Два віцебскія каледжы падпісалі дагаворы аб супрацоўніцтве з расійскімі партнёрамі

Да партнёраў Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа афіцыйна далучылася Смаленская акадэмія прафесійнай адукацыі, паведаміў карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» дырэктар ВДТК Аляксандр Ласякін.

Па словах А. Ласякіна, заключанае пагадненне прадугледжвае правядзенне сумесных адукацыйных, пазнавальных і навукова-даследчых мерапрыемстваў у вочнай і дыстанцыйнай форме, рэалізацыю даследчых і творчых праектаў, а таксама ўзаемнае аказанне кансультатыўнай і метадычнай дапамогі, абмен вопытам, удзел навучэнцаў і педагогаў у канферэнцыях, алімпіядах і конкурсах прафесійнага майстэрства.

Аналагічны дагавор падпісалі кіраўнікі Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльнага каледжа і Пскоўскага кааператыўнага тэхнікума.

Акрамя таго, нашымі гасцямі сталі прадстаўнікі Велікалуцкага механіка-тэхналагічнага каледжа, пагадненне з якім мы заключылі ў мінулым годзе, — праінфармаваў дырэктар ВДІК Руслан Вінакураў. — Вялікую цікавасць у расіян выклікалі нашы інавацыйныя праекты, арганізацыя работы цэнтра кампетэнцый у сферы грамадскага харчавання, прафарыентацыйнай і пазабюджэтнай дзейнасці, падтрымка маладзёжных ініцыятыў. І, несумненна, практыка-арыентаванае навучанне, якое стала пазнавальным брэндам каледжа. Імідж установы ў першую чаргу фарміруе моладзь. Набытыя тэарэтычныя веды нашы навучэнцы з захапленнем паглыбляюць на практыцы, у тым ліку працуючы на нашых фірменных навучальных аб’ектах, у магазіне «Дамавік» і сетцы «Кафэ № 16».

У ходзе візіту ў Беларусь дэлегацыі ўстаноў прафесійнай адукацыі з Расіі азнаёміліся з работай цэнтраў кампетэнцый, матэрыяльнай базай і падрыхтоўкай кадраў на ўзроўнях прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў паўночным рэгіёне, прынялі ўдзел у семінарах, майстар-класах і круглых сталах, абмеркавалі шырокі спектр пытанняў двухбаковых адносін і перспектывы ўзаемадзеяння.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота прадастаўлена Віцебскім абласным вучэбна-метадычным
цэнтрам прафесійнай адука