Зірні на свет па–новаму з “ОКОшко ТВ”!

У чэрвені на базе Браслаўскай гімназіі працаваў лагер “ОКОшко ТВ”, што з’яўляецца падрыхтоўчай школай для дзяцей, якія жадаюць стаць актыўнымі ўдзельнікамі гімназічнага канала “ОКО ТВ”.

Кожны дзень лагера быў прысвечаны якой-небудзь прафесіі, звязанай з тэлебачаннем і журналістыкай (дзень рэжысёра, дзень сцэнарыста, дзень грымёра і інш.). Адной з запамінальных падзей стаў дзень дыктара тэлебачання. Навучэнцаў чакалі займальныя конкурсы на лепшае чытанне скорагаворак, уменне трымацца перад камерай і знахо­дзіць выхад з нечаканай сітуацыі, што можа здарыцца з вядучым навін у прамым эфіры. На працягу змены хлопцы і дзяўчаты маглі паспрабаваць сябе ў якасці не толькі гукарэжысёра, але і акцёра агучвання. Кожны змог выбраць справу па сваіх інтарэсах, паспрабаваць розныя галасы, расказаць ужо вядомую гісторыю на новы лад.

Дзень грымёра парадаваў сваімі фарбамі і нечаканымі вобразамі. Сярод дзяцей раптам з’явіліся воўк і мядзведзь, трое парасят, неверагодныя супергероі і загадкавыя феі. Тут працавала творчая майстэрня “Я не магу пазнаць вас у грыме!”.

Якія навіны абыходзяцца без спартыўнай рубрыкі? Вось і ў лагеры прыйшла чарга навін спорту. У дзень каментатара выхаванцы вырашылі паспрабаваць свае сілы менавіта ў гэтай справе. Каб стац­ь спартыўным каментатарам, трэба дасканала валодаць маўленнем, мець добрую дыкцыю і пачуццё гумару, ведаць від спорту, які каменціруецца, а таксама быць гатовым хутка знайсці выйсце з любой складанай сітуацыі. Трэба сказаць, што ў хлопцаў гэта атрымалася выдатна! Увогуле, лагер атрымаўся вельмі карысным як у плане аздараўлення, так і ў плане навучання і проста добрага адпачынку.

Кожны з навучэнцаў зараз можа стаць членам тэлевізійнай групы “ОКО ТВ” і займацца любімай справай. Падрабязней пра навіны лагера можна прачытаць на сайце “ОКОшко ТВ” https://okoshko-tv.jimdosite.com/.

Вольга ЛУКША,
настаўніца англійскай мовы Браслаўскай гімназіі.

Добавить комментарий