Настаўніца пачатковых класаў з Оршы зладзіла для сваіх вучняў «Тэатральны балаганчык»

Настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 23 Оршы Кацярына Іванова адчувае асаблівую адказнасць за вынікі работы: яна працягвае справу жыцця сваёй бабулі Раісы Івановай. На трэцім годзе выкладання малады педагог атрымала першую кваліфікацыйную катэгорыю. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Добрае слова і… “абляпіха”

Кацярына Аляксандраўна з дзяцінства памятае аповед сваёй бабулі Раісы Дзмітрыеўны аб тым, як у далёкім 1955 го­дзе тая захацела стаць педагогам, ледзь пераступіўшы парог школы. Калі яе першая настаўніца, прыгожая, стройная, у строгай чорнай сукенцы, зайшла ў клас, у сэрцы маленькай Раісы нарадзілася мара — стаць такой, як яна. І дзіцячыя спадзяванні спраў­дзіліся. Атрымаўшы педагагічную адукацыю, Раіса Дзмітрыеўна больш за 30 гадоў вучыла пачаткоўцаў у школах Полацкага і Аршанскага раёнаў.

Кацярына Іванова прызнаецца, што, памятаючы аб гэтай сямейнай гісторыі, ішла ў 1 клас з асаблівым пачуццём. Склалася так, што ў пачатковай школе ў яе быў не адзін, а тры настаўнікі. І кожнага з іх яна ўспамінае з цеплынёй. Выбарам прафесіі Кацярына Аляксандраўна абавязана і ім, і іншым педагогам роднай аршанскай сярэдняй школы № 23, у якую вярнулася працаваць пасля заканчэння з адзнакай Горацкага педагагічнага каледжа МДУ імя А.А.Куляшова. Да таго ж сваю ролю адыграў прыклад бабулі і яшчэ некалькіх членаў сям’і, якія таксама выбралі педагагічны шлях.

У першы год работы ў школе Кацярына Аляксандраўна выкладала англійскую мову і была выхавальніцай групы прадоўжанага дня. А ў мінулым годзе ўзяла пад сваё крыло першакласнікаў. Яны разам ужо два гады, і малады педагог шчыра лічыць, што яе вучні лепшыя ў свеце. У класе — сем хлопчыкаў і дзесяць дзяўчынак, кожнае дзіця — са сваім характарам і здольнасцямі. Кацярына Іванова ўсім сэрцам прымае кожнага, а баць­коў успрымае як надзейных паплечнікаў у справе выхавання дзяцей.

На ўроках настаўніца стварае добразычлівую атмасферу, у якой кожны вучань адчувае: у яго вераць, а значыць, усё атрымаецца і нават невялікі поспех абавязкова будзе заўважаны. Педагог імкнецца, каб усе 17 дзяцей, як маленькія мушкецёры, былі “адзін за ўсіх і ўсе за аднаго”, сябравалі, не дапускалі знявагі. Дзеля гэтага прымяняе розныя прыёмы. Напрыклад, прапаноўвае вучням сказаць нешта прыемнае, доб­рае сваім аднакласнікам ці зрабіць сяброўскую “абляпіху” — калі ўсе дзеці абдымаюцца, каб падбадзёрыць і падтрымаць адно аднаго.

Кацярына Аляксандраўна шырока выкарыстоўвае пазнавальныя заданні, якія дапамагаюць падтрымліваць устойлівую цікавасць да навучання. У гэтым ёй дапамагае штучны інтэлект. Настаўніца адзначае, што дзецям вельмі падабаецца, калі ў заданнях сустракаюцца створаныя з дапамогай ШІ анімацыйныя звяркі ці робаты.

Для маладога педагога вельмі важна закласці ў дзецях грамадзянскія і патрыятычныя якасці. Кацярына Аляксандраўна мае актыўную грамадзянскую пазіцыю, з’яў­ляецца членам Беларус­кага рэс­публіканскага саюза
моладзі, Беларускага саюза жанчын, а нядаўна ўступіла ў маладзёжны рух “Іскра” партыі “Белая Русь”, паспяхова ўдзельнічае ў конкурсах, фестывалях, форумах. Так, яна стала пераможцай раённай маладзёжнай прэміі “Орша-профі-2026” у намінацыі “Лепшы спецыяліст установы адукацыі”, атрымала падзяку ўдзельніку абласнога конкурсу маладых работнікаў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў Рэспублікі Беларусь “SuperПРОФІ-2025”. Кацярына Іванова прадстаўляла раён на рэспубліканскім форуме сельскай моладзі “Сяло — тэрыторыя развіцця”, удзельнічала ў абласным конкурсе публікацый “Ідэя-2025” у намінацыі “Лепшая распрацоўка вучэбных заняткаў (урока)”.

— Цяжка пераацаніць ролю першага настаўніка ў тым, каб навучыць дзяцей любіць і цаніць Радзіму, імкнуцца рабіць усё магчымае для яе росквіту. Пра любоў да Беларусі гавару вучням на ўроках, пазакласных мерапрыемствах. Распрацоўваю віктарыны патрыятычнага кірунку, і дзеці з задавальненнем у іх удзельнічаюць, — расказвае суразмоўніца. — Прыемна, што на другім годзе выкладання бачу вынікі гэтай работы. Калі прашу дзяцей намаляваць з нагоды свята, напрыклад, свой дом і сям’ю, многія ўключаюць у сюжэт беларускі сцяг над домам ці ў руках сваіх родных, іншыя сімвалы нашай краіны.

Зладзілі “балаганчык”

Каб павысіць свой прафесійны ўзровень, Кацярына Іванова вырашыла атрымаць вышэйшую адукацыю: цяпер яна завочна вучыцца ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А.Куляшова. З бягучага навучальнага года педагог удзель­нічае ў рэспубліканскай праграме “Настаўнік для Беларусі”. Кацярына Аляксандраўна адзначае, што натхніла яе на гэта дырэктар школы Марына Аляксандраўна Сутоцкая, якая сама некалькі гадоў назад была ўдзельніцай названага праекта і змагла ацаніць яго патэнцыял.

— Дзякуючы адукацыйным мерапрыемствам, якія ладзяцца ў рамках праграмы “Настаўнік для Беларусі”, атрымліваю новыя веды, вывучаю сучасныя методыкі, зараджаюся станоўчымі эмоцыямі. Адчуваю, што стала больш упэўненай у сабе, адкрытай, вырасла як педагог і асоба, — дзеліцца Кацярына Іванова.

Новы вопыт натхніў настаўніцу на творчы праект “Тэатральны балаганчык”. Разам з вучнямі свайго класа яна ставіць тэатральныя сцэнкі па матывах рускіх народных казак. У пачатку года шляхам галасавання вырашаецца, якія казкі найбольш цікавыя дзецям. Потым настаўніца распрацоўвае сцэнарый, размяркоўвае ролі. Калі некалькі дзетак хочуць выконваць адну ролю, праводзіцца жараб’ёўка. Педагог імкнецца рабіць так, каб кожны вучань абавязкова быў задзейнічаны ў пастаноўцы і адчуў сябе акцёрам.

“Тэатральны балаганчык” ужо прадставіў на школьнай сцэне сваё бачанне казак “Рэпка”, “Зімоўка звяроў” і “Церамок”, цяпер рыхтуецца  прэм’ера тэатральнай сцэнкі “Воўк і сямёра казлянят”. На прэм’еры запрашаюцца вучні з іншых пачатковых класаў, прыхо­дзяць і крыху старэйшыя дзеці, бацькі. Гледачам пастаноўкі вельмі падабаюцца. Эмоцыі ж маленькіх акцёраў-другакласнікаў увогуле не перадаць словамі: для іх гэта каштоўны пазітыўны вопыт і стымул да развіцця.

— Дзеці становяцца больш адкрытымі, разняволенымі, паляпшаецца іх маўленне і дыкцыя, развіваецца памяць. Да таго ж праект садзейнічае згуртаванасці класа. Трэба бачыць, як на рэпетыцыях і перад выхадам на сцэну яны падбадзёрваюць адно аднаго, падтрымліваюць таго, хто раптам расхваляваўся. Менавіта так і выхоўваюцца лепшыя чалавечыя якасці, — упэўнена суразмоўніца.

У будучыні настаўніца плануе пашырыць кола юных акцёраў “Тэатральнага балаганчыка”, запрасіць у яго вучняў іншых пачатковых класаў. Шмат у маладога педагога і новых задум. Так, у наступныя тры гады ў школе плануецца рэалізаваць праект па аграрнай прапедэўтыцы — Кацярына Іванова таксама будзе ў ім задзейнічана. Разам з калегамі яна плануе праца­ваць над тым, каб дзеці з ранніх гадоў больш даведваліся аб шырокім спектры прафесій у сферы сельскай гаспадаркі. У школе працуюць профільныя групы аграрнай накіраванасці, так што зярнятка цікавасці да гэтай тэмы, закладзенае ў пачатковай школе, трапіць у спрыяльную глебу ў старшых класах.