Інтэрактыўныя формы работы з бацькамі выкарыстоўваюць у сярэдняй школе № 2 Новалукомля

Мазгавы штурм, круглы стол, сінквейн, дзелавая гульня, дэбаты. Інтэрактыўнымі метадамі работы ў сучаснай установе адукацыі сёння не здзівіш нікога. А вось педагог­-псіхолаг сярэдняй школы № 2 Новалукомля Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці Таццяна Мілешка прыўнесла інтэрактыў у надзвычай традыцыйную на першы погляд дзейнасць — работу з бацькамі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

На сваім месцы

Таццяна Мілешка нарадзілася ў Новалукомлі, скончыла сярэднюю школу № 2, дзе працуе больш за 25 гадоў. Выбіраючы прафесійны шлях, вагалася паміж прафесіямі псіхолага і харэографа. У апошніх класах школы псіхалогія перамагла. У 1996 годзе Таццяна Леанідаўна з адзнакай скончыла БДПУ імя Максіма Танка і вярнулася на малую радзіму. 

Для мяне мая школа не проста ўстанова адукацыі. Тут можа быць складана і нават часам немагчыма, але тут заўсёды цікава, молада і інтэрактыўна, — пачынае свой аповед Таццяна Мілешка. — Акрамя гэтага, наша школа — своеасаблівы культурны цэнтр, куды з радасцю на мерапрыемствы прыходзяць гараджане. Установа адукацыі заўсёды з гатоўнасцю ўдзельнічае ў інавацыях. Не так даўно завяршыўся інавацыйны праект “Укараненне мадэлі развіцця псіхолага-педагагічнай кампетэнтнас­ці бацькоў навучэнцаў”: педагогі школы паглядзелі на адукацыю з пункту гледжання бацькоўскіх запытаў. Зараз у школе ідуць 2 інавацыйныя праекты: “Укараненне мадэлі фарміравання культуры міжасобасных зносін як фактару стварэння бесканфліктнай прасторы ўстановы адукацыі” і сумесны з Рэспуб­ліканскім цэнтрам псіхалагічнай дапамогі “Школа як тэрыторыя даверу”. Бяру ўдзел у абодвух інавацыйных праектах.

У невялікім горадзе, дзе Таццяна Леа­нідаўна жыве і працуе, усё навідавоку. Усе ведаюць адно аднаго, горад быццам становіцца адной вялікай сям’ёй. Аднак не ўсё бывае гладка, як здаецца на першы погляд.

Мы працуем з рознымі катэгорыямі бацькоў, і зразумела, што больш увагі ўдзя­ляецца складаным катэгорыям. Я чакаю ад бацькоў прыняцця: дзіцяці такім, якое яно ёсць, узроставых ці сітуатыўных праблем і г.д. Чакаю прыняцця і жадання ўзаема­дзейнічаць. Хочацца, каб не было насцярожанага стаўлення з боку бацькоў, калі іх запрашаюць да псіхолага. 

Мазаіка дзяцінства

Шасцікласнік Сашка сустракае нас пад дзвярыма кабінета і хваліцца сваімі поспехамі. Яму цяжкавата даецца гісторыя, але Сашка разумее, што яе трэба выцяг­нуць хоць бы на 6. Ён разумны хлопчык, ён справіцца, падбадзёрвае педагог-псіхолаг і пасля расказвае мне, што ў дзіцяці вельмі балюча праходзіў працэс адаптацыі. У той перыяд Сашка кожны перапынак “дзяжурыў” пад дзвярыма школьнага псіхолага, пастаянна шукаў неабходнай падтрымкі. Сёння сітуацыя выглядае значна лепш: хлопчык бачыць праблему, разумее яе, шукае шлях да яе вырашэння і нават ідзе па гэтым шляху. Значыць, усё ў Сашкі атры­маецца.

Таццяна Мілешка прызнаецца, што з дзецьмі значна прасцей працаваць, чым з дарослымі, бо бацькі больш закрытыя і нас­цярожаныя. Хаця калі чалавек адчувае, што ты з ім размаўляеш на роўных, то ёсць вялікая верагоднасць, што, прыйшоўшы дадому пасля сустрэчы са школьным псіхолагам, мама ці тата не адыграюцца на дзіцяці. У яе практыцы былі сем’і, калі здавалася, што іх проста не “падняць”: залежнасці ў баць­коў, адабранне дзяцей з сям’і і г.д. Але ў выніку сумеснай работы ў сям’і ўсё наладжвалася. У любым з бацькоў важна бачыць асобу, чалавека, які можа даць уласнаму дзіцяці значна больш, чым псіхолаг з усімі спецыяльнымі ведамі.

Да неабходнасці інтэрактыўных форм работы з бацькамі Таццяна Леанідаўна прыйшла не адразу.

Мы з калегамі адчулі неабходнасць у правядзенні здаровай сацыялізацыі дарослага чалавека, — успамінае яна. — Першы праект, які мы распрацавалі для школы, меў назву “Супрацьстаянне”, каб зменшыць негатыўны ўплыў соцыуму, бо было даволі шмат падлеткаў, якія знаходзіліся на ўліку ў міліцыі. Не выходзячы на сям’ю, ты з гэтым не справішся, бо пасля самых кранальных размоў дзіця вяртаецца дадому і трапляе ў звыклае асяроддзе. У школе з’явіўся дзіцяча-бацькоўскі клуб “Мазаіка”, калі па суботах бацькі з дзецьмі прыходзілі ў школу, каб абмеркаваць найбольш вострыя пытанні. Прычым мы імкнуліся не выдзяляць асобна сем’і, у якіх былі праблемы ў выхаванні, а запрашаць на пасяджэнні клуба ра­зам з “катэгарыйнымі” абсалютна звычайныя сем’і. У “Мазаіцы” работа была пабудавана на гульнявых практыкаваннях, і гэта давала выдатны плён, мы бачылі гэта па рэфлексіі.

Пазітыўнае джакузі

Дзіцяча-бацькоўскі клуб перарос у дзіцяча-бацькоўскія практыкумы. Напрык­лад, для сярэдняга звяна школы ў псіхолага распрацаваны практыкум “Матыватар”, каб узмацніць матывацыю дзяцей да вучобы і цікавасць да дзіцячай вучэбнай дзейнасці ў бацькоў. З матывацыйнай анкеты, якую запаўняюць вучні, становіцца крыху больш зразумелым неверагодны дзіцячы свет. Аказваецца, дзеці ходзяць у школу не толькі, каб вучыцца, а таму што “прымушае мама” (менавіта мама, ніколі іх не прымушае тата), таму што “падабаецца, як у школе кормяць”, і таму што “падабаюцца зносіны з сябрамі”.

— Я гавару бацькам, што іх падтрымка патрэбна дзецям заўсёды, нават калі здаецца, што дзіця добра спраўляецца само, — падкрэслівае Таццяна Мілешка. — У мяне ёсць для сумесных практыкумаў цудоўнае практыкаванне “Пазітыўнае джакузі”. Выконваць яго максімальна проста: удзельнікі выцягваюць са скрыначкі напісаныя на паперцы кампліменты, а галоўны ўдзель­нік такой гульні, заплюшчыўшы вочы, прахо­дзіць уздоўж двух радоў удзельнікаў практыкавання, якія гавораць яму кампліменты, напісаныя на паперцы. Гэта на­дзвычай дзейсна, бо, згадзіцеся, мы часцей сварымся на чалавека, чым гаворым яму прыем­ныя словы. Напрыклад, мне скар­дзяцца 11-класнікі: “Я загарнуў падручнік і на хвіліну заглянуў у смартфон, каб адпа­чыць ад бясконцай падрыхтоўкі да экзаменаў і ЦТ, а маці прыйшла з работы і пачала дакараць, што я сяджу ў тэлефоне, а не вучуся”. Я тлумачу падлеткам, што такім чынам баць­кі выказваюць свой клопат і любоў. Бацькі быццам гавораць сыну ці дачцэ: “Мы не ведаем, чым табе дапамагчы ў гэты момант, а вельмі хочацца”.

Я адпрацавала ў школе больш за 25 гадоў і ведаю, што да апошняга буду на баку самага складанага дзіцяці, таму што калі штосьці ў ім “не так” з нашага дарослага пункту погляду, то дарослыя гэта і зрабілі. Трэба знайсці патрэбу, якая не задавальняецца, і паўзаемадзейнічаць з ёй.

Зараз у школе ёсць 4 сям’і, якія, на думку Таццяны Леанідаўны, патрабуюць пільнай педагагічнай увагі. Прычым яна заўважыла, што дзеці з гэтых сем’яў больш стасуюцца паміж сабой, а не з аднакласнікамі. Пос­пехам Таццяна Мілешка лічыць тое, што ёй удалося арганізаваць для гэтых дзяцей групавыя заняткі, куды, акрамя гэтых дзяцей, прыходзяць навучэнцы з педагагічнай групы. А задача ў групы простая: сацыялізаваць нестандартных дзяцей і даць ім узор для пераймання. Калі ўсё атрымліваецца, то гэта, прызнаецца Таццяна Мілешка, яе вельмі радуе, бо ёсць адчуванне рэалізаванасці ў прафесіі. Каб прадэманстраваць пос­пехі нестандартных вучняў іх бацькам, яна прапанавала дзецям на агульнашкольным бацькоўскім сходзе разыграць нумар па вершы Данііла Хармса “Ілгун”. Усё ў дзяцей атрымалася, і яны, якія на ўроках не ўмеюць і двух слоў звязаць, вывучылі верш і разыгралі яго на сцэне.

Тэрыторыя даверу і ўзаемаразумення

Алена Станіславаўна Мінчукова, намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце, пры нашай першай сустрэчы называе Таццяну Леанідаўну Мілешка душой школы. Гэты статус можна заслужыць толькі адданасцю любімай справе. І наогул, як гэта, быць душой школы?

— Я заўсёды на баку дзіцяці, — дзеліцца Таццяна Мілешка. — Бацькам я гавару, што мне ў школе працаваць лёгка па некалькіх прычынах. Па-першае, я лічу, што няма неразумных дзяцей, а кожнае з іх — унікальная асоба. Па-другое, упэўнена, што няма дрэнных дзяцей, а ёсць складаныя жыццёвыя сітуацыі і дрэнныя ўчынкі. І трэцяе, што я гавару: у класе неабходна супакоіць толькі аднаго чалавека — сябе. Мая роля ў школе — быць своеасаблівым буферам. У мяне ў кабінеце заўсёды ёсць вільготныя і звычайныя сурвэткі, сродкі гігіены, ніткі, бясколерны лак, сшыткі, ручкі, алоўкі, цукеркі — усё тое, што неабходна дзіцяці для вырашэння лакальнай праблемы. Часам дастаткова таго, што дзіця зайшло да мяне, выцерла нос, з’ела цукерку, памаўчала — і большага яму не трэба.

Таццяна Пятроўна Шкарадзёнак, дырэктар сярэдняй школы № 2 Новалукомля: Таццяна Леанідаўна Мілешка выконвае не толькі службовыя абавязкі педагога-псіхолага, але і вядзе педагагічную групу. (У бягучым навучальным годзе на базе 10-х і 11-х класаў установы адукацыі арганізавана работа груп педагагічнай і аграрнай накіраванасці. — Заўвага аўтара.) Дзякуючы гэтаму, ужо тры гады нашы выпускнікі ідуць па мэтавых накіраваннях на педагагічныя спецыяльнас­ці. Гэта яе заслуга, бо яна дазваляе дзецям адчуць сябе педагогамі, зразумець, што гэта іх прафесія.

Былі ў практыцы педагога-псіхолага складаныя выпадкі, калі ўдавалася дапамагчы бацькам і іх дзецям, хаця здавалася, што гэта амаль немагчыма. Таццяна Леа­нідаўна прыводзіць у прыклад сітуацыю з мясцовай маладой сям’ёй з 4 дзеткамі. Баць­кі мелі праблемы з алкаголем, нідзе не працавалі. Сям’я прайшла праз адабранне дзяцей, пасля чаго бацькі шмат зрабілі, каб іх двое сыноў і дзве дачкі вярнуліся ў родны дом. Зараз усе дзеці з сям’і ўжо скончылі школу і кожнае з іх знайшло сябе ў жыцці. Педагог-псіхолаг упэўнена, што ў выпадку гэтай сям’і выдатна спрацавала згуртаваная школьная каманда.

Педагогам я заўсёды гавару, што сем’і розныя, і мы не ведаем, ці выспалася дзіця перад урокамі і ці снедала яно перад школай, — дзеліцца Таццяна Мілешка. — Для сям’і, пра якую я расказваю, школа была выратавальнай саломінкай. Наша задача была не ў тым, каб гава­рыць бацькам, што яны не спраўляюцца са сваёй місіяй, а знайсці рэсурс, каб дапамагчы. Напрыклад, вывучыць, чаму такая вялікая запазыча­насць за кватэру, звязацца з ЖКГ і папра­сіць растэрміноўку па плацяжах. Уладкаваць бацькоў на работу, дапамагчы ім справіцца з алкагольнай залежнасцю. Мы дзейнічалі маленькімі, канкрэтнымі, простымі крокамі, а не ўкладалі ў галовы бацькоў шмат псіхалагічных ведаў аб выхаванні. Мы бачылі патэнцыял сям’і, бо баць­кі вельмі любілі сваіх дзетак. Я ніколі не забудуся адзін выпадак, які здарыўся, калі мы прыйшлі ў гэтую сям’ю. У кватэры антысанітарыя, у мамы немаўлятка на руках, і мы гаворым жанчыне, каб яна хоць посуд памыла. А адна з дачок, якой на той момант было ўсяго 3 гады, паглядзела на нас з непрык­рытай злосцю, падставіла табурэтку да ракавіны і пачала мыць посуд… Сям’я — гэта заўсёды інтымна, і калі мы штосьці можам зрабіць, то выключна з пазіцыі дапамогі.

Наталля КАСТЭНКА