Зберагчы навакольны свет

Віцебск рыхтуецца да ўдзелу ў “Энергамарафоне”: лепшы вопыт школ і гімназій Першамайскага раёна абмеркавалі кіраўнікі і педагогі ўстаноў адукацыі напярэдадні падачы заявак на абласны этап конкурсу.

Семінар-практыкум “Арганізацыя дзейнасці ўстановы адукацыі як школы рацыянальнага рэсурса-спажывання” прайшоў на базе сярэдняй школы № 12 імя Л.М.Філіпенкі. Як праінфармавала яе дырэктар Святлана Траццякова, у адпаведнасці з санітарна-эпідэміялагічнымі патрабаваннямі, мерапрыемства было разлічана на два патокі ўдзельнікаў. Для педагагічных работнікаў школ і гімназій, дашкольных устаноў раёна правялі экскурсію ў дэманстрацыйна-вучэбны рэсурсны цэнтр па энергазберажэнні. Навукова-практычны блок семінара ўключаў знаёмства з сістэмай работы школы ў гэтым напрамку, у тым ліку прэзентацыю праектаў — пераможцаў заключнага і абласнога этапаў рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон” у намінацыях “Культурна-відовішчнае мерапрыемства па рэсурса-зберажэнні” і “Праект практычных мерапрыемстваў”. 

— Сённяшняя сустрэча аб’яднала невыпадковых людзей, тых, каму гэта тэма блізкая і цікавая, — адзначыла Святлана Аляксандраўна. — Расказваючы аб найбольш сур’ёзных поспехах і вялікай рабоце, на якой грунтуюцца нашы дасягненні, мы вырашылі абмежавацца адносна невялікім часавым перыядам і ўзялі за аснову свае вынікі за два мінулыя навучальныя гады. Напрыклад, паказаны на пачатку пленарнага пасяджэння відэаролік адлюстроўвае адну з самых маштабных школьных дзіцяча-дарослых ініцыятыў у 2018 годзе. Цяпер усе тыя дзеці, хто ў складзе агітбрыгады прадстаўляў Віцебшчыну і родную школу ў фінале “Энергамарафону”, ужо студэнты ўстаноў вышэйшай адукацыі. Дарэчы, ужывую ў гэтай зале іх выступленне паглядзелі звыш 1000 навучэнцаў Віцебска і вобласці. Між тым з Гродна нашы пераможцы прывезлі не толькі дыплом І ступені, але і вялікі тэлевізар, ён зараз устаноўлены ў фае і актыўна задзейнічаны. Дэпартамент па энергаэфектыўнасці заахвоціў школу грашовым сертыфікатам, што дазволіла нам правесці замену 108 вокнаў. Падчас экскурсіі ў рэсурсны цэнтр мы прадэманстравалі стэнды, якія з’явіліся ў нашай установе адукацыі дзякуючы рэалізацыі яшчэ дзвюх адметных ініцыятыў. Першая з іх, “Будучыня са знакам плюс”, атрымала прызнанне па выніках праекта “100 ідэй для Беларусі” і канферэнцыі “Зямля — наш агульны дом” у Санкт-Пецярбургу. Тэму дэманстрацыйных стэндаў мы працягнулі ў праекце “Чыстая энергія”, з чым таксама можна азнаёміцца ў адкрытым доступе на 2 паверсе ў калідоры старшай школы. 

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы №12 Віцебска імя Л.М.Філіпенкі Ганна Лаўрэнава і педагог пачатковых класаў Іна Талкачова.

Створаныя віцебскімі навучэнцамі праекты дапамогуць іх равеснікам у далейшым дарослым жыцці вырашаць усе вытворчыя пытанні з клопатам пра будучыню планеты.

Абмежаванні, выкліканыя пандэміяй кавіду, падштурхнулі творчы навучэнска-педагагічны калектыў да развіцця дыстанцыйных форм работы і, у прыватнасці, стварэння спецыяльнага электроннага рэсурсу па энерга- і рэсурсазберажэнні. Сярод прапанаваных рубрык сайта — “Крэатыўная педагогіка”, дзе акумулююцца матэрыялы тэматычных вучэбных, стымулюючых, факультатыўных заняткаў у выглядзе метадычных распрацовак, відэаўрокаў і іх асобных фрагментаў, “Медыярэсурсы”, “Будучыня са знакам плюс”, віртуальная версія дэманстрацыйна-вучэбнага рэсурснага цэнтра, “Дзіцяча-дарослыя ініцыятывы”. У інтэлектуальнай майстэрні “Эрудыты энергаэфектыўнасці” размешчаны матэрыялы традыцыйнай школьнай анлайн-віктарыны. Укаранёная ў практыку ўстановы адукацыі ў мінулым годзе модульная выхаваўчая сістэма аб’ядноўвае 47 распрацовак класных гадзін і пазакласных мерапрыемстваў, якія падзелены на 4 тэматычныя блокі: “Святло”, “Вада”, “Газ”, “Цяпло”. Сістэма выбудавана такім чынам, што любы педагог можа яе выкарыстаць незалежна ад класа, у якім працуе. Кожную чвэрць школа вядзе работу па выбраным напрамку, а потым на канікулах адбываюцца тэматычныя класныя гадзіны і агульнашкольная анлайн-віктарына па энергазберажэнні. Цэнтр паспяховых адносін і захавання энергіі “5 элемент” дэманструе новы праект. Яго аўтары зыходзілі з высновы: для кожнага чалавека вельмі важныя пытанні захавання і прымнажэння ўласнай энергіі. Таму да стварэння відэахвілінак з карыснай інфармацыяй, як падтрымліваць сябе ў рэсурсным стане, далучыліся спецыялісты-псіхолагі. Рубрыка “Экалэнд” прысвечана аднайменнаму штогадоваму адкрытаму гарадскому конкурсу памяці С.У.Арэхава, ініцыятарам правядзення якога выступіў рэсурсны цэнтр школы. У параўнанні з агульнавядомым “Энергамарафонам” тут больш крэатыўных і папулярных у маладзёжнай аўдыторыі намінацый, такіх як “Энергазберагальны лайфхак”, “Энергаслоган”, конкурсы рэкламы і лагатыпаў. 

Намеснік дырэктара сярэдняй школы № 23 па вучэбнай рабоце Жанна Дварэцкая дэталёва азнаёміла ўдзельнікаў семінара са спецыфікай падрыхтоўкі да “Энергамарафону” па кожнай з намінацый, намеснік дырэктара гімназіі № 7 па выхаваўчай рабоце Алеся Паўлава — з сістэмай адукацыйнага працэсу і інфармацыйна-прапагандысцкай дзейнасці, што праводзіцца ва ўстанове адукацыі ў сферы энергазберажэння. Інавацыйны вопыт даследчай дзейнасці навучэнцаў і педагогаў прадставіла настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 12 Іна Талкачова.

