Чалавек года Віцебшчыны дырэктар Полацкага кадэцкага вучылішча — пра выхаванне будучых абаронцаў Айчыны
Станіслаў Красоўскі, дырэктар Полацкага кадэцкага вучылішча, увайшоў у лік сёлетніх лаўрэатаў ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны”. Пра асабісты шлях педагога, прынцыпы яго работы, выхаванне будучых абаронцаў Айчыны — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Традыцыі і пераемнасць
— Станіслаў Канстанцінавіч, у чым сутнасць і галоўная мэта работы вучылішча?
— Прымнажаючы традыцыі мінулага, мы выхоўваем патрыётаў і адказна выконваем вызначаную кіраўніком дзяржавы задачу: рыхтуем моладзь да паступлення ў ваенныя навучальныя ўстановы Рэспублікі Беларусь. Не толькі даследуем і захоўваем багатую спадчыну нашых папярэднікаў, але і фарміруем новыя традыцыі — у гэтым сутнасць развіцця і пераемнасці.
Напрыклад, храмам Полацкага кадэцкага корпуса з’яўляўся Свята-Мікалаеўскі сабор, які, на жаль, не захаваўся. Пасвячэнне ў кадэты 19 студзеня 2025 года ўпершыню адбылося ў Сафійскім саборы. Пры падтрымцы Беларускай Праваслаўнай Царквы і Беларускага фонду міру мы адрадзілі ў вучылішчы дамавы храм. Ён быў асвечаны ў гонар выпускнікоў нашай установы — прападобнага Варсанофія Опцінскага і святога мучаніка Мікалая Акаловіча. Што тычыцца развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы, то летась мы адкрылі новы кабінет робататэхнікі. Нашы музейныя фонды пастаянна папаўняюцца.
— Ці з’явіліся за нядаўні час новыя экспазіцыі?

— Так. Адна з іх прысвечана памяці ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, палачанам Альберту Уладзіслававічу Збароўскаму і Аляксандру Піліпавічу Растапчыну. Гэты праект — плён супрацоўніцтва вучылішча з раённым саветам ветэранаў пры падтрымцы партыі “Белая Русь” і прадпрыемства “Полацкводаканал”. Таксама манціруем экспазіцыю, дзе прадставім форму адзення, фуражкі розных эпох і часоў. Наш музей вядомы і запатрабаваны ў краіне, часта прымаем групы з некалькіх школ на працягу дня. Гэта вельмі важны напрамак работы. Зваротная сувязь моцная. У прыватнасці, вучні часта задаюць экскурсаводам-кадэтам пытанні, напрыклад, як вучыўся Мікіта Куканенка, цікавяцца гісторыяй нашага сцяга. Хвалюючая для мяне сустрэча адбылася на гэтым тыдні: упершыню музей наведала група з маёй роднай Залескай сярэдняй школы Глыбоцкага раёна.
Вымярэнне падзей

— Якія экспанаты найбольш дарагія для вас?
— Кожны з іх, бо за імі — гісторыя, пошук, чалавечыя лёсы. Іншая справа, што ёсць унікальныя экспанаты, як, напрыклад, малітоўнік, што належаў тром пакаленням сям’і Грабеншчыковых, чые лёсы звязаны з Полацкам і нашай установай. У музеі захоўваецца сцяг Полацкага кадэцкага корпуса — гэта не проста экспанат, а гісторыка-культурны артэфакт невымернай каштоўнасці. Святыні 182 гады. За гэты час яна пераадолела доўгі шлях праз кроў, самаахвярнасць, подзвігі, а ў прасторавых адносінах — праз тры кантыненты. Дзякуючы нашым намаганням, садзейнічанню мноства людзей, дзяржаўнай падтрымцы, майстэрству расійскіх рэстаўратараў, гэты сцяг — сімвал гераізму і патрыятызму, вернасці прысязе і свайму абавязку, воінскай славы і дружбы народаў — вярнуўся ў кадэцкае вучылішча.
— Ваша біяграфія па насычанасці справамі і падзеямі таксама ўражвае. Цікава, кім вы збіраліся стаць пасля школы?
— З прафесіяй вызначыўся ў 12-гадовым узросце, калі загінуў Юрый Гагарын. Выразна помню той сакавік. У нас на ўсю вёску было два тэлевізары, каля якіх людзі збіраліся разам, глядзелі тэлеперадачы, выказвалі версіі прычын авіякатастрофы. Не помню абыякавых. Першы ў свеце лётчык-касманаўт быў народным героем, страта ўсіх балюча кранула. Мне гэта запала ў душу. Цвёрда вырашыў паступаць у лётнае вучылішча. Але медыкі знайшлі ў мяне мізэрнае супрацьпаказанне. Карацей, медкамісію я не прайшоў. Нікуды больш не стаў паступаць, пайшоў служыць у армію і трапіў у войскі супрацьпаветранай абароны. Нечакана мяне гэта захапіла. У выніку скончыў Кіеўскае вышэйшае зенітнае ракетнае інжынернае вучылішча імя С.М.Кірава. Далей былі Прыбалтыка, Калінінград, Ваенная акадэмія СПА Сухапутных войскаў імя Маршала Савецкага Саюза А.М.Васілеўскага, Урал, Далёкі Усход, Цэнтральная Азія. Звярніце ўвагу на чарнільны прыбор на маім стале — гэта артэфакт, узор савецкай якасці. Падораны маім камбатам з нагоды заканчэння ваеннага вучылішча ў 1980 годзе, ён прайшоў праз усе згаданыя рэгіёны, і дагэтуль я ім карыстаюся, падпісваючы дакументы. Праўда, вечны каляндар цяпер стаў дэкаратыўным элементам, бо разлічаны да 2000 года. Калі распадаўся Савецкі Саюз, так склаліся абставіны, што я прыехаў у Беларусь. Службу завяршыў на пасадзе камандзіра зенітна-ракетнага палка.
На карысць Айчыны

— Далейшы лёс непарыўна звязаны з Полацкам?
— Так. Прычым, як мне цяпер бачыцца, лёс за руку вёў мяне да работы ў кадэцкім вучылішчы. Хаця, калі рабіў да гэтага першы крок, падобных планаў і блізка не было, вучылішча яшчэ не існавала. Мяркуйце самі. У 2006 годзе я прыняў пасаду галоўнага спецыяліста па абаронна-мабілізацыйных пытаннях гарвыканкама. Ёсць у Полацку такі матываваны, зацікаўлены краязнавец Андрэй Супрановіч. Аднойчы ён прыйшоў у мой кабінет і эмацыянальна расказаў, што нехта ў Слоніме надумаў адкрыць… Полацкі кадэцкі корпус. Мяне праняло: калі адкрываць, то на гістарычнай Радзіме! Нас падтрымала кіраўніцтва горада. Быў створаны камітэт па адраджэнні Полацкага кадэцкага корпуса, мяне прызначылі яго старшынёй. Кола задач мы акрэслілі для сябе коратка: адкрыць корпус, вярнуць з Нью-Ёрка сцяг узору 1844 года, стварыць музей. Збіралі аднадумцаў і разам упарта рухаліся да мэты.
— Спатрэбілася 17 гадоў…
— Але ў нас, тых, хто верыў і рабіў справу, усё атрымалася. Важны этап, супастаўляльны па складанасці з вяртаннем сцяга, пачаўся з ідэі вярнуць вучылішча ў карпусы на тэрыторыі Верхняга замка. Скептыкі гаварылі: “Немагчыма”. Аднак каманда прыхільнікаў сабралася магутная. Наша ініцыятыва адгукнулася ў сэрцах мноства людзей, яны сталі рэальна дапамагаць. Падтрымалі нас Ігар Карпенка, Наталля Качанава і, што асабліва важна, Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Мелі падтрымку і на ўзроўні Саюзнай дзяржавы. І вось, дзякуючы скаардынаваным калектыўным намаганням, цяпер мы тут, у гістарычным месцы, з сучаснай матэрыяльна-тэхнічнай базай. Многа пераадолена цяжкасцей, затое вынік істотны. І ў нашых навучэнцаў перад вачыма пераканаўчы прыклад: не трэба баяцца ставіць перад сабой складаныя задачы. Калі ты гатовы многа працаваць, поруч з табой надзейныя таварышы і твая ідэя на карысць роднага краю, народа і Айчыны, то ты абавязкова дасягнеш мэты. Магчыма, не хутка, аднак несумненна.
Правільны выбар

— Многія згодны з меркаваннем, што ў жыцці заўсёды ёсць месца подзвігу. А камусьці бліжэй працяг гэтай фразы, выказаны класікам гумарыстычнага жанру: “Трэба толькі быць далей ад гэтага месца”. Ці падзяляеце вы такую пазіцыю?
— Рэальны свет не дзеліцца толькі на чорнае і белае, таму падыход сітуатыўны. Мы вучым моладзь на прыкладах подзвігаў у імя высокай мэты, калі рашэнне абумоўлена не матэрыяльнай выгадай ці захаваннем уласнага здароўя і жыцця, а духоўна-маральнымі ідэаламі, вернасцю Радзіме, імкненнем выратаваць людзей. Рашучасць і прынцыповасць, дысцыплінаванасць і адказнасць, уменне імгненна ацаніць абстаноўку, каб эфектыўна дзейнічаць, — неабходныя якасці будучага абаронцы Айчыны. Рызыка дзеля рызыкі — дрэнная рэч, а небяспеку лепш прадухіліць, таму фарміруем адпаведныя навыкі. У жыцці дастойным учынкам і самаўдасканаленню заўсёды ёсць месца. Можна праявіць сябе ў любой сферы дзейнасці, было б жаданне.
— Што адчувалі на цырымоніі ўганаравання лаўрэатаў звання “Чалавек года Віцебшчыны”?
— Радаснае ўзрушэнне, безумоўна. Гордасць за справу і свой калектыў, бо ў кожным такім трыумфе за табой — надзейная каманда. Блізкі па энергетыцы эмацыянальны ўздым я двойчы перажываў у 2024 годзе. Спачатку ў сталіцы, калі вучылішча было ўдастоена прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” і з рук кіраўніка дзяржавы мы з кадэтам Арсеніем Супрановічам атрымалі дыплом лаўрэата. Потым у Полацку, у нашым вучылішчы, калі ў прысутнасці Наталлі Качанавай і Валянціны Мацвіенка нам урачыста перадалі сцяг Полацкага кадэцкага корпуса. Успомніў яшчэ баявыя стрэльбы на палігоне, калі Аляксандр Лукашэнка ўручыў мне ордэн “За службу Радзіме” III ступені. Такія падзеі акрыляюць і натхняюць, але і да многага абавязваюць.
— У набліжэнні 23 лютага падзяліцеся меркаваннем, хто такі абаронца Айчыны.

— Ёсць такая прафесія — Радзіму абараняць. І ёсць установы адукацыі, дзе пачынаюць рыхтаваць абаронцаў Айчыны. Прыемна, калі да нас прыходзяць выпускнікі і з удзячнасцю прызнаюцца, што зусім па-іншаму цяпер разумеюць час вучобы і дадзенае ім у вучылішчы. Дарэчы, у званнях першыя выпускнікі неўзабаве мяне дагоняць: я палкоўнік, а яны ўжо дараслі да маёраў.
Увогуле, кожны чалавек павінен правільна прыняць два рашэнні, якія вызначаюць лёс: выбраць прафесію і спадарожніка жыцця. Мы верныя дэвізу: “Жыццё — Айчыне, душу — Богу, сэрца — людзям, гонар — нікому”. Вернасць тым больш важная для афіцэра. Гэта эліта і гордасць дзяржавы. Возьмем для прыкладу падзеі 2020 года. Хто найперш устаў на абарону нашай Беларусі? Людзі ў пагонах на чале з Прэзідэнтам. Чаму ў іншых краінах адбываюцца трагічныя падзеі? Бо падвялі сілавікі. А там, дзе яны моцна стаяць на варце інтарэсаў дзяржавы і народа, такі сцэнарый не пройдзе. Да гэтага трэба рыхтаваць навучэнцаў з юнацтва. Калі ў будучыні яны скажуць, што іх жыццё ўдалося, мы будзем упэўнены: працавалі вынікова, выканалі пастаўленую задачу.
***
У канцы снежня вучылішча маштабна адзначыла 190-годдзе з дня заснавання Полацкага кадэцкага корпуса. Створаны ў 1835 годзе як пачатковая ваенная навучальная ўстанова Рускай імператарскай арміі для падрыхтоўкі дзяцей і падлеткаў да ваеннай службы, корпус базіраваўся ў Полацку да Першай сусветнай вайны.
Станіслаў Красоўскі ўзначальваў каманду энтузіястаў, якія ў 2006 годзе вырашылі адрадзіць легендарную кузню характараў і альма-матар для многіх пакаленняў абаронцаў Айчыны. У выніку правапераемнікам знакамітага корпуса стала Полацкае кадэцкае вучылішча. А ў 2023-м яно вярнулася ў адрэстаўрыраваны комплекс будынкаў побач з Сафійскім саборам — у гістарычнае месца, дзе некалі знаходзіўся кадэцкі корпус. Перад пачаткам рэстаўрацыі і будаўніцтва на тэрыторыі Верхняга замка працавалі вучоныя. У шэрагу археалагічных знаходак самыя каштоўныя для вучылішча маюць параўнальна малады ўзрост — жэтоны, што належалі кадэтам-выпускнікам.
