Лепшы малады зваршчык краіны вучыцца на Віцебшчыне. Падрыхтаваў яго старшы майстар ВДТК Віктар Балухін
Навучэнец Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа Мікіта Гаранскі заняў 1-е месца па выніках 20-га конкурсу зваршчыкаў Беларусі ў намінацыі “Лепшы малады зваршчык” па ручной дугавой зварцы стрыжняў. Падрыхтаваў пераможцу старшы майстар ВДТК Віктар Балухін. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Віктар Мікалаевіч, для вашага вучня гэта першы значны поспех?
— Калі гаварыць пра яго ўдзел у конкурсным руху, стартам стаў рэгіянальны этап усерасійскага чэмпіянату па прафесійным майстэрстве “Прафесіяналы” па зварачных тэхналогіях на базе Вялікалуцкага політэхнічнага каледжа. У агульным заліку Мікіта заняў 2-е месца.
— Вопыт пасадзейнічаў наступнай перамозе?
— Адназначна. Насамрэч дома было нават крыху прасцей. У Расіі конкурсныя заданні прадугледжвалі, напрыклад, выраб загатовак па ўсіх відах зваркі — і аргона-дугавая, і паўаўтаматычная, і ручная дугавая. А на конкурсе зваршчыкаў Беларусі нам патрабавалася паказаць майстэрства па ручной дугавой зварцы стрыжняў. Плюс мы ўбачылі моманты, дзе неабходна дадаткова ўзмоцнена падрыхтавацца. А яшчэ вучань атрымаў псіхалагічную загартоўку. На любых спаборніцтвах удзельніку важна быць упэўненым ва ўласных сілах і магчымасцях.
— Каб падрыхтаваць будучага прафесіянала, трэба адпаведнае абсталяванне…
— У нас выдатныя майстэрні, на базе каледжа працуе цэнтр кампетэнцый па сучасных будаўнічых тэналогіях. Для пачаткоўцаў — спецыяльны трэнажор, зварачны сімулятар з дапоўненай рэальнасцю. Ён дапамагае даць першакурснікам увогуле паняцце, як адбываецца зварачны працэс, як правільна паставіць руку. Тым самым эканомяцца грошы на набыццё расходных матэрыялаў, электродаў, металаў, усіх спадарожных загатовак. Зварачныя кабінкі абсталяваны ўсімі відамі зваркі, якія зараз прымяняюцца на вытворчасці: і паўаўтаматычныя машыны стаяць, і ручной дугавой зварцы вучым, і аргона-дугавой для каляровых металаў і сплаваў. Розныя віды рэзкі — як найбольш пашыраная газарэзка, так і плазменная. Практычна ўсё ёсць для навучання, каб даць дзецям неабходныя ўменні і навыкі. Хаця заўсёды з’яўляецца нешта новае… Вось тут падключаецца кіраўніцкі рэсурс, мы разам стараемся ўдасканальваць базу, каб не адставаць ад навацый. Карыстаючыся выпадкам, хачу падзякаваць асабіста нашаму дырэктару Аляксандру Ласякіну — яго падтрымка дарагога варта.
— За першае месца Мікіту ўручылі падарунак — зварачны апарат. Ці падзяліўся планамі, як збіраецца ім распарадзіцца?
— Гэта яго заслужаны прыз. Гаварыў, што паставіць у гаражы і будзе выкарыстоўваць па прызначэнні, калі спатрэбіцца нешта падварыць. У яго ўжо быў такі дзеючы апарат, толькі старэнькі, а цяпер сучасны з’явіўся.
— Як становяцца старшымі майстрамі?
— Мяне з вытворчасці запрасілі. Працаваў электрагазазваршчыкам у Віцебскім жыллёвым рамонтна-эксплуатацыйным трэсце, паралельна вучыўся. Першую прафесійную адукацыю атрымаў у гэтым каледжы. Потым скончыў Мазырскі дзяржаўны педуніверсітэт імя І.П.Шамякіна. Вось аднойчы з майго каледжа мне патэлефанавалі і прапанавалі пасаду майстра вытворчага навучання. Зацікавіўся, пагадзіўся — і не пашкадаваў. Сёмы год тут працую.
— У вашых профілях у Telegram і Viber — цікавыя фотаздымкі. Займаецеся гістарычнай рэканструкцыяй?
— Ёсць такое захапленне. Займаюся больш за 10 гадоў, а менавіта сярэднявечнай рэканструкцыяй. Прымаю ўдзел фестывалях па Беларусі і краінах СНД.
— Ці дапамагае ў хобі прафесійная падрыхтоўка?
— Часткова так. Ва ўсім, што звязана з металам у рэканструкцыі, — і веды дапамагаюць, і пэўнымі прафесійнымі навыкамі можна скарыстацца.
— А навучэнцам пра сваё захапленне расказваеце?
— Чаму б не! На занятках, у зносінах па-за іх межамі пры выпадку прыводжу гістарычныя факты, паказваю фотаматэрыялы. Рэканструкцыя прываблівае многіх на ўзроўні паглядзець, незвычайныя рэчы пакратаць. Але калі суразмоўнікі разумеюць, што ўсё трэба рабіць самому уручную, застаюцца адзінкі. Бо справа не на месяц: год і больш можа спатрэбіцца, каб сабраць добры камплект. Плюс у экіпіроўку неабходна ўкласці пэўныя ўласныя сродкі. Тым не менш навучэнцы цікавяцца. Магчыма, будзе аб’яднанне па інтарэсах на базе каледжа, думаем пра гэта.
— Прафесія зваршчыка — у ліку самых запатрабаваных на вытворчасці. Аднак жа фізічныя нагрузкі, руціна працоўная… Не сумна?
— Зварка — ні ў якім разе не сумна, гэта асобны найцікавейшы свет. Ён патрабуе ад чалавека не толькі фізічнай трываласці і ўважлівасці, але і аналітычнага мыслення, жадання расці прафесійна.
Літаральна на першых занятках мы праводзім апытанне сярод навучэнцаў новага набору. Далёка не ўсе гатовы станоўча адказаць на пытанне, ці бачаць яны сябе ў будучыні зваршчыкамі. Хтосьці паступіў па настаянні бацькоў і сам дакладна не вызначыўся, хтосьці пільна глядзіць у бок слясаркі, ці ў дальнабойшчыкі збіраецца пайсці або ў арміі на кантракце падумвае застацца. Але праз месяц-паўтара задаеш тое ж пытанне — і ўжо намнога больш як палова групы хоча стаць зваршчыкамі. Навучэнцам падабаецца. Асабліва калі ў іх атрымліваецца выконваць заданні рознай складанасці, калі яны бачаць вынікі сваёй працы. Потым практыка яшчэ больш матывуе. Мы імкнёмся адпраўляць усіх навучэнцаў на аплатную практыку. Каб не абы адбыць, ходзячы з кута ў кут: у іх з’яўляецца канкрэтная дадатковая матывацыя — зарабіць грошы, яны старанна працуюць.
Размяркоўваем выпускнікоў у моцныя арганізацыі, нашых зваршчыкаў ахвотна прымаюць. Потым са многімі трымаем кантакт ужо як калегі, у нечым вучымся адно ў аднаго. Удасканальваць майстэрства можна ўсё жыццё, тады яно паўнавартаснае.