Каманда Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльнага каледжа ўвайшла ў тройку рэкардсменаў «Марафону адзінства»
У ліку самых папулярных мерапрыемстваў у рамках рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі — гарадскі квест “Гэта ўсё маё роднае”. У Віцебску ён з’яднаў 86 каманд і 775 удзельнікаў, што па колькасці з’яўляецца абсалютным рэкордам. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Акрамя таго, менавіта віцябляне ўпершыню за гісторыю “Марафону адзінства” здолелі набраць найвышэйшы з магчымых бал па выніках праходжання 10 станцый з цікавымі заданнямі на веданне гісторыі і сучаснасці нашай краіны. У прыватнасці, былі нестандартныя пытанні па роднай мове і літаратуры, беларускай музыцы і нацыянальнай кухні, пра знакамітых землякоў, памятныя мясціны, дасягненні і прадукцыю айчынных прадпрыемстваў. У традыцыях квеста — акцэнт на рэгіёне, які прымае народны марафон. Варта сказаць, што прыемна здзівіў не толькі энтузіязм удзельнікаў, але і ўзровень іх ведаў пра роднае. Невыпадкова максімальныя 120 балаў набралі адразу тры каманды — гэта зноў жа рэкорд!
Літаральна імгненні дазволілі журы размеркаваць месцы ў тройцы лідараў. Узначаліў яе “Шчаслівы лакаматыў” з Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі, замкнула “Віцебская мытня”, а пасярэдзіне размясціліся дружныя і дасведчаныя “Валошкі” з Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльнага каледжа.
Вольга Сцепушчонак, намеснік дырэктара ВДІК па вучэбна-выхаваўчай рабоце:
— “Марафон адзінства” — значная падзея для Беларусі. Ён насамрэч аб’ядноўвае людзей розных узростаў і прафесій. Важным вектарам з’яўляецца захаванне гістарычнай памяці. Удзельнікі актыўна вывучаюць, чым славяцца нашы рэгіёны і краіна, адкрываюць для сябе многа новага, фарміруюцца новыя рабочыя кантакты і сяброўскія сувязі. На квесце выдатна выступіла каманда “Валошкі”. Гэта ўнікальны поспех, бо навучэнцы каледжа на роўных спаборнічалі са студэнтамі ўніверсітэтаў, прадстаўнікамі працоўных калектываў прадпрыемстваў і не проста перамаглі, а з максімальнымі баламі! Мы ганарымся дасягненнем нашых эрудытаў-краязнаўцаў. Да перамогі іх прывёў выкладчык Рынат Карымаў. Дарэчы, дзякуючы гэтаму чалавеку ў нас увесь каледж масава захапляецца інтэлектуальнымі гульнямі. У цэлым на вынік спрацаваў комплекс фактараў, найперш выбудаваная сістэма работы з навучэнцамі.
Характэрны момант: аматары інтэлектуальных гульняў не толькі ўдзельнічаюць і перамагаюць у розных турнірах, але і выступаюць ініцыятарамі многіх з іх. Напрыклад, напярэдадні правядзення ІІ Гульняў краін СНД яны вырашылі ўнесці ўклад у папулярызацыю спаборніцтваў, прыцягненне балельшчыкаў. Узяліся за справу і ажыццявілі ідэю: пры падтрымцы кіраўніцтва каледжа, галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама правялі адкрыты гарадскі інтэлектуальны турнір “Мы верым цвёрда ў герояў спорту!”. Штоквартальныя адкрытыя турніры эрудытаў у гэтай установе адукацыі — добрая традыцыя на працягу многіх гадоў. У іх удзельнічаюць усе вучэбныя групы, якіх больш за 30, а таксама далучаюцца каманды іншых каледжаў і школ. Зусім нядаўна, пасля завяршэння мерапрыемстваў “Марафону адзінства” ў Віцебску, каманда ВДІК заняла 3-е месца ў інтэлектуальна-забаўляльным квізе для байцоў студэнцкіх атрадаў БРСМ устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі Кастрычніцкага раёна горада. Дарэчы, студатрадаўскі рух у каледжы развіваецца дастаткова інтэнсіўна. У летніх дзіцячых аздараўленчых лагерах працавалі два сэрвісныя атрады, убіраць ураджай аграрыям дапамагалі чатыры сельскагаспадарчыя атрады.
Па словах Вольгі Сцепушчонак, важкім складнікам пастаўленага каледжам на “Марафоне адзінства” рэкорду з’яўляецца і работа аб’яднання па інтарэсах “Віцебсказнаўства”, якім кіруе выкладчыца Таццяна Новікава. Навучэнцы, якія ўваходзяць у яго актыў, захоплены гісторыяй і краязнаўствам. Яны праводзяць даследаванні на аснове адкрытых крыніц і архіваў, супрацоўнічаюць з музеямі, складаюць экскурсійныя маршруты. Спачатку яны самі іх тэсціруюць, а далей падключаюцца куратары вучэбных груп. Пры іх садзеянні юныя знаўцы Віцебска праводзяць экскурсіі па гэтых аўтарскіх гарадскіх маршрутах для іншых навучэнцаў каледжа. Зараз у рабоце некалькі новых адметных праектаў.
У Оршы максімальную колькасць балаў набрала каманда “Славяначкі” сярэдняй школы № 7. На другім месцы — “Аптымісты” з Аршанскага каледжа ВДУ імя П.М.Машэрава, на трэцім — каманда Аршанскага дзяржаўнага механіка-эканамічнага каледжа.