Пра адметныя патрыятычныя праекты Лёзненшчыны расказала дырэктар раённага цэнтра дзяцей і моладзі Алена Мінакіна
Лёзненскі цэнтр дзяцей і моладзі каардынуе дзейнасць устаноў адукацыі раёна па грамадзянска-патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення. На што найперш нацэлена яго работа, даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— Мы ўдзяляем прыярытэтную ўвагу выхаванню сацыяльна сталай і прафесійна кампетэнтнай, адказнай, адкрытай інавацыям, прыхільнай высокім маральным ідэалам і традыцыйным нацыянальным каштоўнасцям асобы. Змест работы па фарміраванні грамадзянскасці і патрыятызму арыентаваны на засваенне агульначалавечых гуманістычных каштоўнасцей, культурных, духоўных традыцый беларускага народа, ідэалогіі беларускай дзяржавы, прававых ведаў, а таксама на фарміраванне гатоўнасці да выканання грамадзянскага абавязку, прававой адказнасці. Пры гэтым мы актыўна прымяняем як традыцыйныя, так і інавацыйныя формы і метады выхавання.
— На вашу думку, якія праекты з рэалізаваных за апошні час цэнтрам сумесна з педагагічнай грамадскасцю раёна варта адзначыць асобна?
— Іх насамрэч многа, але спынюся на трох буйных праектах. У год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў наш педагог-арганізатар Вераніка Гарунова разам з калегамі і навучэнцамі распрацавалі лэпбук “Веды мінулага як інвестыцыі ў будучыню”, прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі раёна.
Усім вядома, што якасны наглядны матэрыял эфектыўна дапаўняе словы настаўніка. Сучасны падыход у навучанні — выкарыстанне пазлаў, QR-кодаў, эмодзі — дазваляе дзецям з цікавасцю і лёгкасцю запамінаць гістарычныя факты. Названы лэпбук актыўна задзейнічаны ў рабоце, гэта вельмі карысная для нас рэч і прыклад для педагогаў-паслядоўнікаў. Яшчэ сёлета мы разам рэалізоўвалі праект па стварэнні інтэрактыўнай карты памяці Лёзненскага раёна. На яе нанесены ўсе населеныя пункты, дзе ёсць помнікі і мемарыяльныя комплексы. Родная Беларусь — шматпакутная зямля. Няма на ёй куточка, які не закранула б чорным крылом мінулая вайна. Але Лёзненшчына ў гэтым плане вылучаецца сярод іншых рэгіёнаў краіны. Акупацыя доўжылася жудасныя 822 дні, загінуў кожны другі жыхар раёна. Гета, канцлагер, амаль 200 спаленых вёсак… У адказ разгарнулася насамрэч народная партызанская барацьба. На тэрыторыі раёна 9 месяцаў стаяў фронт, менавіта з Лёзненшчыны пачалося вызваленне Віцебскай вобласці. Воінаў, якія ахвяравалі жыццём у змаганні з ворагам, не тысячы — дзясяткі тысяч. Прывяду такі факт: у аграгарадку Стасева знаходзяцца афіцэрскія могілкі, адзіныя ў Беларусі… У працэсе стварэння праекта навучэнцы пад кіраўніцтвам педагогаў паглыбіліся ў маштабнае даследаванне гісторыі сваёй малой радзімы. На інтэрактыўнай карце мы прапануем суаднесці фота помніка з населеным пунктам. Праверыць сябе і атрымаць дадатковую інфармацыю можна па QR-кодзе.

— Трэці праект, напэўна, той, вынікам якога стала палатно Перамогі?
— Так. Праект разлічаны на два гады і называецца “Жыві і памятай”. У першы год навучэнцы і педагогі школ раёна даследавалі і занатоўвалі матэрыялы пра родных — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, на кавалках чырвонай тканіны вышывалі іх імёны і прозвішчы. Гэтыя фрагменты мы сабралі ў адзіны сцяг Перамогі, які піянеры пранеслі ў калоне ўрачыстага шэсця 9 Мая. Да 80-годдзя Вялікай Перамогі рэалізаваны другі этап праекта. Дзень Перамогі для ўсіх нас — сімвал памяці і свабоды, атрыманай дзякуючы несмяротнаму подзвігу салдат Вялікай Айчыннай. Іх удзячныя нашчадкі, сённяшнія школьнікі Лёзненшчыны, падрыхтавалі віншавальныя паштоўкі на тканіне, якія затым былі аб’яднаны ў раённае палатно Перамогі. Характэрна, што названыя праекты не завершаны, бо дзеці знаходзяць новыя факты і імёны, хочуць далучыцца, і, канечне ж, у іх ёсць такая магчымасць.
— У летні перыяд работа ў азначаным напрамку працягвалася?
— Безумоўна, толькі мы крыху змянілі фармат, адаптуючы яго да канікулярнага часу. На базе нашага цэнтра працаваў аздараўленчы лагер. У гэтым годзе было прынята рашэнне прысвяціць змену памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны і Вялікай Перамозе. Назву выбралі невыпадковую і сімвалічную — “Нашчадкі Перамогі”. Упершыню арганізавалі палатачны неперасовачны лагер. Жыццё ў лагеры было насычана яркімі і захапляльнымі падзеямі. У рамках 12-дзённай змены працягвалася рэалізацыя ўсіх вышэйпералічаных праектаў. Свае ўражанні кожны з выхаванцаў заносіў у “Дзённік спадчынніка Перамогі”, спецыяльна распрацаваны метадыстам цэнтра Яўгеніяй Кісялёвай. У “Дзённіках” дзеці не толькі занатоўвалі падзеі дня і размяшчалі ўласныя фатаграфіі, але і выконвалі заданні па вывучэнні гісторыі і сучаснасці роднага краю. Таксама мы прынялі ўдзел у рэспубліканскім экскурсійным марафоне “Дзіцячы аўтацягнік”.
— Па якіх мясцінах праходзілі экскурсійныя маршруты?
— Напрыклад, падчас экскурсіі “Зазірні на вытворчасць” мы азнаёміліся з найбольш паспяховымі прадпрыемствамі свайго раёна. Экскурсія “Гонар. Доблесць. Памяць” адбылася ў Віцебску, дзе нас з задавальненнем прынялі дэсантнікі 103-й асобнай гвардзейскай ваенна-паветранай брыгады. Потым мы наведалі плошчу Герба і Сцяга, што была адкрыта ў Віцебску сёлета. А вяртаючыся ў лагер, зрабілі прыпынак у Стасеве на афіцэрскіх могілках, ушанавалі памяць герояў. На наступную экскурсію “Зямля пад белымі крыламі” мы накіраваліся ў Оршу. Паездка была прысвечана этнаграфіі і знакамітаму пісьменніку Беларусі Уладзіміру Караткевічу, юбілей якога адзначаецца ў гэтым годзе. Мы наведалі два музеі: этнаграфічны музей “Млын” і музей Караткевіча. Ну і, вядома ж, па дарозе атрымалі асалоду ад маляўнічых краявідаў Бабінавіцкага ландшафтнага заказніка рэспубліканскага значэння, па тэрыторыі якога праклалі свой маршрут.
— “Нясумныя сустрэчы” летам на Лёзненшчыне атрымаліся не менш карыснымі і запамінальнымі?
— Сапраўдны нашчадак Перамогі павінен не толькі ведаць гісторыю сваёй краіны, але і з упэўненасцю глядзець у будучыню, быць мэтанакіраваным, гатовым да спраў на карысць Радзімы, да рэалізацыі самых смелых задум і ідэй у імя росквіту роднай зямлі.
Каб пазнаёміць выхаванцаў з паспяховымі людзьмі краіны, праводзіліся мерапрыемствы ў рамках рэспубліканскай інфармацыйна-асветніцкай акцыі “Крок да поспеху: нясумнае лета — нясумныя сустрэчы”. Па водзывах выхаванцаў, самай запамінальнай стала сустрэча з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімірам Бабічавым. Дыялог атрымаўся вельмі цікавы: дзеці літаральна засыпалі госця няпростымі пытаннямі і з цікавасцю слухалі яго бліскучыя адказы, у якіх гісторыі з дзяцінства і юнацтва чаргаваліся з парадамі, як стаць паспяховым. Кожны юны ўдзельнік атрымаў фатаграфію на памяць і асабістае пажаданне Уладзіміра Бабічава ў свой “Дзённік”.

— Звычайна пасля выдатнай змены ў лагеры дзецям не хочацца развітвацца. У вашых выхаванцаў была ўнікальная магчымасць сустрэцца зноў…
— Толькі на больш высокім узроўні — у Нацыянальным аздараўленчым цэнтры “Зубраня”. Туды мы адправіліся на злёт “Лета нашых дасягненняў” абараняць гонар свайго раёна і ўсёй Віцебскай вобласці. Нас чакала насычаная праграма: творчая візітоўка “Лета нашых дасягненняў”, выстава “Лета — час дзейнічаць”, тэматычная пляцоўка “Эфектыўнае і бяспечнае лета”. Каманда прыняла ўдзел у праекце “Роўны вучыць роўнага”: Віктар Бондараў правёў майстар-клас па вырабе сувеніра-магніціка “Зорка Перамогі”. Зразумела, нашы дзеці з ахвотай паўдзельнічалі і ў майстар-класах ад іншых каманд. Прыемна адзначыць, што выхаванцы лагера “Спадчыннікі Перамогі” выдатна справіліся з усімі конкурснымі іспытамі: мы адзначаны дыпломам І ступені ў конкурсе творчых візітовак і дыпломам ІІ ступені за актыўны ўдзел у выставе дзіцячых дасягненняў. З такім моцным эмацыянальным і творчым імпульсам увайшлі ў навучальны год, у якім нас чакаюць новыя праекты, цікавыя ідэі і карысныя справы.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара і з архіва ўстановы адукацыi
