Бароўскай СШ Лепельскага раёна падарылі сертыфікат на 13 камп’ютараў

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь выдзеліла для аснашчэння ўстаноў адукацыі Віцебскай вобласці 500 камп’ютараў і 80 мульцібордаў на суму каля 1 млн руб. У гэтым спісе аказалася і Бароўская СШ Лепельскага раёна.

Сертыфікат на 13 камп’ютараў дырэктару ўстановы адукацыі Дзіяне Мысінай ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў дэлегат VI Усебеларускага народнага сходу, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ігар Урбан.

Трэба адзначыць, што тэхніку размяркоўвалі з улікам якасці і выніковасці працы педагогаў. Менавіта гэтая школа заслугоўвае такога падарунку, дзе без інфармацыйных тэхналогій ужо немагчыма ўявіць навучальны працэс. Атрыманае абсталяванне зойме сваё пачэснае месца ў кабінеце рабататэхнікі, які ў хуткім часе з’явіцца ў школе. Асноўная мэта яго будзе накіравана на развіццё ў дзяцей інжынерных і практычных навыкаў. Апрача гэтага, кабінет змогуць наведваць не толькі вучні школы, але і іншыя жыхары населенага пункта.

Плануецца закупіць канструктар, накшталт лега, з якім будуць працаваць дзеці розных узростаў і тым самым развіваць сваё мысленне.

Яны будуць збіраць робата з частак, знаёміцца з асновамі праграмавання, вывучаць, як працуюць і ўзаемадзейнічаюць паміж сабой розныя механізмы, кіраваць ім  падлеткі змогуць з дапамогай смартфонаў. Ёсць упэўненасць, што наведвальнікі робататэхнічнага кабінета стануць добрымі спецыялістамі, якія будуць вырашаць складаныя задачы па аптымізацыі вытворчасці, удасканаленні лагістычных аперацый і іншыя. А камусьці такія заняткі, магчыма, дапамогуць стаць высакакласнымі распрацоўшчыкамі прамысловых робатаў.

Майстэрня тэхнічнай працы ў школе хутка зменіць назву на сучасны кабінет рабататэхнікі, дзе вучні змогуць праводзіць гонкі паміж мадэлямі, што самастойна сканструявалі.

Ігар Урбан пажадаў настаўнікам і дзецям цікавага і займальнага школьнага жыцця, інтэлектуальных і спартыўных перамог:

– Няхай вас не палохаюць, а робяць больш разумнымі і вопытнымі, а камп’ютары дапамогуць атрымліваць веды, якія дазволяць у будучыні выбраць прафесію па душы.

Дарэчы, у Бароўскай СШ на працягу апошніх гадоў у навучальным і выхаваўчым працэсе актыўна выкарыстоўваюцца інфармацыйныя тэхналогіі, а школьнікі дасягаюць высокіх вынікаў у прадметных алімпіядах, шматлікіх конкурсах, прымаюць удзел у розных праектах, валанцёрскай дзейнасці і іншых мерапрыемствах.

Наталля ХРАПАВІЦКАЯ, Лепель, фота аўтара.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *