“Зорны” клас звычайнай школы

Школьныя педагогі распрацавалі эфектыўную адукацыйную мадэль, накіраваную на гарманічнае развіццё асобы, раскрыццё здольнасцей кожнага навучэнца ў адпаведнасці з індывідуальнай траекторыяй. Што атрымалася?

Выпускны клас 2020 года ў сярэдняй школе №28 Віцебска называюць “зорным”. Шматлікія важныя старонкі шчодрыя на яркія падзеі, добрыя справы і цікавыя адкрыцці школьнага жыцця — адлюстраванне яго талентаў, натхнення, працавітасці і мэтанакіраванасці, гадамі праверанага сяброўства, іскрыстага крэатыву, спагадлівасці і дабрыні. Практычна кожны з 25 юнакоў і дзяўчат адзначаны дыпломамі пераможцаў і прызёраў гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх творчых конкурсаў і фестываляў, спартыўных спаборніцтваў, даследчых канферэнцый, дыстанцыйных універсітэцкіх алімпіяд для навучэнцаў. Як з гордасцю адзначыла дырэктар школы Алена Мацвеева, маладыя людзі выраслі сапраўднымі людзьмі, дастойнымі грамадзянамі краіны. Яны актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці. Немалая заслуга цяперашніх выпускнікоў і ў тым, што ўстанова адукацыі першай у Віцебску атрымала ганаровы статус “Школы міру”, наладжвае міжрэгіянальнае і міжнароднае супрацоўніцтва — у тым ліку і на ўзроўні маладзёжнай дыпламатыі, што па выніках пошукавай работы пастаянна папаўняецца школьная музейная экспазіцыя “Блакаднаму Ленінграду прысвячаецца”. Свае дыпломы пераможцаў другога і трэцяга этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах могуць паказаць больш за палову навучэнцаў “зорнага” класа, прычым дыяпазон схільнасцей найшырэйшы — ад матэматыкі і інфарматыкі, фізікі, хіміі, астраноміі да геаграфіі, беларускай, рускай і англійскай моў, фізічнай культуры і здароўя, а некаторыя вынікова ўдзельнічалі ў алімпіядах па двух i трох прадметах. Сёлета Софія Магазіннікава дадала ў скарбонку вобласці дыплом ІІ ступені, а Дар’я Грубінава — пахвальны водзыў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні. Гэтыя дзяўчаты і яшчэ шасцёра навучэнцаў з “зорнага” класа — Аксана Гаўрыленка, Вольга Жылінская, Мацвей Іванейчык, Андрэй Ляонаў, Канстанцін Хвалько і Вікторыя Юсікава — атрымалі на ўрачыстым выпускным вечары атэстаты асобага ўзору і залатыя медалі, двое — Яна Екіменка і Паліна Сляпнёва — пасведчанні аб прысваенні кваліфікацыйнага разраду па прафесіі “швачка”.

Мімаволі здзіўляешся: як усё пералічанае ўдалося звычайнай школе? Хаця ні адзін з выпускнікоў з азначэннем “звычайная” катэгарычна не пагадзіўся б. Для іх яна родная, любімая, найлепшая, яе ў свой час навучэнцы не прамянялі на вядомыя гімназіі — між тым запрашэнняў было багата. Наперадзе цяпер ужо былых аднакласнікаў ча­каюць няпростыя і слаўныя дарогі, дзе поспех зале­жыць ад пастаяннага імкнення наперад, прафесійнага і асобаснага развіцця, умення прымаць адказныя рашэнні і працаваць у камандзе. За гэтыя якасці, прывітыя ў школьныя гады, паразуменне, дапамогу і падтрымку маладыя людзі з усмешкамі і слязамі на вачах дзякавалі на парозе дарослага жыцця сваім педагогам, бацькам і асабіста класным кіраўнікам — цяперашняй, Аксане Марковіч, і Алене Юпатавай — яны былі калегамі на паралелях з 5 па 9 клас.

Разам з роднымі, педагогамі, ганаровымі гасцямі павітаць герояў свята і любімую настаўніцу прыйшлі прадстаўнікі папярэдняга выпуску Аксаны Марковіч. Прыклады паспяховых прафесіяналаў і па-ранейшаму блізкіх сяброў, хто працуе ў прамысловасці і прадпрымальніцтве, ратуе жыцці ў “чырвонай” зоне бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, — дастойныя арыенціры будучыні для моладзі, нагода задумацца: “А кім я стану праз 7 гадоў?”. Усе прысутныя авацыяй павіншавалі выпускніка Мікіту Пестуна з васямнаццатым днём нараджэння, дружна пажадалі яму генеральскай кар’еры: юнак збіраецца звязаць жыццё з сілавымі структурамі. У завяршэнне ўрачыстага вечара “зорны” клас зноў “зламаў” шаблоны. Па традыцыі, на развітанне выпускнікі рыхтуюць падарункі альма-матар. Так і было: цудоўная творчая праграма пакінула найлепшыя ўражанні. Аднак галоўным падарункам школе стала… новая традыцыя! 

— Калі прадстаўнікі класа прыйшлі да нас з нечаканай просьбай, ніхто не здзівіўся: менавіта такімі мы, бацькі і педагогі, іх выгадавалі — шчырымі, сумленнымі, неабыякавымі да чужой бяды,— расказала старшыня бацькоўскага камітэта класа Іна Мянжынская. — Нашы дзеці выпеставаны, у іх ёсць надзейная сямейная апора, любячыя родныя, выдатная школа. Але зусім побач жывуць хлопчыкі і дзяўчынкі, для каго ўсё гэта — прыгожая мара. “У нас свята, давайце падзелімся радасцю з дзецьмі, пазбаўленымі бацькоўскай любові і клопату!” — прапанавалі выпускнікі. Мы падтрымалі і разам правялі акцыю “З добрым сэр­цам у дарослае жыццё!”. Звязаліся з дырэктарам Віцебскага абласнога спецыялізаванага дома дзіцяці Аленай Мізеркінай, высветлілі, у чым маюць патрэбу яго выхаванцы з таго, што мы можам набыць, і неўзабаве адправіліся туды з падарункамі. На жаль, эпідэмічная сітуацыя не дазволіла сустрэцца з дзецьмі. Тым не менш пачатак дабрачыннай традыцыі пакладзены. Спа­дзяёмся, наступныя выпускі нас падтрымаюць.

Таццяна БОНДАРАВА

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *