“Зялёная лабараторыя” раскрывае сакрэты

Лета — гарачая пара для юных аматараў прыроды. Зразумела, гаворка не толькі пра надвор’е, хаця і яно пераважна радуе то бадзёрым дожджыкам, то лагоднай сонечнай раскошай. З 1 чэрвеня на базе Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі працуе профільны аздараўленчы лагер дзённага знаходжання “Эўрыка”. У атрадзе “Юны эколаг” дзеці і падлеткі паглыбляюць свае веды па заалогіі, прыкладной батаніцы і асновах кветкаводства, удзельнічаюць у экалагічным дазоры і вучэбна-палявых практыкумах. Але дзяцей у “Зялёнай лабараторыі” штодня ў некалькі разоў больш, чым удзельнікаў лагера. Хто яны?

Агульная справа

Навучэнцы аб’яднанняў па інтарэсах экалагічнага аддзела палаца працягва­юць эксперыментальную і даследчую работу ў “Зялёнай лабараторыі” пад адкрытым небам. Напрыклад, у рамках рэспубліканскага конкурсу “Юны натураліст” яны праводзяць доследы па селекцыі і гатункавыпрабаванні, вывучаюць уплыў розных угнаенняў і іх доз на рост і развіццё збожжавых, відавы склад вострасмакавых культур. Поўным ходам ідзе падрыхтоўка да рэспубліканскага конкурсу па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый “Упрыгожым Беларусь кветкамі”: у палацы падведзены вынікі конкурсу эскізаў праектаў па азеляненні, гурткоўцы падрыхтавалі і выса­дзілі расаду, а цяпер даглядаюць расліны і шчыруюць над вырабам малых архітэктурных форм для ажыццяўлення свайго праекта. Важны фактар планавання і правядзення палявых работ — метэаралагічныя ўмовы. Для гэтага навучэнцы рэгулярна знімаюць даныя метэастанцыі, з дапамогай ападказборніка збіраюць дажджавую ваду, право­дзяць яе лабараторныя аналізы, дыягнастуюць якасць вады і атмасфернага паветра, вя­дуць дзённікі назіранняў, каб затым на аснове ўсіх паказчыкаў скласці пэўны прагноз. Акрамя таго, летам у вучэбным эколага-біялагічным комплексе арганізаваны заняткі для школьнікаў.

— Праект сапраўды незвычайны, вельмі карысны і перспектыўны, — адзначыла загадчыца экалагічнага аддзела Надзея Ягорава. — У нас складзены і рэалізуюцца праграмы для малодшага, сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту, разлічаныя менавіта на летні перыяд. Яны кароткатэрміновыя і ўніверсальныя ў тым сэнсе, што ўтрымліваюць разнастайныя тэмы. У час летняга адпачынку прапаноўваць доўгатэрміновыя праграмы немэтазгодна, а вось на месяц — аптымальны варыянт. Школьнікі прыходзяць у адпаведнасці з графікам па планах, зацверджаных з установамі агульнай сярэдняй адукацыі горада — за дзень прымаем не менш за 150 чалавек. У пераважнай большасці мэтавую аўдыторыю складаюць навучэнцы дзіцячых аздараўленчых лагераў дзённага знаходжання. Хтосьці з іх раней наведваў палац, хтосьці завітаў упершыню, але ўсім цікава адкрыць нешта новае для сябе ў навакольным свеце, далучыцца да даследаванняў. Многія гарадскія дзеці нават не ведаюць, як выглядаюць расліны жыта ці проса, з чаго атрымліваюцца розныя віды круп, — тут яны пра ўсё гэта могуць даведацца. Або возьмем хаця б нашы доследы па гатункавыпрабаванні другога хлеба. На эксперыментальных дзялянках экзатычнай фіялетавай бульбе дзівяцца толькі госці — мы ж грунтоўна вывучылі тонкасці догляду і гатавання, нават чыпсы з яе рабілі. Цесна супрацоўнічаем з Віцебскім занальным інстытутам сельскай гаспадаркі НАН Беларусі. Адтуль мы бяром гатункі бульбы, якія яшчэ не вырошчваюцца на вялікіх плошчах, даследуем, як пака­жуць сябе навінкі на малых плошчах, і рэкамендуем лепшае дачнікам, малым фермерскім гаспадаркам. Так, раней займаліся “лілеяй” і “маніфестам”, зараз галоўны фаварыт — “Палац”. Вельмі на яго разлічваем як на ўра­джайны гатунак з выдатнымі смакавымі якасцямі.

У палацы працуюць тры лабараторыі. Першая, “Крокі ў навуку”, разлічана якраз на малодшых школьнікаў. Яны знаёмяцца з самымі простымі доследамі і эксперыментамі, пашыраюць веды аб навакольным свеце, а наша мэта — адабраць дзяцей, здольных і зацікаўленых у навуцы, каб нацэліць іх на наступную работу ў азначаным напрамку. Яшчэ дзве лабараторыі, “Вывучай, даследуй, эксперыментуй” і “Зялёныя тэхналогіі”, арыентаваны на дзяцей і падлеткаў сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту. Іх накіраванасць даволі шырокая і ахоплівае ў тым ліку генетыку, селекцыю, мерыстэмы, уплыў розных асяроддзяў на прарастанне насення, складаныя методыкі і сур’ёзныя маніторынгавыя даследаванні.

Вітаміннае багацце і поле для эксперымента

На працягу дня праект прадугледжвае трохгадзінныя заняткі з навучэнцамі: тэарэтычныя ў лабараторыях і практычныя на эксперыментальных участках. “Зялёная лабараторыя” кожны раз раскрывае перад гараджанамі ўсё новыя і новыя захапляючыя агратаямніцы. Мы ненадоўга спыняемся ля ўчасткаў, закладзеных пад доследы па селекцыі кукурузы, гароху і сланечніку. Аказваецца, з кукурузай ідзе дослед па расшчапленні па фенатыпе. Паколькі расліна з’яўляецца ветраапыляльнай, даследчыкі выбралі насенне двух колераў — жоўтага і карычневага — і пасадзілі ў шахматным парадку, каб паспрыяць апыленню. Пачаткі такім чынам павінны вырасці з зернем двух колераў. З гарохам іншая задача: высаджана некалькі гатункаў, у перыяд цвіцення пачнецца самы адказны этап: трэба будзе кістачкай браць пыльцу з адной расліны і пераносіць яе на другую, у якой папярэдне выдалены тычынкі, і ізаляваць апошнюю папяровым пакетам — работа чакае карпатлівая! У выніку эксперыментатары выберуць лепшы гатунак па велічыні струка, колькасці ў ім гарошын, іх памеры. Непадалёк набіраюць моц жыта, пшаніца, проса, авёс — па тры гатункі кожнай культуры; паблізу цешаць вока роўныя капусныя дзялянкі і гарбузовыя плантацыі…

— Мы адразу звяртаем увагу дзяцей: на ўчастках злакавыя расліны маюць адрозненні па форме і велічыні, хаця мы іх сеялі ў ­адзін час, — каменціруе загадчыца сектара прыроды і творчасці Ганна Іванова. — Можна ўбачыць, што адны больш высокія, другія — меншыя — у залежнасці ад культуры. Па выніках заняткаў школьнікі ўжо наўрад ці пераблытаюць жыта з аўсом — нават у перыяд вегетацыі, каласкі неўзабаве будзем таксама вывучаць не толькі па фота і малюнках. Робім акцэнт на падкормцы з выкарыстаннем розных угнаенняў, на канкрэтных прыкладах разглядаем яе ўплыў на развіццё раслін. Паказваем рознае зерне і знаёмім з прадуктамі яго апрацоўкі. А, напрыклад, тое, што ячныя крупы вырабляюцца з ячменю, а манныя з пшаніцы, часта ўспрымаецца дзецьмі як адкрыццё. З капустай падобная гісторыя. Пытаемся, чым раннія і познія гатункі звычайнай белакачаннай адрозніваюцца, і чуем у адказ: “Якую раней пасадзілі, тая і ранняя”. Тлумачым, у чым памылка, — зноў жа на прыкладах, на працягу тыдня-двух тэорыя становіцца відавочнай на градках. І, канечне ж, знаёмім з усёй разнастайнасцю капусты — ад квяцістай да дэкаратыўнай. Аналагічны дослед праводзіцца з гарбузамі, таму што іх гатункаў таксама велізарная разнастайнасць па форме, памеры, асаблівасцях насення (голанасенныя гарбузы — знаходка для тых, хто любіць семкі, іх не трэба чысціць!), утрыманні карысных рэчываў, смакавых уласцівасцях, колеры — тут збіраецца амаль вясёлка ад ярка-аранжавага да фіялетавага. Да таго ж паказваем экзатычныя гарбузовыя — такія як лагенарыя або ківана.

Любата, смаката і прафарыентацыя

Заўсёды як магнітам прыцягвае школьнікаў “Аптэка на градцы”. Праект быў рэалізаваны ў мінулым годзе і заняў 1-е месца на рэспубліканскім конкурсе. Тут сабрана калекцыя лекавых раслін, высаджаных паводле ўздзеяння на пэўныя органы чалавечага арганізма. Дзеці вывучаюць іх знешнюю будову і ўласцівасці, збіраюць гербарыі, вучацца правільна нарыхтоўваць, сушыць і ферментаваць, рабіць духмяныя сашэ, зборы для фітанапіткаў, а потым з задавальненнем удзельнічаюць у іх дэгустацыі ў эка-бары. Яшчэ даведваюцца, што звычайныя стакроткі, браткі, настуркі — гэта не толькі прыгожыя кветкі, але і запатрабаваны кулінарны інгрэдыент, калі ўмець яго ўжываць.

Пра дэкаратыўныя кветкавыя расліны размова асобная. У калекцыі, што расце на тэрыторыі палаца, іх налічваецца больш за паўсотні відаў. Гэта  жывыя і надзвычай прывабныя вучэбныя дапаможнікі па батаніцы, адкрытая прастора для творчасці фларыстаў, дызайнераў і… парфумераў: у вырабе араматычных алеяў гурткоўцы напрактыкаваліся і з задавальненнем дзеляцца сакрэтамі. Зрэшты, не менш каштоўныя практычныя рэкамендацыі, што і ў якім парадку размясціць на клумбе, каб яна з вясны да восені радавала сваёй прыгажосцю, або як даўжэй захаваць свежасць зрэзанай кветкі ў букеце.

Цудоўны куточак прыроды побач з палацам упадабалі птушкі. Карыстаючыся магчымасцю, школьнікі — удзельнікі праекта з дапамогай спецыяльнага абсталявання даследуюць арнітафаўну культурных ландшафтаў. Акрамя таго, даведваюцца, як дагля­даць расліны, паліваць і праполваць (заадно знаёмячыся з відамі пустазелля), змагацца з хваробамі і шкоднікамі, з чаго і як зрабіць для гэтага біялагічныя прэпараты, каб не ўжы­ваць небяспечную хімію. Не застаюцца забытымі і дзікарослыя расліны. Участак з імі — эксперыментальная пляцоўка, дзе даследуюцца відавая разнастайнасць і экалагічныя фактары, якія ўплываюць на яе, уключаючы святло, вільготнасць, асаблівасці глебы, антрапагенную нагрузку. Разам з тым менавіта на “дзікім лузе” нарыхтоўваюць сена на зіму для насельнікаў жывога кутка палаца — яшчэ адзін захапляючы працэс, які навучэнцы з задавальненнем асвойваюць. А наперадзе іх чакае яшчэ мноства цікавага і нязведанага — лета працягваецца.

— Наш праект шматгранны і ахоплівае мноства карысных для навучэнцаў галін ведаў, якія падаюцца ў даступнай і займальнай форме, — дадае ў завяршэнне Надзея Ягорава. — Варта вылучыць яшчэ ­адзін важны яго аспект — прафарыентацыйны. Мы выкарысталі вопыт ранейшага праекта па дапрофільнай падрыхтоўцы ў напрамках кведкаводства, ланд­шафтнага дызайну, агародніцтва, заалогіі, экалогіі, лесаводства. Наша галоўная мэта ў многім блізкая — матываваць школьнікаў да даследчай дзейнасці і паглыбленага вывучэння прадметаў эколага-біялагічнага профілю, фарміраваць навыкі і ўменні, якімі не валодае гарадскі жыхар, а праз гэта — усведамленне пераваг жыцця ў вёсцы і цікавасць да набыцця прафесій, запатрабаваных у аграрным сектары.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий