У Віцебску школе № 35 прысвоена імя А.П. Авечкіна, школе № 14 вернута імя З.А. Касмадзям’янскай

Імёны Героя Сацыялістычнай Працы Аляксандра Авечкіна і Героя Савецкага Саюза Зоі Касмадзям’янскай увекавечаны ў назвах віцебскіх школ, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

З гонарам і павагай

Аляксандр Авечкін — Герой Сацыялістычнай Працы, ганаровы грамадзянін Віцебска, заслужаны работнік прамысловасці БССР. На працягу многіх гадоў узначальваў Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Маналіт». У розны час за баявыя і працоўныя подзвігі быў узнагароджаны медалём «За адвагу», ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны».

Як адзначыла дырэктар сярэдняй школы № 35 Ірына Лосева, Аляксандра Пятровіча многія памятаюць як выбітную асобу. Ён быў школьнікам, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. Восенню 1943-га яго родны Пуціўль вызвалілі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і 17-гадовы юнак пайшоў на фронт, удзельнічаў у баях за Прагу і Берлін. Таварышы па зброі запомнілі яго бясстрашным воінам. Калегі і падначаленыя пасля вайны — нястомным працаўніком, адказным кіраўніком, уважлівым да клопатаў кожнага з калектыву буйнога прадпрыемства.

— Мае бацькі працавалі на «Маналіце» і ведалі Аляксандра Авечкіна, — расказала І. Лосева. — Слухаючы іх, нельга было не прасякнуцца шчырым захапленнем і павагай да Аляксандра Пятровіча. Упэўнена, тое ж самае можа сказаць практычна ўвесь мікрараён ДСК, бо вялікая частка прадстаўнікоў старэйшага пакалення яго жыхароў таксама працавалі на гэтым прадпрыемстве. Гэта дзядулі і бабулі, прадзядулі і прабабулі нашых сённяшніх навучэнцаў. Як дырэктар «Маналіту», ён меў непасрэднае дачыненне да будаўніцтва нашай школы, адкрытай у 1975 г., пры ім прадпрыемства ўзяло шэфства над установай адукацыі і многа дапамагала. Яго жыццё служыць узорам вернасці сваёй справе, прыкладам і арыенцірам для моладзі. Мы разам — педагогі, вучні і іх сем’і — ганарымся, што школу назвалі ў гонар А.П. Авечкіна. Будзем працягваць традыцыі, закладзеныя славутым земляком.

Ва ўстанове адукацыі рэалізуецца праект па стварэнні музейнага пакоя, прысвечанага Аляксандру Авечкіну, адкрыццё яго чакаецца ў бліжэйшыя месяцы. Каардынуе работу настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Вольга Кульман і яе правая рука ў рэалізацыі праекта педагог-арганізатар Лізавета Старыковіч. Дарэчы, яна і кіраўнік педагагічнага калектыву — выпускніцы гэтай школы.

Ініцыятыва педагогаў і бацькоў

Рашэннем Вярхоўнага Савета БССР у 1973-м сярэдняй школе № 14 Віцебска — адной са старэйшых у горадзе — было прысвоена імя Зоі Анатольеўны Касмадзям’янскай. Установа насіла яго да 1992-га, а піянерская дружына школы — увесь час.

— Мы шырока абмяркоўвалі з настаўнікамі, вучнямі, бацькоўскай грамадскасцю, чыё імя яны лічаць гонарам увекавечыць у назве нашай установы адукацыі, — паведаміла дырэктар сярэдняй школы № 14 Наталля Якіменка. — Прапаноўвалі розныя варыянты. Але нашы выпускнікі (12 з якіх сёння працуюць у педагагічным калектыве, уключаючы маіх намеснікаў Алену Арцем’еву і Люсьену Стараннік), бацькі, дзядулі і бабулі навучэнцаў дружна выказаліся за вяртанне імя Зоі Касмадзям’янскай. Мы выйшлі з ініцыятывай на кіраўніцтва горада і рады, што нас пачулі, прынята адпаведнае рашэнне гарвыканкама. У савецкі час супрацоўнічалі з 201-й школай Масквы імя Зоі і Аляксандра Касмадзям’янскіх. Штогод 13 верасня, у дзень нараджэння Зоі Анатольеўны, нашы навучэнцы і педагогі ездзілі на месца яе гібелі ў сяло Пятрышчава. Гэтую традыцыю будзем аднаўляць. Зараз мы актыўна адраджаем сувязі з расіянамі. Выйшлі на кіраўніка музея і дырэктара названай маскоўскай школы, ёсць вялікія планы па супрацоўніцтве ў музейнай, грамадзянска-патрыятычнай рабоце. Таксама наладзілі кантакты з сярэдняй школай № 209 Мінска імя З.А. Касмадзям’янскай. Настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Алена Хадарэнка, кіраўнік нашага школьнага музейнага пакоя, разам з калегамі, юнымі экскурсаводамі і даследчыкамі з ліку навучэнцаў займаюцца стварэннем асобнай разгорнутай экспазіцыі, прысвечанай жыццю і подзвігу Зоі Касмадзям’янскай.