Педагогі Шуміліншчыны разам з выхаванцамі і іх бацькамі ствараюць моднае адзенне з народным каларытам
Творчы праект на працягу двух гадоў аб’ядноўвае ўсе дзіцячыя сады і школы раёна, а таксама раённы Цэнтр дзяцей і моладзі. Галоўная мэта — праз нестандартны фармат павысіць матывацыю падрастаючага пакалення да вывучэння нацыянальнай культурнай спадчыны, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Як паведаміла начальнік аддзела па адукацыі Шумілінскага райвыканкама Аксана Талстая, ужо на старце прапанаваная канцэпцыя праекта “Моднае — народнае” захапіла педагогаў, работнікаў устаноў адукацыі і дзяцей, да якіх неўзабаве актыўна далучыліся іх сем’і.
У працэсе рэалізацыі задуманага зацікаўленыя ўдзельнікі ўзбагацілі праект сваімі ідэямі, якія потым усім раёнам увасобілі ў жыццё. Напрыклад, да касцюмаў з элементамі беларускай сімволікі, традыцыйных народных строяў і арнаментаў дабавіліся галаўныя ўборы. Разам з вырабам адметных паясоў і фартухоў гэта паступова ператвараецца ў асобнае адгалінаванне праекта. Яшчэ адзін напрамак звязаны з лялькамі і адзеннем для іх у народнай стылістыцы.
— Праект на вачах пашырае свой маштаб і падказвае новыя перспектыўныя кірункі, — адзначыла Аксана Талстая. — Мы запрасілі прафесійных фатографаў, каб скласці партфоліа нашых мадэлей. Аформілі не толькі прыгожы фотаальбом, але і якасны прэзентацыйны матэрыял для выстаў, выкарыстання на інтэрнэт-пляцоўках. У праекта з’явіліся ўласная прома-прадукцыя, уключаючы паштоўкі, кніжныя закладкі. У рамках праекта праводзім штогадовы конкурс, пераможцаў якога ўрачыста аб’яўляем і ўзнагароджваем на галоўнай адкрытай канцэртнай пляцоўцы раёна ў рамках святкавання Дня Незалежнасці. Дарослыя і дзеці не проста выходзяць на сцэну, дэманструючы плён сваёй працы. Напэўна, самы захапляльны момант — абарона аўтарскіх калекцый, калі ўдзельнікі выконваюць харэаграфічныя нумары, спяваюць песні і чытаюць вершы пра Беларусь і Шуміліншчыну.

Прадстаўнікам Шумілінскага дзіцячага сада № 4 па выніках конкурсу двойчы ўручалі прыз сімпатый гледачоў.
У першым сезоне гэтая дружная каманда стала пераможцай, а мінулым летам — першай у намінацыі “Лепшае дэфіле”. Па словах кіраўніка дашкольнай установы Наталлі Вінаградавай, праект моцна з’яднаў удзельнікаў. Дызайн адзення прыдумвалі ўсім дзіцячым садам. Матэрыялы для пашыву не давялося купляць, іх наперабой прапаноўвалі і прыносілі з дому работнікі і бацькі дзяцей — настолькі захапіла ўсіх калектыўная творчая справа. Калі патрабавалася, мамы з татамі гатовы былі нават у выхадныя збірацца, разам з дзецьмі рэпеціраваць творчыя нумары і вучыцца дэфіле. Больш за тое, улетку бацькі, чые дзеці адпачывалі ў бабуль і дзядуляў, спецыяльна ездзілі да іх і прывозілі юных артыстаў у Шуміліна, каб добра падрыхтавацца і ўдала выступіць на конкурсе.
— Пры пашыве выкарыстоўваем натуральныя тканіны, лён і бавоўну, — расказала Наталля Вінаградава. — У ансамбля, створанага летась, колеравая гама была бела-сіняя.
Сёлетні здабытак — ансамбль касцюмаў, выкананых у бела-зялёнай гаме і упрыгожаных беларускім народным арнаментам, які азначае багацце. Мужчынскі варыянт касцюма называецца “Уладар беларускіх палёў”, жаночы, з раскошнай сукенкай, — “Сафійка”. Абедзве калекцыі актыўна задзейнічаны. Яны сталі сапраўдным упрыгажэннем нашых мерапрыемстваў, гэта наша гордасць! Зусім нядаўна, падчас святкавання Дня народнага адзінства, мы іх таксама выкарыстоўвалі, а мінулым летам сумесна з іншымі ўдзельнікамі праекта з задавальненнем паказалі на выставе ў Віцебску.
Каменціруючы навацыі праекта, начальнік аддзела па адукацыі асобна акрэсліла задачу на ўзмацненні рэгіянальнага кампанента. Праз школьныя таварыствы юных даследчыкаў і аб’яднанні па інтарэсах плануецца актывізаваць работу па вывучэнні асаблівасцей народных строяў Віцебскай вобласці з акцэнтам на Шумілінскім раёне.
— Гэтае даследаванне нам патрэбна ў тым ліку для прымянення на практыцы, у ансамблях адзення, — патлумачыла Аксана Талстая. — Другі прыярытэтны вектар — выкарыстанне напрацовак дзяцей і педагогаў у дзелавым адзенні школьнікаў. Пакуль гаворка ідзе пра яго элементы, але думаем і пра поўны камплект. На сёння некалькі кіраўнікоў устаноў адукацыі гэтым зацікавіліся. Эксперымент плануем правесці спачатку ў межах аднаго класа.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара
