Лічбавыя тэхналогіі, спартыўныя дасягненні, актуальная прафарыентацыя — прыярытэты ў рабоце педагогаў Чашніччыны

Прафесійныя арыенціры педагогаў Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці былі ў цэнтры ўвагі падчас прэс­-туру Выдавецкага дома “Педагагічная прэса”.

Сустрэчы на Чашніччыне заўсёды натхняюць, бо тут жывуць нашы сябры і дасведчаныя суаўтары. У размове начальнік аддзела па адукацыі Чашніцкага райвыканкама Марыя Корбан падкрэсліла, што асаблівая ўвага ўдзяляецца павышэнню прафесійнага ўзроўню настаўнікаў, самазабеспячэнню кадрамі і падтрымцы моладзі.

Летам на педагагічныя спецыяльнасці паступілі 17 выпускнікоў, прыбылі ў раён на першыя працоўныя месцы 14 маладых педагогаў. Кадравы патэнцыял раёна дае магчымасць паспяхова ўдзельнічаць у інавацыйнай дзейнасці: рэалізоўваюцца чатыры рэспуб­лі­канскія іна­вацыйныя і шэсць абласных творчых праектаў.

— Летась мы правялі конкурс сярод раённых рэсурсных цэнтраў, — паведаміла Марыя Генадзьеўна. — Першае месца падзялілі цэнтры “Шахматнае майстэрства” на базе сярэдняй школы № 1 імя Героя Савецкага Саюза Я.Ф.Іваноўскага Чашнікаў і “Энергазберажэнне — пачні з сябе” на базе сярэдняй школы № 1 імя Ф.Ф.Дуброўскага Новалукомля. Дарэчы, на ЦЭ выпускнікі апошняй штогод дэманструюць 100-бальныя вынікі, а сярэдні бал перавышае абласны. Настаўніца хіміі і інфарматыкі гэтай школы Лілія Мамойка прызнана лепшым педагагічным работнікам Віцебшчыны па выхаванні культуры рэсурса- і энергазберажэння ў навучэнцаў.

Пра ўзровень падрыхтоўкі ва ўстановах адукацыі раёна пераканаўча сведчаць дасягненні навучэнцаў. Зусім нядаўна выдатная навіна прыляцела з Інданезіі: навучэнка згаданай раней новалукомльскай школы Ксенія Корнева прынесла ў скарбонку Беларусі сярэбраны медаль міжнароднага конкурсу экалагічных праектаў і вынаходстваў ISIF-2026. Да поспеху вучаніцу прывяла настаўніца геаграфіі і біялогіі Святлана Круглік. Варта дадаць, што гэта не адзінкавая перамога, а чацвёрты медаль, заваяваны навучэнцамі школы на буйных міжнародных даследчых конкурсах.

У цэлым колькасць дыпломаў, атрыманых юнымі талентамі Чашніччыны на абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах конкурснага характару, прырастае з году ў год, у тым ліку на абласной канферэнцыі даследчых работ “Эўрыка” і рэспубліканскім конкурсе навуковых біёлага-экалагічных работ, у алімпіядным руху. Арыенцірамі для ўсіх па гэтым напрамку можна назваць поспехі вучняў Ліліі Мамойка, Святланы Круглік і Вольгі Бауфалік з сярэдняй школы № 1 Новалукомля, а таксама Алены Шлык з сярэдняй школы № 2 імя Ф.Ф.Азміцеля Новалукомля, Святланы Каваленка і Гульназі Гучуа з сярэдняй школы № 4 Чашнікаў, Уладзіміра Гуркова з сярэдняй школы № 1 імя Героя Савецкага Саюза Я.Ф.Іваноўскага Чашнікаў, Аксаны Косцеж з Чашніцкай гімназіі. Вучаніца Святланы Каваленка ў мінулым навучальным годзе перамагла на рэс­пуб­ліканскім конкурсе “Будучыня клімату — у нашых руках” і ў складзе беларускай дэлегацыі прымала ўдзел у прысвечаных кліматычным праблемам міжнародных мерапрыемствах у Тайландзе. Дарэчы, па выніках Нацыянальнага даследавання якасці адукацыі сярэдні бал, набраны дзесяцікласнікамі сярэдняй школы № 2 Новалукомля імя Ф.Ф.Азміцеля па фінансавай і матэматычнай дасведчанасці, істотна перавышае абласны.

Чашніцкія педагогі задаюць тон у рэгіёне і ў выкарыстанні інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, пра што сведчыць, напрыклад, серыя сёлетніх перамог на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”.

Адметны стыль

Чашніцкая гімназія падарыла не толькі яркія ўражанні ад размовы з прафесіяналамі, шчыра захопленымі сваёй справай, але і эстэтычную асалоду.

У афармленні кожнага куточка ў будынку і на прылеглай да яго тэрыторыі адчуваецца гаспадарскі клопат, адметны стыль і мастацкі густ. Прыгажосць гарманічна спалучаецца з максімальнай функцыянальнасцю. Напрыклад, 6 сотак агарода выгляда­юць як поле кветак, але гэта эксперыментальны ўчастак, на якім гімназісты пад кіраўніцтвам настаўнікаў даследуюць эфектыў­насць выкарыстання рэпелентных уласцівасцей дэкаратыўных раслін пры вырошчванні іх побач з агароднымі культурамі. Атрымліваецца, што стройныя рады аксамітак і сальвій аберагаюць ад шкодных насякомых моркву-суседку.

Дырэктар Святлана Лізука правяла для нас экскурсію і пазнаёміла з педагагічным калектывам. 

— У школьныя гады Аксана Вітальеўна Косцеж была нашым класным кіраўніком, — расказала Ірына Сцяпанава. — На ўроках рускай мовы і літаратуры яна раскрывала перад намі прыгажосць і сілу кожнага слова. Педагог бачыла ў нас асоб яшчэ тады, калі мы самі мала што пра сябе разумелі. Настаўніцкая строгасць заўсёды была справядлівай, адданасць свайму прадмету — захапляльнай. Менавіта гледзячы на яе, я канчаткова зразумела: хачу быць толькі настаўніцай, каб гэтак жа запальваць дзіцячыя сэрцы.

З педагогамі-прадметнікамі гімназіі пагаварылі пра надзённае — выкарыстанне лічбавых тэхналогій. У абмене думкамі прынялі ўдзел настаўніцы Ганна Каваленка (матэматыка і інфарматыка), Ірына Бачкова (гісторыя), Тамара Кулакоўская (фізіка) і Людміла Шчарбакова (англійская мова).

Ганна Каваленка: “Аб’яднанне па інтарэсах “Робататэхніка”, якім я кірую, дзеці пачынаюць наведваць з 10 гадоў. Гэта ўзрост, калі яны гатовы не проста гуляць, але і асвойваць асновы праграмавання, канструявання і інжынернага мыслення. У адукацыйным працэсе задзейнічана разнастайнае абсталяванне. Так, LEGO WeDo 2.0 — выдатны старт для малодшых, бо ў рабоце з ім можна хутка ўбачыць вынікі, а LEGO Mindstorms EV3 — больш сур’ёзны ўзровень, дзе мы паглыбляемся ў работу з датчыкамі, складанымі алгарытмамі. Канструктар Kazi EV6 значна пашырае нашы магчымасці і дазваляе эксперыментаваць з новымі модулямі”. 

Ірына Бачкова: “ІКТ дапамагаюць мне павысіць матывацыю вучняў, зра­біць матэрыял урока больш даступным і дынамічным. У прыватнасці, сістэмна прымяняю метады нагляднасці (візуалізацыя і мультымедыя-суправаджэнне), даследавання (работа са схаваным і картаграфічным матэрыялам), стымулявання цікавасці (гульнявыя тэхналогіі і гейміфікацыя), кантролю (яго аптымізацыя і зваротная сувязь). Гэта ­спрыяе развіццю ў вучняў так званых навыкаў XXI стагоддзя — найперш маю на ўвазе ўменне знахо­дзіць і фільтра­ваць інфармацыю, аналіза­ваць крыніцы, крытычна думаць. Галоўнае тут — захоўваць баланс, каб сучасныя тэхналогіі не засланялі ўрок, а служылі яго зместу”.

Тамара Кулакоўская: “Фізіка — навука эксперыментальная, таму выкарыстанне камп’ютара на ўроках апраўдана толькі ў тых выпадках, калі ён забяспечвае істотную перавагу ў параўнанні з традыцыйнымі формамі, метадамі і прыёмамі.

Для кожнага класа створана адпаведнае ІКТ-суправаджэнне курсаў фізікі і астраноміі з прэзентацыямі, відэафрагментамі, інтэрактыўнымі мадэлямі з’яў і прылад.

Актыўна задзейнічана інтэрактыўная дошка. Распрацоўкі ўрокаў і дыдактычныя матэрыялы збіраем і захоўваем у электронным фармаце. ІКТ многа дзе запатрабаваны, аднак калі ў мяне будзе выбар паказаць прыгожую карцінку або даць дзіцяці ў рукі прыбор, брусок, грузік і гэтак далей, то спынюся на апошнім”.

Людміла Шчарбакова: “Лічбавая адукаванасць сёння не дадатковая опцыя, а неабходная кампетэнцыя сучаснага настаўніка англійскай мовы. Актыўна выкарыстоўваю ў рабоце інтэрактыўную платформу Wordwall, адукацыйную платформу з падтрымкай штучнага інтэлекту Wayground, а таксама ШІ і нейрасеткі. Вядома ж, згенерыраваны ШІ матэрыял заўсёды правяраю і рэдагую. Важна разумець: ІКТ не замяняюць настаўніка, яны інструменты. Але правільна падабраны інструмент вызваляе мой час для самага галоўнага — жывых зносін з вучнямі, іх выхавання і для таго, каб тлумачыць складанае простымі словамі. Тэхналогіі — гэта не пра замену ці адмену, а пра ўзмацненне. І яшчэ адна, па-мойму, слушная рэч: з развіццём тэхналогій паскараецца тэмп жыцця, таму настаўніку ў сучасным свеце даводзіцца працаваць хутчэй і паспяваць больш. Тут таксама ІКТ здольны аказаць істотную дапамогу”.

Верыць у вучня

Як ва ўмовах невялікай сельскай установы адукацыі захапіць дзяцей спортам і дапамагчы дасягнуць высокіх вынікаў — даведаліся ў Кашчынскай сярэдняй школе імя М.А.Сурына.

— З пачатку навучальнага года стартавалі спартыўныя спаборніцтвы сярод школьнікаў, — паведаміў дырэктар Яўген Паляшчук. — За месяц у раённых асабістых першынствах нашы дзеці заваявалі 11 прызавых месцаў, а ў камандзе занялі 2-е месца на асеннім лёгкаатлетычным кросе і сталі чэмпіёнамі этапу “Шкаліяды”. Цяпер пераможцы рыхтуюцца прадставіць Чашніччыну на вобласці. Са спортам у нас моцна сябруюць і навучэнцы, і многія педагогі. Як вынік, стабільна трымаемся ў тройцы спартыўных лідараў раёна. На рахунку нашых школьнікаў ёсць значныя перамогі на абласных і рэспубліканскіх этапах мнагаборства “Здароўе”, “Снежнага снайпера”. У гэтым вялікая заслуга настаўніка фізічнай культуры і здароўя Анатоля Латышава.

У школьнай спартзале паглядзелі, як пад кіраўніцтвам Анатоля Канстанцінавіча праходзіць міні-тэніроўка для пачынаючых лыжнікаў, пагутарылі з педагогам і яго вучнямі. Вельмі крануў падарунак, які нядаўна зрабілі дзеці любімаму настаўніку: сціплая самаробная бірулька з выявай спартыўнага кубка і надпісам: “Вы верыце ў нас — і мы ў сябе паверылі”.