларускай зямлі апынулася місія ААН — ЮНРРА, супрацоўніцай якой была Рут. Нездарма школьная музейная экспазіцыя, прысвечаная лёсу Рут Уолер, была дапоўнена часткамі, прысвечанымі генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У ходзе вучэбных заняткаў і выхаваўчых мерапрыемстваў на базе школьнага музея мы расказваем аб маштабах разбурэнняў і каласальных страт беларускага народа.

Ірына НЕДАКУНЕВА, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 18 імя Еўфрасінні Полацкай, Полацк, Віцебская вобласць:

— Наша школа з 2006 года носіць імя прападобнай Еўфрасінні Полацкай. Яна нарадзілася ў 1101 годзе ў княжацкай сям’і. Дасягнуўшы 12 гадоў, вырашыла сысці ў манастыр. Праз некаторы час з благаславення полацкага епіскапа Ільі манашка пасялілася ў келлі полацкага Сафійскага сабора. Там у храмавым скрыпторыі яна перапісвала і перакладала кнігі. Прападобная Еўфрасіння заснавала жаночы і мужчынскі манастыры, якія сталі цэнтрам адукацыі ў Полацкім княстве. Полацкая княгіня стала першай жанчынай на Русі, якая была кананізавана. Імя святой Еўфрасінні Полацкай, якое носіць сярэдняя школа № 18 Полацка, вызначае і яе місію — выхаванне духоўнасці і маральнасці падрастаючага пакалення. У нашай школе дзейнічае духоўна-асветніцкі цэнтр “Працягваючы справу прападобнай Еўфрасінні Полацкай”. Яго мэта — павышэнне інфармаванасці грамадства аб духоўнай спадчыне краю і фарміраванне гарманічнай духоўна-маральнай асобы ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу. У цэнтры сабраны вучэбна-пазнавальныя і мастацкія фільмы, а таксама прэзентацыі, віртуальныя экскурсіі, матэрыялы да ўрокаў па духоўна-маральным выхаванні і распрацоўкі ўрокаў педагогаў з усёй Полаччыны. Дзейнасць цэнтра вядзецца ў цесным супрацоўніцтве з епархіяй. Ігумення Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра матушка Еўдакія правяла сустрэчы з педагогамі школы, якія паўплывалі на павышэнне праваслаўнай культуры настаўнікаў. Сёння ў школе праводзіцца курс “Га­дзіны духоўнасці” з 1 па 11 клас, які ўключае ў сябе некалькі раздзелаў — “Азбука духоўнасці” (1—4 класы), “Дарогаю дабра” (5—6 класы), “Па слядах прападобнай Еўфрасінні Полацкай” (7—8 класы) і “Экалогія духоўнасці” (9—11 класы). Знаёмства з асновамі праваслаўя і зместам Бібліі адбываецца на занятках, якія вядзе святар дзяк Марк. Магутная крыніца выхавання ў школе — праваслаўнае края­знаўства. Духоўна-маральнае выхаванне праз краязнаўства дапамагае ў фарміраванні асобы, павагі да бліжняга, цікавасці да помнікаў гісторыі, культуры і працы чалавека. Вопыт работы школьнай бібліятэкі па праваслаўным краязнаўстве быў адзначаны дыпломам I ступені на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання” і падзякай Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Паўла. Наступным вялікім праектам стала стварэнне электроннага рэсурсу “Дарога да храма: даведнік па святых месцах полацкай зямлі. Полацкае благачынне”. Праект уяўляе сабой электронную карту храмаў, як існуючых, так і страчаных, Полацкага благачыння з інфармацыяй пра іх.

Настасся ЧАРКАНАВА