Яўгеній Агей: «Выхоўваць грамадзяніна-патрыёта настаўнік павінен уласным прыкладам»

Настаўнік Яўгеній Агей з Верхнядзвінскай гімназіі імя І.А.Макеянка ўпэўнена пракладвае курс карабля ведаў па акіяне гісторыі і грамадазнаўства. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У ліку яго вучняў — пераможцы трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах і абласной прававой алімпіяды “Канстытуцыя — гарант беларускай дзяржаўнасці”, уладальнікі 100-бальных сертыфікатаў цэнтралізаванага экзамену і фіналіст рэспубліканскага конкурсу “Я патрыёт сваёй краіны” ў рамках культурна-адукацыйнага патрыятычнага праекта “Цягнік Памяці — 2025”. Педагог на грамадскіх пачатках курыруе работу раённага ваенна-марскога музея, размешчанага на базе ўстановы адукацыі, займаецца дэпутацкай дзейнасцю і з’яўляецца народным засядацелем раённага суда агульнай юрысдыкцыі.
Уласным прыкладам
— Яўгеній Віктаравіч, выбачайце за крыху правакацыйнае пытанне, але ці не замнога для аднаго? Грамадскія нагрузкі не перашкаджаюць настаўніцкай рабоце?
— Выхоўваць грамадзяніна-патрыёта настаўнік павінен уласным прыкладам. Можна колькі заўгодна прыгожа і доказна гаварыць пра любоў да Радзімы, заклікаць вучняў займаць актыўную грамадзянскую пазіцыю, аднак гэта будзе амаль упустую, калі твае словы не падмацаваны рэальнымі справамі. Я гэта добра адчуваў ужо на педагагічным старце. Таму стаў кіраўніком гімназічнага інтэлектуальнага клуба “Афіна”, увайшоў у прафкам, пачаў выступаць за зборную гімназіі па валейболе. Праўда, цяпер на паўнацэнную прафсаюзную дзейнасць і спорт не хапае часу, а ўдзельнічаць у любой справе, вобразна кажучы, напалову — не па мне. Адпаведна, нечым даводзіцца ахвяраваць, расстаўляць прыярытэты. У сваю чаргу, грамадскія нагрузкі заўсёды падразумяваюць калектыўнае ўзаемадзеянне. На многія з іх мяне нацэліла наша дырэктар Галіна Васёха. Неацэнны вопыт атрымаў і ад старэйшых калег, дэпутатаў райсавета і яго старшыні Ірыны Козел.
Рабіць штосьці карыснае людзям і цікавае табе, вучыцца новаму ў камандзе аднадумцаў — гэта матывацыя, натхненне і асабовае развіццё, якое выступае неад’емным складнікам прафесійнага росту.
Да таго ж удзел у грамадскім жыцці калектыву, горада, раёна павышае статус настаўніка ў вачах дзяцей. Ты працуеш на прэстыж прафесіі і адначасова паказваеш яе магчымасці. Фарміруеш базіснае перакананне, што нельга абыякава ставіцца да жыцця свайго народа, краіны, малой радзімы, бо немагчыма быць абыякавым да ўласнага лёсу, і задаеш вучням арыенціры канструктыўнай самарэалізацыі. Варта адзначыць і такі момант: атрыманыя дзякуючы грамадскім нагрузкам веды, навыкі вельмі дапамагаюць мне ў прафесійнай дзейнасці.
— Якім чынам?
— Узаемасувязь відавочная. Возьмем абавязкі народнага засядацеля ў судзе. У курсе грамадазнаўства ёсць раздзел, прысвечаны праву. Зразумела, што я не магу на вучэбных занятках прыводзіць дэталі крымінальных спраў, да прыняцця вердыктаў па якіх меў непасрэднае дачыненне. Разам з тым, калі мы гаворым пра механізмы работы судовай сістэмы, вучні разумеюць: яны атрымліваюць інфармацыю не столькі ад кніжнага
тэарэтыка, колькі ад практыка, з першых вуснаў. Больш дакладнасці і даверу. Тое ж можна сказаць пра дзейнасць у якасці народнага выбранніка. Нашы ініцыятывы, якія рэалізоўвае раённы Савет дэпутатаў, вельмі цесна судакранаюцца са справамі калектыву ўстановы адукацыі. Так, на мінулым тыдні мы з вучнямі майго класа (бо я яшчэ і класны кіраўнік) і кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні Арцёмам Шыпілам наводзілі парадак на тэрыторыі вакол помніка ахвярам Халакосту. Дэпутацкая гэта ініцыятыва, настаўніцкая, маладзёжная? Выкажу недапушчальную рэч з пункту погляду фармалізму: а якая розніца? Мы разам хочам гэта рабіць і робім, бо адчуваем, што па-іншаму няправільна і для нас немагчыма.
У тым жа ключы бачу і сваю работу ў ваенна-марскім музеі сумесна з калегамі, юнымі экскурсаводамі і даследчыкамі, Беларускім саюзам ваенных маракоў і асабіста са старшынёй раённай арганізацыі гэтага грамадскага аб’яднання, ініцыятарам стварэння музея Валерыем Салаўёвым.
Імя Івана Макеянка
— Адкуль у сухапутным Верхнядзвінску такія моцныя ваенна-марскія традыцыі?
— З 2023 года наша гімназія носіць імя ўраджэнца вёскі Гарадзілавічы Верхнядзвінскага раёна Івана Макеянка. У гады Вялікай Айчыннай вайны ён служыў у марской пяхоце Чарнаморскага ваеннага флоту, удзельнічаў у абароне Адэсы і Севастопаля, вызваленні Новарасійска і Бярдзянска, баях на Малой зямлі. Пры
вызваленні Нікалаева быў у складзе легендарнага дэсанта К.Ф.Альшанскага і ў баі 27 сакавіка 1944 года загінуў смерцю храбрых. Праз год, 20 красавіка, яго подзвіг быў адзначаны высокім званнем Героя Савецкага Саюза. Урачыстае адкрыццё ваенна-марскога музея з раздзелам экспазіцыі, прысвечаным славутаму земляку, адбылося 18 мая 2024 года. Экспазіцыя даволі змястоўная: гісторыя флоту ад пятроўскіх часоў да эпохі атамных ракетаносцаў, унікальныя флоцкія артэфакты, экспанаты побыту і формы адзення, фотаматэрыялы, макеты старадаўніх караблёў. Дарэчы, піянерская арганізацыя гімназіі ў дзень адкрыцця музея прымала папаўненне. Гальштукі ўсхваляваным чацвёртакласнікам павязалі ветэраны ВМФ, ваенныя маракі з Віцебска, Мінска, Верхнядзвінска, Шуміліна, Талачына, Растова-на-Доне. Хочаце даведацца, чаму ваенморы Віцебскай вобласці напаўжартам называюць наш раён сваёй ваенна-марской базай? Або пра беларускіх маракоў, подзвігі якіх праславілі расійскі флот? Або пра гісторыю клуба юных маракоў “Гардэмарыны” на Асвейшчыне і яго кіраўніка каперанга Васіля Рудога? Або як дзякуючы энтузіязму і дасведчанасці юных экскурсаводаў пры асабістай падтрымцы старшыні Верхнядзвінскага райвыканкама Васіля Шылава нашы гімназісты і педагогі мінулым летам пабывалі ў Санкт-Пецярбургу, наведалі калыску расійскага флоту — Кранштат? Тады запрашаем у госці!
Настаўнік для маладых калег
— Вы з 2015 года працуеце ў гімназіі, на сваім першым рабочым месцы. Што паспрыяла замацаванню?
— Я скончыў ВДУ імя П.М.Машэрава па спецыяльнасці “Гісторыя і сацыяльна-палітычныя дысцыпліны” з адзнакай, затым магістратуру па спецыяльнасці “Айчынная гісторыя” — спецыялізаваўся на даследаванні гаспадарчай рэформы Касыгіна ў прамысловасці Віцебска. У мяне былі цудоўныя ўніверсітэцкія выкладчыкі і нядрэнныя перспектывы ў навуцы, але я ўсё ж вырашыў звязаць сваю асноўную дзейнасць з адукацыяй.
Лічыў і лічу, што дзецям неабходна грунтоўная падрыхтоўка па гісторыі і грамадазнаўстве, каб з іх выраслі прагрэсіўныя маладыя людзі, сапраўдныя грамадзяне, патрыёты. Гэта, напэўна, галоўная матывацыя, якая трымае мяне ў прафесіі.
Да таго ж мне проста цікава працаваць з навучэнцамі і іх бацькамі, камфортна ў адносінах з калегамі, кіраўніцтвам гімназіі і не перастае захапляць мая работа. З радасцю прыняў бы, у прынцыпе, любое накіраванне пасля магістратуры, аднак нам прапанавалі шукаць сабе вакантныя месцы самастойна. Знайшоў такое на ўскраіне вобласці, тут, у гімназіі. І магу сказаць, што ўдала. Мне як маладому спецыялісту забяспечылі фінансавую падтрымку ў першыя два гады работы, і, згодна з калектыўным дагаворам, яна была распаўсюджана на трэці год. Адразу ж за мной замацавалі педагога-настаўніка, стварылі спрыяльныя ўмовы для развіцця, уключылі зялёнае святло ўсім ініцыятывам, заахвочвалі поспехі, у тым ліку матэрыяльна. Праз год работы я атрымаў другую кваліфікацыйную катэгорыю, на сёння маю вышэйшую. Цяпер ужо сам з’яўляюся
педагогам-настаўнікам для маладых спецыялістаў, дзялюся вопытам на гімназічных і раённых вучэбна-метадычных аб’яднаннях, выступаю на педагагічных саветах, дастаткова часта даю адкрытыя ўрокі для педагогаў раёна, вобласці, рэспублікі. Думаю, на гэта паўплывала і маё захапленне алімпіядным рухам у школьныя гады, у прыватнасці, паспяховы вопыт удзелу ў алімпіядах па гісторыі і геаграфіі. Магчыма, не поўнасцю тады рэалізаваў свой патэнцыял, а цяпер гэта атрымліваецца зрабіць праз сваіх вучняў. Шчыра радуюся іх поспехам. Ужо ў 2017 годзе мой вучань увайшоў у лік пераможцаў абласнога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі.
— А якія вынікі былі ў мінулым навучальным годзе і сёлета?
— Летась я падрыхтаваў двух стабальнікаў па грамадазнаўстве. Па гэтым прадмеце сярэдні тэставы бал экзамену ў маіх выпускнікоў склаў 98,3, сярэдні бал цэнтралізаванага тэсціравання — 92, ЦЭ па гісторыі Беларусі — 96 балаў. Усе паспяхова паступілі на профільныя спецыяльнасці ў ПДУ імя Еўфрасінні Полацкай, БДЭУ, БДУ, Акадэмію МУС Рэспублікі Беларусь. У студзені мая вучаніца Юлія Голубева атрымала дыплом ІІІ ступені на трэцім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве. Дзяўчына вучыцца ў 10 класе, сябруе са спортам і са сцэнай, актыўна займаецца даследчай, музейнай, пошукавай і валанцёрскай дзейнасцю, удзельнічае ў справах БРСМ, вучнёўскім самакіраванні гімназіі, з’яўляецца камісарам экалагічнага атрада “Лясны патруль”. Яе запаветная мара, прыярытэт на гэты навучальны год — увайсці ў склад удзельнікаў культурна-адукацыйнага патрыятычнага праекта “Цягнік Памяці.” Па выніках абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Я патрыёт сваёй краіны” Юлія выйшла ў рэспубліканскі фінал. Спадзяюся, што яе надзеі спраўдзяцца.