Дырэктар СШ № 45 Віцебска: новы імпульс праграме «Я. Мая сям’я. Мая Радзіма» можа надаць больш шырокае далучэнне бацькоў
Ірына Лашакова, дырэктар сярэдняй школы № 45 Віцебска імя В.П.Маргелава, падзялілася з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” меркаваннем наконт вартасці і актуальнасці праграмы «Я. Мая сям’я. Мая Радзіма»:
— Праграма “Я. Мая сям’я. Мая Радзіма” зарэкамендавала сябе як важны элемент адукацыйнага працэсу. Хачу выказаць словы падзякі яе распрацоўшчыкам — нашаму галіноваму міністэрству і Акадэміі адукацыі. Той інструмент, які яны нам прапанавалі для работы, дакладны, шматфункцыянальны і своечасовы.
Апошнія майскія заняткі ў 2 класе былі прысвечаны знаёмству з малодшым звяном БРПА — акцябратамі, у 4 класе — з піянерыяй. У рамках рэалізацыі праграмы ўвага гэтай тэме ўдзялялася на працягу ўсяго навучальнага года, а зараз падвялі вынікі. У школе мы імкнёмся зрабіць кожнае дзіця не проста ўдзельнікам, які ўспрымае і засвойвае інфармацыю, але і сутворцам заняткаў. Прыклад з нашай практыкі: папрасілі навучэнцаў узяць міні-інтэрв’ю ў блізкіх. Вучні пачатковых класаў, у прыватнасці, распытвалі бабуль пра іх дзяцінства і прафесіі. Заданне, цікавае дзецям, дапамагае ім больш даведацца пра родных і глыбей усвядоміць сямейныя каштоўнасці. Разам з тым атрымалася своеасаблівая прафарыентацыя малодшых школьнікаў.

Настаўніца пачатковых класаў Вольга Маргаскіна са сваім 3 “Г”
У 5—7 класах у цэнтры ўвагі былі родныя мясціны і любімая Айчына, беларускія славутасці і прырода, помнікі, гістарычная памяць, працоўныя і творчыя дасягненні землякоў. У 8—11 класах удумліва, шчыра і цікава пагаварылі з дзецьмі пра БРСМ. У цэлым заключныя заняткі сталі добрай нагодай падвесці вынікі работы БРПА і БРСМ у школе, расказаць пра карысныя справы ўдзельнікаў гэтых арганізацый.
А для педагогаў гэта стала нагодай паглядзець, што атрымалася, якія формы работы былі найбольш эфектыўнымі, што варта памяняць у праграме або ў падыходах да трансляцыі інфармацыі ў наступным навучальным годзе. На пасяджэнні вучэбна-метадычнага аб’яднання класных кіраўнікоў у маі гэтыя пытанні якраз і разглядаліся.
Праграма актуальная і жыццяздольная, вельмі прадуманая і ўдала складзеная. Калі гаварыць пра пажаданні педагогаў нашай установы адукацыі, то новы імпульс развіццю праграмы можа надаць больш шырокае далучэнне бацькоў да яе рэалізацыі. Магчыма, будзе правільным сумясціць работу з сем’ямі ў рамках тэматычных заняткаў з бацькоўскім універсітэтам.
Яшчэ настаўнікі выказалі пажаданне дабавіць больш ілюстрацыйнага матэрыялу. На нацыянальным адукацыйным партале можна знайсці любыя заняткі па праграме і багаты, разнастайны матэрыял да іх — гэта выдатна. Але часам прэзентацыі занадта інфарматыўныя, перагружаныя тэкставай інфармацыяй. Сучаснага школьніка больш прываблівае візуальны складнік. Калі пэўнае фота, ілюстрацыя яго захапіла, то ён актыўна і зацікаўлена ўключыцца ў заняткі. Калі ж перад вучнем шмат тэксту, напісанага навуковай мовай, то яму, хутчэй за ўсё, неўзабаве стане сумна.
Перспектыўным лічым і пашырэнне сацыяльнага партнёрства ў межах праграмы. Традыцыйна ў адпаведнасці з тэмамі заняткаў запрашаем дэпутатаў, прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый, прадпрыемстваў і іншых арганізацый, каб школьнікі атрымалі найбольш поўнае і аб’ектыўнае ўяўленне пра эканоміку, культуру і грамадскае жыццё Беларусі. Асабліва каштоўна, калі нашымі гасцямі становяцца таты, мамы ці родныя вучняў. Большасць сустрэч мае працяг. Так, пасля заняткаў з прадстаўніцай Беларускага саюза жанчын класны кіраўнік прапанавала навучэнцам зладзіць у класе незвычайную фотавыставу: прынесці здымкі і расказаць пра жанчыну з іх сямейнага акружэння, якая з’яўляецца для іх прыкладам і ўзорам лепшых якасцей беларускі.
Запрашаем на заняткі і нашых навучэнцаў, дасягненнямі якіх ганарымся. Сярод іх — актывісты ваенна-патрыятычных клубаў, спартсмены, пераможцы алімпіяд і творчых конкурсаў. Часам здараецца, што старшакласнікаў размова з тымі, хто малодшы за іх, вымушае задумацца пра ўласныя мэты і каштоўнасці.
Акрамя таго, на занятках “Я. Мая сям’я. Мая Радзіма” ў педагогаў больш магчымасцей раскрыць сябе перад навучэнцамі, прывесці прыклады з уласнага жыцця, расказаць пра сваю сям’ю.
