Захапленне на клетачным узроўні

У Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны штогод пашыраюць маштабы правядзення шахматных турніраў і рыхтуюцца да ўступлення ў супольнасць “Міжнародныя школы Анатоля Карпава”.

Шахматны клуб ва ўстанове адукацыі дзейнічае са студзеня 2020 года. Навучэнцы разам з трэнерам Андрэем Броўкам паступова асвойваюць азы папулярнай інтэ­лектуальнай гульні, прымаюць актыўны ўдзел ва ўсіх рэгіянальных спаборніцтвах, спрабуюць сілы ў рэспубліканскіх і Міжнароднай алімпіядзе “Глобус” па шахматах.

— Адкрываючы аб’яднанне па інтарэсах, мы спадзяваліся на развіццё шахматнага руху ў нашай гімназіі, імкнуліся ства­рыць для гэтага спрыяльныя ўмовы, — расказала дырэктар Ірына Далгіх. — Але, шчыра прызнацца, настолькі актыўны і масавы водгук у пэўнай ступені стаў прыемным сюрпрызам. Больш за тое, працэс рухаецца па нарастаючай. Прывяду адзін прыклад: калі летась з ліку вучняў пачатковай школы ў клубе было 130 чалавек, то цяпер іх амаль 160. У сярэднім і старшым звёнах дынаміка аналагічная. Гімназістам падабаюцца шахматы, яны жадаюць імі займацца. Безумоўна, наймацнейшым каталізатарам тут выступае асоба кіраўніка клуба. Андрэй Міхайлавіч — прафесіянал, энтузіяст шахмат і яркі педагагічны талент. Найвышэйшымі дасягненнямі па выніках спаборніцтваў пакуль з’яўляюцца перамогі на абласным узроўні: на чэмпіянатах у 2021 і студзені бягучага года нашы навучэнцы заваявалі 10 дыпломаў І—ІІІ ступеняў. Але варта зрабіць акцэнт на слове “пакуль” з прыцэлам на рэспубліканскія спаборніцтвы, таму што відавочны імклівы прагрэс.  

У мінулым годзе клуб атрымаў назву “Дэбют”, а ў маі ў гімназіі прайшоў першы адкрыты шахматны турнір “Каралеўскі гамбіт”, прысвечаны 60-годдзю ўтварэння Беларускага фонду міру. Дарэчы, гімназія стала сёмай па ліку ўстановай адукацыі Віцебшчыны, што маюць ганаровы статус “Школа міру”. У ліку ганаровых гасцей, якія віталі ўдзель­нікаў турніру, былі старшыня праўлення Віцебскага абласнога аддзялення фонду Таццяна Туманава, намеснік старшыні Полацкага райвыканкама Святлана Валюшкіна. Спаборніцтвы праводзіліся ў дзвюх узроставых катэгорыях: дзеці і падлеткі да 18 гадоў і дарослыя. У першай катэгорыі спаборнічалі 16 каманд з Полацка і Наваполацка, у другой далучыліся яшчэ Ушачы і Верхнядзвінск. Гаспадары парадавалі прыгожай гульнёй. На трэцяй дошцы 1-е месца заняў навучэнец 2 “В” класа Мацвей Тумашаў — ён гуляў за каманду Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі. У камандным заліку ўпэўненую перамогу атрымала шахматнае трыа навучэнцаў 2 “Б” класа: Леа­нід Ставер, Віктар і Раман Рудзёнкі.

Гімназістам падабаюцца шахматы, яны жадаюць імі займацца. Безумоўна, наймацнейшым каталізатарам тут выступае асоба кіраўніка клуба. Андрэй Міхайлавіч — выдатны прафесіянал, энтузіяст шахмат і яркі педагагічны талент.

Новая сустрэча аматараў шахмат адбылася ў Дзень народнага адзінства, калі пад эгідай Беларускага фонду міру на базе ўстановы адукацыі стартаваў І адкрыты бліц-турнір “Полацкая ладдзя”. Яго арганізатарамі сумесна з гімназіяй выступілі ўпраўленне па адукацыі райвыканкама і ФСК “Прыдзвінне”. За 7 гадзін было згуляна 276 партый. Да ўдзелу ў турніры ў скла­дзе 16 дзіцячых і 8 дарослых каманд далучыліся 72 шахматысты з Мінска, Верхнядзвінска, Глыбокага, Гарадка, Лепеля, Наваполацка, Полацка, Расон і Ушач. Турнір увайшоў у лік самых яркіх і запамінальных спадарожных мерапрыемстваў рэспубліканскага культурна-адукацыйнага праекта “Скарынаўскія дні ў Полацку — 2021”.

— Спецыяльна для “Полацкай ладдзі” быў распрацаваны лагатып, якім мы цяпер будзем карыстацца, — адзначыла Ірына Станіславаўна. — Зараз рыхтуемся да наступнага турніру, плануем пашырыць прадстаўніцтва як па колькасці спартсменаў, так і па геаграфіі. У прыватнасці, гатоўнасць накіраваць свае каманды пацвердзілі расійскія Вялікі Ноўгарад, Вялікія Лукі і Электрасталь, дзе на моцным узроўні развіваюцца шахматы. Такім чынам, чакаецца турнір з міжнародным удзелам. Мы імкнёмся і будзем вельмі рады, калі нашу “Ладдзю” афіцыйна прымуць у дружную сям’ю “Скарынаўскіх дзён у Полацку”. Пераканана, гэта ўзбагаціць перспектыўны праект, адкрые перад моладдзю новыя магчымасці.

Шахматныя ініцыятывы гімназіі адным турнірам не абмяжоўваюцца. Так, вясной калектыў збіраецца ўступіць у супольнасць “Міжнародныя школы Анатоля Карпава”, што аб’ядноўвае больш за 30 краін. Некалі ў гутарцы са старшынёй праўлення Беларускага фонду міру Максімам Місько навучэнцы памарылі ўголас: “Вось бы нам згуляць у шахматы з шаснаццацікратным чэмпіёнам свету!” А суразмоўца параіў зрабіць мару мэтай і паабяцаў падтрымаць у яе ажыццяўленні. У цяперашні час ад гэтай мэты аддзяляюць лічаныя крокі. Каб стаць школай Анатоля Карпава, неабходна выканаць шэраг абавязковых патрабаванняў, уключаючы наяўнасць месца для правядзення шахматных турніраў.

— Такое месца падрыхтавана, — правяла экскурсію дырэктар. — Гэта кабінет-трансформер. Яго асноўнае прызначэнне на працягу навучальнага года — правядзенне ўрокаў матэматыкі. Па меры неабходнасці кабінет вельмі хутка пераўтвараецца ў шахматную пляцоўку. Дызайн і напаўненне — распрацоўка нашага калектыву. Акрамя таго, у нас адкрыта шахматная галерэя, набыта спецыяльнае абсталяванне, шахматныя дошкі і гадзіннікі. Мы ўдзячны ўсім, хто дапамог у рэалізацыі праекта, і асабліва Полацкаму райвыканкаму і ўпраўленню па адукацыі, сацыяльным партнёрам. Падобнага ў раёне дакладна няма, верагодна, што і ў вобласці. Засталося ўкамплектаваць бібліятэку адпаведнымі падручнікамі і выданнямі, завяршыць афіцыйнае ўзгадненне, падпісаць дагавор. Вынікам стане якасна новы ўзровень магчымасцей — ад удзе­лу ў семінарах для трэнера да выхаду на міжнародныя турніры для навучэнцаў.

Таццяна Бондарава.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Добавить комментарий