Ахрэмаўская кругасветка

Гісторыя, краязнаўства, паходы, экскурсіі, легенды, адкрыцці — менавіта такія асацыяцыі выклікае ў дзяцей адпачынак у школьным аздараўленчым лагеры “Вытокі”. 

Турыстычна-края­знаўчы профіль для адпачынку мы выбралі невыпадкова: гэта непасрэдна звязана з Годам гістарычнай памяці ў Беларусі і дзейнасцю вельмі папулярнага аб’яднання па інтарэсах “Школьны турызм”, якое шмат гадоў працуе ў навучальнай установе пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі і заўзятага турыста Вячаслава Віктаравіча Кропа. Хацелася бф падзяліцца нашым вопытам з калегамі-аднадумцамі. Магчыма, нехта захоча выкарыстаць ідэю патрыятычнага лагера на сваім мясцовым матэрыяле, а магчыма, камусьці здадуцца цікавымі формы правядзення мерапрыемстваў. 

Школа бяспекі

Сёння ўсе разумеюць, як важна быць здаровым і жыць у бяспечным асяроддзі. Таму заняткі пачаліся са “Школы бяспекі”. Мы вывучалі правілы паводзін у лагеры і падчас экскурсій, у грамадскіх месцах і на прыродзе, у экстрэмальных сітуацыях. Правялі вучэбную эвакуацыю з будынка школы, пагаварылі аб прафілактыцы правапарушэнняў, арганізавалі інтэрактыўныя гутаркі “Чым небяспечная дарога для нас”, “Правілы гульні на мясцовасці”, “Электрабяспека ў школе, дома, на вуліцы”, трэнінгі “Правілы дарожнага руху на веласіпедах”, “Тэлефоны экстраннай службы”, “Асцярожна! Кляшчы”, “Транспарт. Мы пасажыры”, “Ёсць такое слова — “нельга”, “Сустрэча з жывёламі”, “Бяспека на кожны дзень”. 

Паколькі лагер наведвалі дзеці рознага ўзросту, пры правядзенні “Школы бяспекі” і іншых мерапрыемстваў найбольш актуальным аказаўся падыход “роўны навучае роўнага”. Трэба адзна­чыць і пастаянную работу з дзецьмі школьнага псіхолага ­В.У.Урублеўскай. Акрамя таго, быў арганізаваны Адзіны дзень бяспекі, падчас якога адбылася сустрэча з прадстаўнікамі РАНС, ІСН, ДАІ. Мы ­ўдзячныя супрацоўнікам РАНС, якія арганізавалі суперквест па пажарнай бяспецы.

Рух — жыццё

З поўнай самааддачай спаборнічалі навучэнцы на малых алімпійскіх гульнях і алімпійскіх стартах па футболе, піянерболе, лёгкай атлетыцы.

Вядома ж, у лагеры прапагандаваўся здаровы лад жыцця. Кожная раніца пачыналася з зарадкі, дзе кожны выхаванец, незалежна ад узросту, прадстаўляў сваё практыкаванне для выканання ўсімі (у тым ліку і педагогамі), на некалькі мінут становячыся настаўнікам фізічнай культуры і здароўя. Дзеці захапіліся гэтай ідэяй і стараліся зноў і зноў здзівіць арыгінальным, а галоўнае, карысным практыкаваннем! На працягу 20 мінут штодня праводзіліся мерапрыемствы пад агульнай назвай “Здаровым быць выдатна”. Гэта былі інтэрактыўныя гутаркі, акцыі, флэш-мобы, віктарыны, хвілінкі карысных парад, практыкумы “Гэта павінны ведаць усе”, “Каму патрэбна зарадка?”, “Скажы мікробам — не”, “Ці карысна спаганяць злосць?”, “Чаму быць падлеткам цяжка?”, “Прафілактыка каранавіруса”, “Рух — жыццё”, “Паказчыкі здароўя”, “Думай аб тым, што ты ясі”, “Правілы аказання першай дапамогі пры траўмах, укусах, парэзах”, ­“Таямніцы з’едлівага дыму”, “Бяспека пры любым надвор’і”, “Я стаміўся, што рабіць?”, “Сіла ў табе”, “Я за здаровы лад жыцця”.

Запомніліся ўдзельнікам лагера мастацкая майстэрня “Мая малая радзіма”, гульнявая праграма “Папараць-кветка”, практыкум “Карагод дружбы”, сустрэча з літаратарамі Браслаўшчыны “Сярод сініх азёр”, творчая майстэрня “Крыніца сяброўства”.

Пазнаём актыўна

На занятках аб’яднання па інтарэсах “Мая Браслаўшчына” дзеці даведаліся шмат новага і цікавага пра сваю малую радзіму! Але тэорыя без практыкі мёртвая. Дэвізам лагера сталі словы “Пазнаём актыўна”. Моладзь чакалі займальныя прыгоды на мясцовасці. Вельмі пазнавальным аказаўся гістарычны квест-арыентаванне “Жыву ў Ахрэмаўцах — ведаю Бяльмонты”. Некалькі гадзін атрады “Следапыты” і “Пошук” па карце шукалі ключы, выконваючы дзясятак заданняў. Захапілі вучняў і краязнаўчая гульня “Нашы дасягненні”, гульня-квест “Ахрэмаўская кругасветка”, спартыўна-краязнаўчае мерапрыемства “Сцежка падарожжаў”. Цікавай атрымалася практычная работа з картамі  па тэмах “Бяльмонты”, “Вялікая Айчынная вайна на тэрыторыі раёна”, “Ахрэмаўцы савецкага перыяду”, “Дасягненні сучаснасці”.

Экскурсіі  па Браслаўшчыне

Дзень у лагеры завяршаўся мерапрыемствам “Прыняцце рашэння. Пасяджэнне веча”. Такім чынам выхавальнікі атрымлівалі зваротную сувязь ад выхаванцаў. Тут кожны мог адчуць сябе значнай асобай, “мужам”, як на сярэдневяковым сходзе, і выказаць свае пажаданні, заўвагі, прапановы і падзяку.

Пяць дзён былі прысвечаны тэматычным экскурсіям. Мы здзейснілі захапляючыя падарожжы ў Полацк і аграгарадок Германавічы, дзе прайшлі сцежкамі “вечнага вандроўніка” Язэпа Драздовіча. У Паставах пазнаёміліся з каралеўскай эканоміяй Антонія Тызенгаўза, у аграгарадку Друя — з гісторыяй старажытнага горада, вывучылі малое залатое кальцо Мёршчыны. У хо­дзе велапрабегу “Сёстры Хатыні” дзеці наведалі мясціны смутку Браслаўшчыны, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны разам з людзьмі акупанты спалілі вёскі Стайкі, Лабецкія, Рэпаўшчына. Таксама адбыўся двухдзённы пешы паход па мясцінах партызанскай славы раёна. У Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа 22 чэрвеня прайшла кранальная акцыя каля помніка загінуўшым воінам у аграгарадку Ахрэмаўцы. Не пакінула абыя­кавымі выхаванцаў аперацыя “Абеліск” па добраўпарадкаванні тэрыторыі вакол помніка спаленым жыхарам мёртвай вёскі Рэпаўшчына, што знаходзіцца сярод лесу.

Развітальнае свята

Завяршылася змена маштабным фестывалем-рэканструкцыяй “Легендарныя эпохі”. Удзель­нікі сабраліся ў парку ХVІІІ стагоддзя “Бяльмонт”. Паглыбіцца ў атмасферу сярэдневякоўя дапамог Гальяш Сялява ігрой на беларускай ду­дзе, а далей усіх закружыў старажытны танец “Ойра-ойра”. На наша запрашэнне прыняць удзел у фестывалі адгукнуліся супрацоўнікі Браслаўскага цэнтра традыцыйнай культуры, якія правялі майстар-клас па вырабе старажытных абярэгаў і цацак з гіпсу. Далучыліся калегі і навучэнцы Браслаўскага цэнтра дзяцей і моладзі, якія прывезлі “Музей у чамадане” і прапанавалі паглядзець на жыццё школьніка ў савецкі час, арганізавалі майстар-клас па нанясенні аквагрыму. Прадстаўнікі Ахрэмаўскага цэнтра нацыянальнай культуры далі майстар-клас па стварэнні галаўных убораў са старых газет, супрацоўнікі мясцовай бібліятэкі прэзентавалі выставу краязнаўчай літаратуры. Госці з пагранзаставы “Опса” разгарнулі выставу вучэбнай зброі, якую можна было павучыцца разбіраць, а ратавальнікі з Браслаўскага РАНС навучылі дзяцей карыстацца брандспойтам машыны МНС. 

Не можаце паверыць, што гэта магчыма за 18 дзён? Магчыма ўсё, адказ­ваем мы вам! 

Алена АРЦІМОВІЧ, 
выхавальніца аздараўленчага лагера “Вытокі”,
настаўніца Ахрэмаўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Браслаўскага раёна

Добавить комментарий