У біятэхнолагі – са старшых класаў: праектнае навучанне ў школе № 1 Бешанковіч прыносіць плённы вынік
Бешанковіцкая школьніца Марыя Петухова прыдумала тэхналогію вытворчасці біяскуры і стала фіналісткай XV Рэспубліканскага конкурсу інавацыйных праектаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Навучэнцы сярэдняй школы № 1 Бешанковіч імя І.І.Строчкі з поспехам прадстаўляюць свае распрацоўкі на самых вядомых у краіне рэспубліканскіх і міжнародных пляцоўках, уключаючы Фестываль навукі, ТІВО і “100 ідэй для Беларусі”. Да высокіх дасягненняў вучняў вядуць настаўнікі, аб’яднаныя ў творчую групу на чале з намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Аленай Піскуновай. Пад яе непасрэдным кіраўніцтвам займалася даследаваннямі і Марыя, якая, між іншым, сярод фіналістаў — адзіная ўдзельніца школьнага ўзросту. Конкурс па намінацыях “Лепшы інавацыйны праект” і “Лепшы маладзёжны інавацыйны праект” арганізоўвае Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях пры ўдзеле Міністэрства адукацыі, НАН Беларусі, БРСМ і Беларускага інавацыйнага фонду. На разгляд журы прадстаўляюцца сацыяльна значныя інавацыйныя праекты розных стадый рэалізацыі са стратэгіяй камерцыялізацыі, якія адпавядаюць прыярытэтным напрамкам навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці. Падчас абароны ў Мінску вучаніца Алены Вадзімаўны прэзентавала праект “Міні-фабрыка чайнага грыба” — такую крыніцу атрымання аналага натуральнай скуры прапанавалі біятэхнолагі-аматары з віцебскай глыбінкі. Дарэчы, Марыя бачыць сябе ў будучыні прафесійным біятэхнолагам і прыглядаецца да беларусіх універсітэтаў з адпаведнымі спецыяльнасцямі.
— Алена Вадзімаўна, як нарадзілася ідэя праекта?
— Літаральна выпадкова. Цікавыя выпадковасці ў нашай справе трэба ўмець заўважаць, і мы вучым гэтаму дзяцей. У Машынай бабулі быў чайны грыб, пра які яна забылася. Вадкасць паціху выпаралася, біяплёнка расла і потым высахла. Атрымаўся незвычайны матэрыял. Ён нагадваў пластык або пергамент, але вельмі крохкі. Вучаніца прынесла мне яго паказаць, і мы захацелі праверыць, ці можна з гэтага зыходнага матэрыялу стварыць нешта карыснае. На старце не ведалі дакладна, што атрымаецца ў выніку: думалі пераважна пра біяпластык. Сталі праводзіць даследаванні, эскперыментаваць і, безумоўна, уважліва прааналізавалі сусветныя тэндэнцыі па экаматэрыялах. Гэтая тэма папулярная ў многіх краінах. Біятэхнолагі выкарыстоўваюць розныя віды экаматэрыялаў, і чайны грыб не выключэнне. Мы са здзіўленнем даведаліся, што за мяжой з яго нават дызарнерскія калекцыі адзення выпускаюць. Наступны вектар даследавання задала Маша, калі звярнула ўвагу на падабенства па тэкстуры біяплёнкі і скуры. Мы апрабавалі на чайным грыбе метады апрацоўкі драўніны і натуральнай скуры, у тым ліку народныя. Было важна максімальна наблізіць да натуральнай скуры характарыстыкі нашага біяматэрыялу, каб той стаў эластычным і мяккім навобмацак, трывалым, воданепранікальным.
— Ці атрымалася?
— Навобмацак і па выглядзе падабенства з натуральнай скурай відавочнае. У ходзе абароны праекта ў сталіцы мы прапанавалі жадаючым своеасаблівы краш-тэст узораў: іх спрабавалі з сілай расцягнуць, парваць, правесці розныя механічныя маніпуляцыі. Імправізаваны эксперымент быў годна пройдзены! Па стойкасці да знешніх уздзеянняў біяскура таксама нагадвае натуральную. Аднак у адрозненне ад яе наш матэрыял з’яўляецца не толькі экалагічным, але і этычным: прымяненне біяскуры дазваляе захаваць жыццё жывёл.
— Доўга эксперыментавалі з тэхналогіяй вытворчасці?
— На працягу года прыкладна. Вынікі Маша адлюстравала ў даследчай рабоце “Магчымасць прымянення чайнага грыба ў тэкстыльнай прамысловасці”. У лістападзе яна была адзначана дыпломам І ступені на абласной канферэнцыі “Эўрыка-2024” і будзе ўдзельнічаць у рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару (канферэнцыі) навучэнцаў.
— А якім чынам удалося трапіць у лік удзельнікаў Рэспубліканскага конкурсу інавацыйных праектаў?
— Мы актыўна супрацоўнічаем з Віцебскім абласным інстытутам развіцця адукацыі, у тым ліку сумесна, у камандзе, другі год запар удзельнічаем у міжнародным спецыялізаваным форуме ТІВО. Паказваем там свае адукацыйныя распрацоўкі ў напрамку інжынерыі. На выставе і пазнаёміліся з прадстаўнікамі Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, якія зацікавіліся даследаваннямі па вырабе біяскуры. Нас запрасілі на конкурс. Мы загарэліся ідэяй, сталі рыхтавацца. Неабходна было прадаставіць вельмі сур’ёзны пакет дакументаў, для чаго патрабаваліся ў тым ліку эканамічныя і юрыдычныя веды. На аснове атрыманых у ходзе даследавання даных пры падтрымцы калег распрацавалі з вучаніцай тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне камерцыялізацыі прадукту. У выніку былі разлічаны эканамічныя паказчыкі мадэлі рамесніцкай майстэрні па вытворчасці біяскуры і пашыве з яе галантарэйных вырабаў.
Праект Марыі Петуховай прайшоў адбор і экспертызу вучоных, прадпрымальнікаў-вытворцаў — дастаткова шмат экспертаў вывучалі актуальнасць тэхналогіі і яе прымянення. На абароне праекта мы прадставілі ўзоры як матэрыялу, так і гатовай прадукцыі. Заадно паказалі, якія швы могуць прымяняцца на гэтым матэрыяле. Мы прадэманстравалі чахол для мабільнага тэлефона, партманет, сумачку для рукадзелля, а таксама невялікі прататып шопера з дастаткова трывалага празрыстага матэрыялу на аснове чайнага грыба. Дарэчы, бачым перспектыву выйсці на вытворчасць экалагічнай біяўпакоўкі, магчыма, для харчовых прадуктаў.
— Узоры Марыя загадкава падпісала: “Чай, цукеркі, яблыкі”. Адкуль гэта?
— У нас сабрана калекцыя ўзораў біяматэрыялу, якія мы стваралі на аснове не толькі чаю, але і травяных напояў, адходаў садавіны і агародніны, нават на пратэрмінаваных хлебабулачных вырабах і цукерках. Вывучалі, на чым увогуле можа расці біяплёнка чайнага грыба. Гэта дазволіць найперш зрабіць больш танным сам працэс стварэння матэрыялу, а таксама наблізіцца да безадходнай вытворчасці. Можна, напрыклад, у вырабе біяскуры задзейнічаць невялікі цэх на прадпрыемстве, звязаным з перапрацоўкай садавіны і агародніны, ці вырошчваць чайны грыб на зерневых адходах. Важны аспект: усе нашы ўзоры дружалюбныя да навакольнага асяроддзя. Эксперыменты пацвердзілі іх поўнае раскладанне ў тэрмін ад 6 месяцаў да года ў залежнасці ад метадаў апрацоўкі матэрыялу, толькі абавязкова трэба прымяняць бактэрыі для паскарэння працэсу.
— Каб дапамагаць вучням рэалізоўваць падобныя праекты, педагогу неабходна падрыхтоўка. Дзе вы яе атрымалі?
— Асновы, напэўна, дома. Назірала, як бацька па-майстэрску працуе з дрэвам, нейкія механічныя цацкі мы рабілі з ім разам. Адсюль і захапленне тэхнічным канструяваннем. Але і настаўніцкі пачатак у планах на будучыню прысутнічаў, гэта перадалося ўжо ад маці. Я вагалася, кім больш хачу стаць: дызайнерам, інжынерам або настаўніцай фізікі і матэматыкі. Потым так склалася жыццё, што паступіла пасля 9 класаў у каледж. Выбрала педагагічны, а там пералік напрамкаў дастаткова вузкі. Таму па спецыяльнасці я настаўніца пачатковых класаў, роднай мовы і літаратуры, з чым і прыйшла ў школу. Працавала там пэўны час, атрымала адпаведную вышэйшую адукацыю. У школе і паглыбілася ў даследчую дзейнасць.
Розных ідэй у мяне заўсёды многа, і пастаянна ўзнікаюць новыя. Відаць, па характары я шукальнік: пастаянна вучуся і ўсіх вакол сябе натхняю развівацца і вучыцца. Мне падабаецца знаходзіць новае і прымяняць атрыманыя вынікі.
Займаюся з вучнямі пераважна тэхнічным канструяваннем з практычным прымяненнем ведаў па фізіцы, матэматыцы, хіміі і біялогіі. Пераканалася, што менавіта праз канструяванне эфектыўна засвойваюцца вучэбныя прадметы. Спачатку мы працавалі сумесна з калегай настаўніцай біялогіі Людмілай Шавель-Берасцень. Потым мне захацелася паспрабаваць дзейнічаць самастойна — і атрымліваецца, я лічу, добра. Мне блізкія STEM-падыходы ў адукацыі. У нас распрацавана методыка па арганізацыі даследчай дзейнасці, мы неаднойчы прадстаўлялі свой вопыт на розных узроўнях. Гэта менавіта сістэма, і яна працуе. Бацькі нас вельмі падтрымліваюць, бо бачаць эфект. Пра сябе скажу: словамі не перадаць, якія пачуцці падзяляеш з дзецьмі, калі ўдаецца даследаванне! Па факце ты адчыняеш перад вучнямі дзверы і паказваеш, што свет не сыходзіцца клінам на тэлефонах і іншых гаджэтах. Ён зусім іншы, неверагодна прывабны! Прычым, даследуючы яго, рэальна нават у школьным узросце знайсці цікавыя і карысныя для ўсіх рэчы, якія ніхто яшчэ не ведае і ніколі не бачыў.