Абліччы майстэрства, моды і прыгажосці

У фондах касцюмернай Віцебскага індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа налічваецца каля 100 аўтарскіх калекцый

Выступленні народнага тэатра моды “Стыль” названай установы адукацыі (кіраўнікі Таццяна Іванова і Настасся Гайдукова) заўсёды маюць поспех, прыцягваюць увагу, запамінаюцца як самыя яркія і незвычайныя моманты шматлікіх гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемстваў. На працягу многіх гадоў удзельнікі аб’яднання па інтарэсах дэманструюць вырабленыя ў майстэрнях каледжа цудоўныя калекцыі адзення. Характэрна, што многія з іх захоўваюць актуальнасць і запатрабаванасць на працягу дзесяцігоддзяў: паказальны і красамоўны знак якасці, дадзены арганізатарамі свят, конкурсаў, форумаў, канферэнцый і фестываляў рознага ўзроўню.

Традыцыйна кожная калекцыя налічвае як мінімум 5 адзінак, а найбольшая іх колькасць неабмежаваная: напрыклад, культавыя “Народы свету” ўключаюць звыш 50 вырабаў. Распрацоўка новых калекцый вядзецца пастаянна. Майстры вытворчага навучання, выкладчыкі і навучэнцы вывучаюць вопыт папярэднікаў, найноўшыя модныя трэнды, шчыру­юць над эскізнымі накідамі, падбіраюць тканіну, упрыгажэнні, дэкор, фурнітуру і ўвасаб­ляюць свае наватарскія ідэі ў жыццё. Пры гэтым стваральнікі подыумных шэдэўраў выкарыстоўваюць як традыцыйныя, так і самыя перадавыя тэхналогіі, захоўваюць сакрэты народных рамёстваў, працягваюць традыцыі майстроў мінулага, пераўтвараючы іх у прывабны сучасны фармат і прыўносячы ўласныя талент, уменні і фантазію. Як паведаміла намеснік дырэктара ВДІТК па выхаваўчай рабоце Таццяна Бродская, за апошнія пяць гадоў у каледжы замацавалася тэндэнцыя да стварэння тэматычных калекцый адзення. Сярод папярэдніх тэм — “Тэатр”, “Мая Ра­дзіма — Беларусь”, “Віцебск — горад мастакоў”. Сёлета акцэнт зроблены на народных традыцыях у сучасным мастацтве. У ліку навінак, прэм’ерныя паказы якіх адбыліся на “Арт-вакацыях-2021” і штогадовай абласной выставе дэкаратыўна-прыкладнай творчасці навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, — шыкоўная “Кветкавая фантазія”. Яе аўтарам з’яўляецца мадэльер-канструктар каледжа Людміла Ціханава — нястомны генератар арыгінальных ідэй, над рэалізацыяй якіх працуе педагагічны і навучэнскі калектыў.

На калекцыю Людмілу Аляксандраўну натхніў надыход вясны і лета, загадкавы свет кветак, чароўная колеравая гама. Мадэльер-канструктар даўно захапляецца пэчворкам і аплікацыяй, што і знайшло сваё адлюстраванне ў “Кветкавай фантазіі”. Для пашыву быў выбраны габардзін — матэрыял даволі просты, але разам з тым камфортны, прыемны навобмацак і паслухмяны ў апрацоўцы, прыдатны для пэчворку. Кветкі пададзены крыху ўтрыравана: яны вялікія і ззяюць насычанымі фарбамі. Гэты жыццесцвярджальны імпульс яшчэ выразней праяўляецца на фоне стрыманай колеравай палітры саміх сукенак. Іх сілуэты індывідуальныя, але ўсе мадэлі аб’яднаны даўжынёй максі. Аднолькавых кветак не бывае, як і кожная сукенка непаўторная па кроі: ёсць вырабы з рукавамі, пашыранымі данізу ў форме званочка, ліхтарыка — таксама ўтрыраванага, вялікага, што ўзмацняе эфект карціннасці. У выніку пры дэманстрацыі на сцэне адразу выразна чытаюцца абрысы сілуэтаў і ўвага гледачоў канцэнтруецца на яркіх малюнках. Самі сілуэты паўпрылягаючыя, абмалёўваюць не цела, а яго контуры. У працэсе дэфіле прыгажуні з тэатра моды “Стыль” па-майстэрску падкрэсліваюць унутраны рытм калекцыі. Узнікае ўражанне, нібыта сукенкі ажываюць, як кветкі пад ветрам, рухаюцца ў такт — атрымліваецца вельмі элегантная падача.

— Навучэнцы заўсёды ўражваюцца новымі калекцыямі, з энтузіязмам падхопліваюць і дапаўняюць асноўную задуму, — расказала Таццяна Іванова. — Перад выступленнямі мы робім фотасесію ў сукенках, каб стварыць арганічныя вобразы. Сваю сукенку для кожнай з дзяўчат, якія дэманструюць мадэлі, падбіраем пад колер валасоў і вачэй. Індывідуальныя асаблівасці, іншыя нюансы ўлічваюцца да дробязей — ад антрапаметрычных даных да тэмпераменту. У “Кветкавай фантазіі” вобразы маюць адметныя характары і сваю энергетыку. Я аб’яднала іх у дэфіле вельмі стрыманай хадой. Мы абмежавалі рухі: рукі амаль не задзейнічаны і знаходзяцца блізка да цела, каб выразней чыталася сукенка. Каб надаць дынаміку, у пастаноўцы было выкарыстана многа праходаў, паваротаў — і кветкі ажылі. Дзяўчатам спадабалася калекцыя, пэўныя аўтарскія ідэі і прыёмы яны ўзялі сабе на аловак. Для навучэнцаў магчымасць судакрануцца да стварэння падобных калекцый, папоўніць скарбонку ведаў і навыкаў — надзвычай каштоўная. Уважліва вывучыць тое, што, верагодна, не заўважыць глядач, паглыбіцца ў дэталі тэхналагічнага працэсу — неацэнны вопыт для будучых спецыялістаў і работнікаў швейнай вытворчасці.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий