Поспех пачынаецца ў школе

Менавіта такую тэму выбралі для адкрытага дыялогу ў рамках праекта “ШАГ” старшакласнікі сярэдняй школы № 2 Глыбокага. 

Актыўныя і дапытлівыя глыбачане нацэлены на новыя знаёмствы з цікавымі людзьмі, якія могуць падзяліцца каштоўным жыццёвым і прафесійным вопытам. Задуманае спраўджваецца: хто шукае, той знаходзіць. Паколькі ініцыятыва найчасцей належыць навучэнцам педагагічнай групы, то нярэдка гасцямі школьнікаў становяцца прадстаўнікі адукацыйнай галіны — ад вядомых настаўнікаў і ветэранаў працы да начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама і міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь. На гэты раз моладзь адрасавала запрашэнне кіраўніц­тву “Педагагічнай прэсы”. Разам з дырэктарам выдавецкага дома Кацярынай Дубінскай і яе намеснікам па развіцці Людмілай Пастарнакевіч у сустрэчы прыняла ўдзел  галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Глыбоцкага райвыканкама Людміла Парфяновіч.

Людміла Парфяновіч“Кры­тэрыі высокай якасці адукацыі для нас — гэта высокакваліфікаваныя кадры, выніковы адукацыйны працэс, дадатковыя адукацыйныя паслугі, паспяховасць нашых выпускнікоў у жыцці і дастойная матэрыяльна-тэхнічная база. Сакрэт поспеху кожнай нашай установы мы бачым у скаардынаванай каманднай рабоце кіраўнікоў, настаўнікаў, навучэнцаў і іх бацькоў”. 

Сённяшнія дзесяцікласнікі — будучыя абітурыенты, а ў выпускнікоў да моманту выбару будучай прафесіі засталіся лічаныя тыдні. Напэўна, таму размова практычна адразу была скіравана на поспех прафесійны, а з улікам сферы дзейнасці гасцей адкрытага дыялогу мела выразны акцэнт на магчымасцях рэалізаваць сябе ў адукацыі і СМІ. Але ключ да будучыні навучэнца ў руках настаўніка, таму спачатку намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Лілія Гаравая коратка расказала пра школу. У розныя перыяды тут працавалі чатыры заслужаныя настаўнікі і чатыры выдатнікі адукацыі — вартая гордасці традыцыя, якую дастойна падтрымліваюць цяперашнія педагогі. Так, 85 працэнтаў з іх маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Штогод дружны калектыў папаўняюць маладыя спецыяліс­ты, у гэтым навучальным годзе іх пяць. Акрамя атрымання ведаў па вучэбных прадметах, школьнікам ёсць чаму павучыцца ў сваіх настаўнікаў. Найперш — адданасці справе, настойліваму імкненню да асобаснага і прафесійнага рос­ту. За апошні час установа адукацыі прыняла ўдзел у рэалізацыі двух рэспубліканскіх інавацыйных праектаў. Педагогі паспяхова выступаюць на абласных і рэспубліканскіх адукацыйных пляцоўках, удзельнічаюць у навукова-практычных канферэнцыях, выставах, чытаннях і фестывалях, перамагаюць у прафесійных конкурсах. На старонках “Настаўніцкай газеты”, часопіса “Народная асвета” прадстаўлены педагагічны вопыт Тамары Шылёнак і Антона Бацяноўскага. Зусім нядаўна ўсёй школай падтрымлівалі і жадалі поспеху настаўніку рускай мовы і літаратуры Леаніду Адамовічу, які перамог на абласным этапе і прадставіў аўтарскі электронны дапаможнік для старшакласнікаў у фінале  рэспуб­ліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. 

Установа адукацыі даволі вялікая: у мінулым верасні за парты селі 725 навучэнцаў у 29 класах. Моладзь задае трэнд на паспяховасць у вучобе: за 5 апошніх гадоў выпускнікам уручаны 14 атэ­статаў з медалямі і 29 пасведчанняў з адзнакай. Летась сярэдні бал склаў 7,45, прычым на 9—10 навучальны год скончылі 64 школьнікі. Прагназаваць сёлетнія вынікі настаўнікі пакуль асцярожніча­юць, абмяжоўваюцца ёмістым “назіраем устойлівую станоўчую дынаміку”. На ІІІ ступені навучанне поўнасцю профільнае. Скарбонку школы штогод папаўня­юць дыпломы алімпіяд і конкурсаў даследчых работ рознага ўзроўню. Практычна ўсе навучэнцы наведваюць аб’яднанні па інтарэсах, спартыўныя секцыі або клубы. Актыўна працуе бацькоўскі ўніверсітэт, наладжана навучэнскае самакіраванне, ёсць свая сімволіка і сайт, старонкі ў са­цыяльных сетках. Дружына імя Марата Казея складаецца з 12 піянерскіх, 9 акцябрацкіх атрадаў і аб’ядноўвае амаль паўтысячы чалавек. Добрая школьная традыцыя напярэдадні прафесійнага свята настаўнікаў — правядзенне дня самакіравання. Для навучэнцаў педагагічнай групы ён адказны ўдвая: фактычна для іх гэта педагагічныя пробы.

Першыя пытанні, з якімі моладзь звярнулася да сталічных гасцей, былі досыць тыповыя. Навучэнцы прасілі падзяліцца ўражаннямі ад знаёмства са школай і Глыбокім, пацікавіліся тым, як дырэктар выдавецкага дома прыйшла ў журналістыку. Ці паўплывалі на прафесійны выбар бацькі і настаўнікі, што спрыяла кар’ернаму росту?

Ганна Лаўрыновіч, навучэнка педагагічнай групы, 11 “А” клас: “З чаго вырастае поспех? Для нас ён пачаўся ў школе. Тут нас навучылі вучыцца, цаніць людзей, любіць Радзіму. Педагог абавязкова павінен любіць дзяцей, перадаваць ім свае веды і сам вучыцца на працягу ўсяго жыцця,  развівацца, самаўдасканальвацца… У мяне ў пачатковай школе не вельмі ла­дзілася з матэматыкай, а ў 5 класе шчырае захапленне выклікаў настаўнік, які і зацікавіў прадметам. За два гады не проста стала разбірацца ў задачах і прыкладах — пачала ўдзельнічаць у раённых, абласных алімпіядах: настаўнік натхніў. У 10 класе яшчэ фізіку палюбіла. Доўга выбірала паміж двума прадметамі, пераважыла фізіка. Педагогаў па гэтай спецыяльнасці ў школах не хапае, а мне так хочацца, каб дзеці разумелі і любілі фізіку! Мая мэта — стаць настаўніцай, вучыць дзяцей”.

Кірыл Міхасёў, навучэнец педагагічнай групы, 11 “Б” клас: “У красавіку 2021 года мы ўдзельнічалі ў фінале кейс-марафону для профільных класаў педагагічнай накіраванасці “Лепшае педагагічнае рашэнне” ў БДПУ імя Максіма Танка. Неабходна было апі­саць рэальную сітуацыю і рашэнне канкрэтнай праблемы з наступным аналізам, распрацоўкай плана дзеянняў, рэфлексіяй прынятага рашэння. Набралі максімальную з магчымых колькасць балаў і як вынік — спецыяльны дыплом! Захацелася вярнуцца ва ўніверсітэт, праявіць сябе яшчэ больш ярка. Такая магчы­масць адкрылася дзякуючы медыяфестывалю “Галасы маладых за ўстойлівае развіццё”, дзе нас зноў чакала перамога. Хаця дасяг­нуць поспеху было няпроста — асабліва на заключным этапе, які ўключаў работу над праектамі і іх аналіз.  Вясной у ВДУ імя П.М.Машэрава мы сталі дыпламантамі прафарыентацыйнага квеста “ВДУstart” у намінацыі “Бачу ў праекцыі”. Гэта пра нашы поспехі. Што да мяне асабіста, мне падабаецца камунікацыя з людзьмі: даведвацца новае пра іх, узаемадзейнічаць, дзяліцца эмоцыямі, адчуваннямі, перажываннямі, прапускаць іх праз сябе і аддаваць суразмоўцам часцінку сябе. Планую звязаць будучыню з медыясферай, пакуль выбіраю паміж факультэтамі журналістыкі і філасофіі”.

Кацярына Дубінская“Адкрыла старонку з вашымі знакамітымі выпускнікамі — і суст­рэла там добрых знаёмых. Сярод іх, напрыклад, убачыла аднаго з кіраўнікоў Мінска Арцёма Цурана — было прыемна адправіць яму прывітанне з роднай школы… Мне пашчасціла многа падарожні­чаць па роднай краіне, але ў Глыбокім дагэтуль не даво­дзілася бываць. Скажу шчыра: я зачаравана вашым краем і глыбачанамі. Сапраўды тут усё створана для людзей. Калі ёсць яшчэ любімая работа, можна жыць і радавацца жыццю. 

Поспех на самай справе пачынаецца ў школе і ў вялікай ступені залежыць ад правільнага выбару прафесіі. Разам са школай на гэты выбар значна ўплывае і сям’я. Напрыклад, я з дзяцінства люблю, як пахне свежая газета.  Маці працавала  журналісткай, у 70-я была ўласным карэспандэнтам па Беларусі ў “Камсамольскай праўдзе”, потым шмат гадоў працавала галоўным рэдактарам дзіцячых выданняў “Зорька” і “Качели”… Безумоўна, важкае слова ў  жыцці сказалі педагогі. Я асабліва ўдзячна сваім любімым настаўніцам Маі Ваганавай і Святлане Мальцавай.  Школьны выпускны, знакаміты журфак БДУ — і вось я, з чырвоным дыпломам, накіравана карэспандэнтам у газету “Знамя юности”… Вельмі сур’ёзная “пачатковая” школа спатрэбілася потым як у журналісцкай і кіраўніцкай, так і ў грамадскай дзейнасці — у Мінскім гарадскім Савеце дэпутатаў, цяпер у якасці пазаштатнага памочніка ўладыкі Веньяміна па сувязях з прэ­сай і грамадскасцю. Што яшчэ дапамагае? У Праваслаўнай царкве часта гу­чыць слова, кожнае значэнне якога штодня ў нечым нанова адкрываеш для сябе, бо яно аснова асноў, — любоў. Да Бога, Радзімы, людзей, сваёй прафесіі. Любоў дапамагае і натхняе.

…Калі камусьці з вас захочацца звязаць сваю прафесію з медыясферай — паверце, не пашкадуеце. Дарэчы, каб стаць журналістам (прашу прабачэння ў роднага ўніверсітэта), неабавязкова пасля школы спяшацца паступіць на журфак. Добрыя журналісцкія кадры атрымліваюцца і з тых, хто раней набыў пэўную профільную адукацыю, мае працоўны вопыт”.

Школьнікі літаральна атакавалі Кацярыну Эдуардаўну пытаннямі. Толькі на чарговым з іх — “Якім павінен быць настаўнік?” — гутарка набыла нечаканы паварот. “Вы нас паклікалі на адкрыты дыя­лог, аднак пакуль гэта хутчэй інтэрв’ю, — акцэнтавала ўвагу суразмоўца. — Хацелася б паслухаць вашы меркаванні, давайце зменім жанр і паразважаем!” 

Разам з дарослымі старшакласнікі стваралі партрэт сучаснага маладога настаўніка, раіліся, спрачаліся, разважалі аб плюсах і мінусах розных прафесій, дзяліліся планамі на будучыню. Дарэчы, многія юнакі і дзяўчаты звязва­юць іх з педагагічнымі спецыяльнасцямі. “Спадзяюся, тут прысутнічаюць і нашы будучыя аўтары, і будучы народны настаўнік”, — паставіла мэту кіраўнік “Педагагічнай прэсы”.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара
.

Добавить комментарий