— Энергазберажэнне і рэсурсазберажэнне знаходзяцца ў фокусе ўвагі сучаснага свету, — звяртаючыся да калег, падкрэсліла Іна Васільеўна. — Проста ўсведамляць важнасць праблемы недастаткова, бо гэта не зможа паменшыць спажыванне энергіі. Наша задача — арганізаваць мэтанакіраваны сістэматычны адукацыйны працэс у інтарэсах устойлівага развіцця. Вырашыўшы ўдзельнічаць у “Энергамарафоне-2021”, разам з навучэнкамі Настассяй Лосевай, Хрысцінай Прышчэпавай і Настассяй Кундзір мы распрацавалі праект “Энерга-зберажэнне вачыма новага пакалення”. Наша ініцыятыва ўкараняецца з мэтай прапаганды энергазберажэння і развіцця эканамічнага мыслення ў навучэнцаў. Праект спрыяе ўключэнню ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу ў работу па энергазбе-ражэнні і фарміраванні актыўнай жыццёвай пазіцыі, што дапаможа сённяшнім школьнікам у далейшым дарослым жыцці вырашаць усе вытворчыя пытанні праз прызму экалагічнай свядомасці з клопатам пра будучыню планеты. Напэўна, кожнаму юнаму карыстальніку ў душы цікава, адкуль бяруцца гэтыя самыя электроны ў электрычнай лямпачцы, як вада звязана з кубаметрамі або ў якім дапаможніку можна прачытаць усё аб прадпрыемствах энергетычнай галіны ў Віцебску, а тым больш убачыць. Мы сабралі інфармацыю і стварылі вучэбныя відэаролікі, з якімі былі азнаёмлены ўсе навучэнцы школы. Таксама правялі значную агітацыйную работу ў фармаце агітбрыгады “Захаваем сваё заўтра”, выдалі і распаўсюдзілі памяткі-буклеты па рацыянальным выкарыстанні энергіі і прыродных рэсурсаў, сумесна з настаўнікамі працоўнага навучання распрацавалі і ўстанавілі інтэрактыўныя матывацыйныя стэнды па выкарыстанні аднаўляльных крыніц энергіі: “Энергія сонца”, “Энергія вады”, “Энергія ветру”, “Біяэнергія”. 

Па задуме стваральнікаў “ЭнергаЛэнда”, кожны жыхар ці госць горада, маючы толькі смартфон, зможа прайсці захапляльны квест, папоўніць веды па энергазберажэнні, актыўна адпачыць на свежым паветры, атрымаць жывыя зносіны і навыкі каманднай працы.

Па словах Іны Васільеўны, у працэсе работы над відэаролікамі ў творчай групы нарадзілася ідэя ўнікальнай інтэрактыўнай настольнай гульні “ЭнергаЛэнд”. І неўзабаве знайшла выдатнае ўвасабленне! Па гульнявым прынцыпе гульня нагадвае “Манаполію” і складаецца з чатырох палёў (“Вада”, “Святло”, “Цяпло”, “Газ”), яна выдатна вучыць навыкам энергазберажэння. Аўтарам захацелася зрабіць плён сваёй працы здабыткам роднага Віцебска. Для гэтага яны перанеслі настольны “ЭнергаЛэнд” у фармат, прыдатны для гарадскіх паркаў, пляцовак, тэрыторый адукацыйных устаноў. На маштабным гульнявым полі з дапамогай QR-кодаў прадстаўлены правілы гульні і зашыфраваны цікавыя заданні. 

Карысныя такія астраўкі будуць і для маці, якія гуляюць у парках са сваімі дзецьмі. Адпаведныя пляцоўкі прапануецца дапоўніць інтэрактыўнымі стэндамі, распрацаванымі педагогамі і навучэнцамі школы. 

— Нам як удзельнікам праекта важна было не толькі даць веды аб энергіі і ўзаемасувязі яе з навакольным асяроддзем, але і стварыць матывацыю для зберажэння рэсурсаў і энергіі, прывіць навыкі энергаэфектыўнага ладу жыцця, уцягнуць навучэнцаў у карысную дзейнасць па энерга- і рэсурса-зберажэнні, — зрабіла акцэнт педагог. — Усе мы нясём адказнасць за нашы дзеянні і, у прыватнасці, за абыякавасць і бяздзейнасць. Калі нядбайна ставіцца да рэсурсаў цяпер, што ж застанецца нашым дзецям? Мне імпануе выказванне: “Карабель не тоне, калі ён у вадзе. Ён тоне, калі вада ў ім. Не так важна, што адбываецца вакол нас. Важна тое, што адбываецца ўнутры нас”. Пара ўсвядоміць: менавіта мы ствараем будучыню не толькі для сябе, але і для наступных пакаленняў, нашых нашчадкаў. Каб вырашыць экалагічныя праблемы, найперш трэба, каб у кожнага развівалася экалагічная свядомасць, якая будзе стрымліваць нядбайныя, неэканомныя дзеянні. Чалавек павінен адчуваць значнасць сваёй асабістай ролі ў вырашэнні такога, здавалася б, глабальнага пытання.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий