Два 5­-я класы з профільнай накіраванасцю адкрылі ў школе №12 Віцебска ў супрацоўніцтве з Віцебскай мытняй

Два 5­-я класы з профільнай накіраванасцю адкрылі ў сярэдняй школе № 12 Віцебска імя Л.М.Філіпенкі ў супрацоўніцтве з Віцебскай мытняй. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Навучэнцы на гэтай паралелі таксама будуць займацца ў класах інжынернай, прыродазнаўчай, лінгвіс­тычнай і матэматычнай накіраванасці. Як паведаміла дырэктар установы адукацыі Святлана Траццякова, эксперымент нацэлены на раскрыццё дзіцячых талентаў, гарманічнае развіццё асобы кожнага школьніка, фарміраванне прафесійных намераў.

— Дапрофільная і профільная падрыхтоўка трывала ўвайшла ў нашу практыку і пераканаўча пацвердзіла сваю эфектыўнасць, — адзначыла дырэктар. — Разам з тым актуальным застаецца пытанне ранняй прафарыентацыі ў залежнасці ад здольнасцей і інтарэсаў дзіцяці ў супрацоўніцтвве з яго сям’ёй, забеспячэнне пераемнасці ў гэтым напрамку паміж пачатковай школай і сярэднім школьным звяном. Да сённяшняй падзеі мы планамерна набліжаліся на працягу мінулага навучальнага года. У рабоце зыходзілі з таго, што актыўнае і сістэмнае знаёмства навучэнцаў з захапляльным светам прафесій мэтазгодна пачынаць не з 7—8, а менавіта з 5 класа. Нашу ініцыя­тыву падтрымалі аддзелы па адукацыі на раённым і гарадскім узроўні, галоўнае ўпраўленне па адукацыі аблвыканкама, сацыяльныя партнёры і — гэта быў ключавы момант — бацькоўская грамадскасць. Таты і маці нашых вучняў вельмі прыхільна прынялі навацыю.

Чацвёра навучэнцаў сярэдняй школы № 12 сёлета ўвайшлі ў лік пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве, працоўным навучанні і біялогіі, пахвальны водзыў атрыманы па матэматыцы. Настаўнік гісторыі Ілья Кузняцоў заняў 1-е месца па выніках абласнога этапу рэспубліканскага фестывалю “Педагагічны дэбют”. Прадстаўнікі ўстановы адукацыі неаднаразова перамагалі ў сацыяльна значных рэспуб­ліканскіх конкурсах і праектах, сярод якіх “Энергамарафон”, “100 ідэй для Беларусі”, “Лідар года”.

Для паступлення ў незвычайны клас не трэба было здаваць іспыты або прахо­дзіць конкурс. Галоўнымі крытэрыямі пры наборы сталі ўласнае жаданне навучэнца і запыты яго бацькоў, залічэнне прахо­дзіла на аснове пададзеных заяў. Характэрна, што найбольшая іх колькасць паступіла на навучанне з узмоцненым праваахоўным кампанентам: сфарміраваны два класы. Іх прадстаўнікоў у школе можна адразу вызначыць па элеменце адзення — для дзяцей распрацаваны і выраблены значкі. У перспектыве на базе гэтых класаў плануецца сфарміраваць ваенна-патрыятычны атрад, і тады ўжо размова пойдзе пра спецыяльную форму. Паколькі непасрэдным партнёрам тут выступае Віцебская мытня, акцэнт у падрыхтоўцы будзе зроблены на мытную справу, правазнаўства і фінансавую дасведчанасць. Кіраўнікі і спецыяліс­ты мытні будуць задзейнічаны ў класных га­дзінах і тэматычных занятках, пры­муць удзел у бацькоўскіх сходах, сацыя­культурных і спартыўных школьных мерапрыемствах. Навучэнцаў чакаюць экскурсіі на Віцебскую мытню, дзе іх азнаёмяць з гісторыяй і спецыфікай службы на розных участках, інфраструктурай пунктаў пропус­ку, работай мытных пастоў. Будучым мытнікам прадэманструюць тэхнічныя сродкі мытнага кантролю, выступленне кінолагаў. Запланавана і серыя сумесных мера­прыемстваў адукацыйнага характару, уключаючы семінары, круглыя сталы, адкрытыя дыялогі, турніры, квесты, паходы і экскурсіі службовых асоб мытні разам са школьнікамі і педагогамі па гістарычных мясцінах вобласці і краіны. Акрамя таго, сярод старшакласнікаў правядуць растлумачальную работу па паступленні і падрыхтоўцы дакументаў для мэтавага навучання па спе­цыяльнасці “Мытная справа”. 

— Наша традыцыйнае яркае мерапрыемства — пасвячэнне ў пяцікласнікі — збіраемся прымеркаваць да Дня мытніка, які адзначаецца 20 верасня, — расказала Святлана Траццякова. — Вартыя ўвагі і іншыя напрамкі, па якіх дадзены старт. Дзякуючы навацыі дзеці будуць, напрыклад, дадаткова вывучаць кітайскую мову, робататэхніку і асновы праграмавання — у цэлым, мы прапанавалі даволі шырокі спектр магчымасцей. Адметна, што працаваць з пяцікласнікамі будуць як нашы педагогі, так і выкладчыкі Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта і ВДУ імя П.М.Ма­шэрава. Заняткі будуць ажыццяўляцца пераважна праз дзейнасць школьных аб’яднанняў па інтарэсах. Далей работу працягнем у фармаце дапрофільнай падрыхтоўкі.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота прадастаўлена
сярэдняй школай № 12 Віцебска імя Л.М.Філіпенкі