Матэматык Шумілінскай раённай гімназіі піша вершы і хвалюецца перад кожным адкрытым урокам

У тым, што яна стане настаўніцай, Паліна Кавалёва не сумнявалася з самых ранніх школьных гадоў. Толькі выбірала паміж матэматыкай і рускай мовай і літаратурай. У ёй і сёння ўдала ўжываюцца фізік і лірык. Матэматык з багатым стажам – за плячыма 37 год настаўніцтва – піша вершы і верыць, што свет выратуе любоў, дабрыня і цярпенне.


Паліна Кавалёва прызнаецца, што заўсёды хвалюецца і перажывае, калі дзеці здаюць экзамены, калі самой трэба даваць адкрыты ўрок для калег. Колькі ўжо іх было ў яе жыцці, і прадмет свой настаўніца ведае дасканала, і катэгорыя ў яе вышэйшая, але ж…


– Чым больш працуеш, тым вышэй патрабаванні да сябе. Матэматыка, як любая навука, расце і развіваецца, з’яўляюцца новыя метады, падыходы, рашэнні, я стараюся быць у курсе і сваім вучням заўсёды гавару: «Каб рашыць, трэба рашаць».
Настаўніца ўпэўнена, што матэматыка кожнаму «па зубах», ва ўсялякім разе са школьнай праграмай справіцца любы вучань, калі будзе старанна займацца. Паліна Аўдзееўна кажа, што найбольш складана працаваць з 5-класнікамі: патрэбны амаль цэлы год, каб проста ўсадзіць іх, навучыць слухаць і задаваць пытанні. З часам напрацоўваюцца ўзаемасувязь і разуменне. А ўжо з дзявятага класа з дзецьмі лёгка, у класе адчуваеш сябе на роўных. Тым больш, што ў гімназіі з самага пачатку адабраны найбольш паспяховыя вучні.
Гімназісты маюць матывацыю, нацэлены на паступленне ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Многія выбіраюць фізіка-матэматычны профіль. Працаваць даводзіцца шмат і настаўніку, і дзецям. Але ж і вынік апраўдвае старанні, прыносіць плён і задавальненне.
– Ну, калі Вераніка Воранава набрала на ЦТ па матэматыцы 96 балаў, а Георгій Архіпаў 89, вялікую радасць адчулі і дзеці, і я, іх настаўніца. І мне прыемна, што яны ўжо закончылі БДУІР, а сёння такімі ж паспяховымі студэнтамі сталі Кацярына Гарохава, Максім і Сцяпан Архіпавы, многія іншыя мае вучні.
Паліна Аўдзееўна ведае, як настаўніку спраўляцца з эмацыянальным выгараннем, як адраджацца, бы тая птушка фенікс, і ісці кожную раніцу да дзяцей з усмешкай і добрым сэрцам.
– Мне гэта нескладана. Я люблю дзяцей і люблю іх вучыць. Сама быццам падзараджаюся ў працэсе ўрока, асабліва калі бачу зацікаўленыя вочы. Вы можаце не верыць, але для мяне матэматыка, як для іншага сканворды ці вышыванне. Нават калі ехала ў санаторый, прыхапіла з сабой зборнік задач. Сядзела на лавачцы і пад ціхае шапаценне дрэў рашала. Напэўна, хто-небудзь падумаў: дзівачка.
Паліна Аўдзееўна ніколі не павышае голас на дзяцей, бо лічыць гэта дэманстрацыяй уласнай бездапаможнасці, непрафесіяналізму.Акрамя матэматыкі, па-ранейшаму захапляецца літаратурай, з задавальненнем чытае Уліцкую, Рубіну, Мятліцкую. Любіць экскурсіі, новыя ўражанні і адкрыцці.

Автор: Ала КАНСТАНЦІНАВА. Фота аўтара.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *