Зберагаючы традыцыі хору

Гімназія № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна добра вядомая не толькі ў родным горадзе, але і ў краіне сваімі ўзорнымі калектывамі. Адзін з іх — узорны хор хлопчыкаў. Кіруе ім Аляксей Пятровіч Ляхновіч, які шмат гадоў прысвяціў рабоце з дзецьмі і папулярызацыі харавога мастацтва.

Усё жыццё Аляксея Пятровіча звязана з музыкай, з харавымі традыцыямі. Ён вучыўся ў сярэдняй школе № 33 Віцебска з музычна-харавым ухілам. У школе існавалі моцныя харавыя калектывы і працавалі выдатныя настаўнікі — сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы. Аляксей быў удзельнікам узорнага хору хлопчыкаў “Віцьбічы”. Вялікі ўплыў на яго аказаў заснавальнік і кіраўнік хору заслужаны работнік культуры БССР Юрый Рыгоравіч Гразноў. Спевы ў хоры, а таксама заняткі ў выдатных настаўнікаў па фартэпіяна —Таццяны Аляксееўны Аляксеевай, сальфеджыа — Людмілы Іванаўны Бандарэнка — прывілі любоў і цікавасць да музыкі, што і з’явілася вызначальным момантам у выбары яго будучай прафесіі.

Пасля заканчэння школы ў 1995 годзе Аляксей Пятровіч паступіў у Віцебскае музычнае вучылішча імя І.І.Салярцінскага на спецыяльнасць “Дырыжыраванне акадэмічным хорам”. Сярод тых, хто аказаў на яго непасрэдны ўплыў падчас вучобы, быў настаўнік Аляксандр Міхайлавіч Сувораў і заснавальнік Віцебскага маладзёжнага хору Віталь Аляксандравіч Рауза. З 1995 па 2000 год вучыўся ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі па спецыяльнасці “Харавое дырыжыраванне”. Як лічыць Аляксей Пятровіч, гэта быў выдатны, незабыўны час. Яму па­шчасціла займацца ў харавым класе пад кіраўніцтвам выдатнага харавога дырыжора — прафесара Віктара Уладзіміравіча Роўды. Студэнцкае жыццё было насычана канцэртнымі выступ­леннямі, паездкамі на фестывалі і конкурсы ў Італію, Германію, Польшчу. За час вучобы ў акадэміі Аляксей Пятровіч пераймаў вопыт у знакамітых музыкантаў і дырыжораў сталіцы.

Першым рабочым месцам маладога спецыяліста стала работа выкладчыкам дырыжыравання на кафедры харавога дырыжыравання і вакалу педагагічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, дзе Аляксей Ляхновіч працаваў са студэнцкімі харамі. Узорным хорам хлопчыкаў гімназіі № 3 Аляксей Пятровіч кіруе з 2009 года. Калектыў удзельнічае ў рэспубліканскіх і міжнародных фестывалях і конкурсах, харавых творчых праектах, становіцца іх прызёрам. Навучэнцы паважаюць Аляксея Ляхновіча за яго прафесіяналізм, дабрыню, адданасць сваёй справе.

Рэпертуар — гэта люстэрка любога калектыву. Рэпертуар узорнага хору хлопчыкаў шматгранны. Аляксей Пятровіч адзначае: “Галоўнае, на што я звяртаю ўвагу пры падборы рэпертуару для нашага хору, — гэта высокія ідэйныя і мастацкія якасці твораў. Харавое сачыненне павінна несці ў сабе ўнутранае зерне, якасны паэтычны тэкст, выразную музыку. Тады харавыя спевы будуць хваляваць як выканаўца, так і слухача. Вельмі важна выхоўваць у нашых навучэнцах пачуццё патрыятызму, любові да Радзімы, павагі да беларускіх традыцый. У рэпертуары хору ёсць пласт і дзіцячай музыкі, музыкі пра дзяцінства, сяброўства. Але асабліва мне б хацелася звярнуць увагу на тое, што апошні час удзельнікі хору пачалі выконваць і духоўную харавую музыку. Над гэтай музыкай працаваць трэба акуратна, я нават сказаў бы, трапятліва. Трэба правільна падрыхтаваць хлопчыкаў да яе разумення, успрымання сэнсу і зместу твораў”.

Пасля заканчэння гімназіі вучні не развітваюцца з харавымі спевамі. Хтосьці з іх прыходзіць у вольны ад вучобы час і дапамагае малодшым гімназістам, прымае ўдзел у канцэртах. Хтосьці з выпускнікоў спявае ў студэнцкім хоры. Так, Дзмітрый Карпенка і Багдан Шышако, паступіўшы ў БДУ, працягнулі заняткі спевамі ў студэнцкім хоры — прыйшлі спяваць у Народную капэлу БДУ. У 2020 годзе выпускнік хору Аляксандр Ступень паступіў у Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі па спецыяльнасці “Дырыжыраванне акадэмічным хорам”.

Кіраўнік узорнага хору хлопчыкаў вядомы і як аўтар харавых твораў, якія ён пачаў ствараць з 2005 года, працуючы ў жанры харавой духоўнай музыкі. У яго ёсць шэраг сачыненняў на вершы віцебскіх паэтаў. Многія творы выконваліся харавымі калектывамі не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. За шматгадовую карпатлівую працу Аляксей Пятровіч Ляхновіч быў неаднаразова ўзнагароджаны граматамі, падзякамі і дыпломамі рознага ўзроўню. Але ён не спыняецца на дасягнутым. Хор хлопчыкаў пад яго кіраўніцтвам пашырае свой рэпертуар, выконваюцца творы на беларускай, рускай, украінскай, польскай, нямецкай, французскай, англійскай, лацінскай мовах.

Як падкрэслівае Аляксей Пятровіч, заняткі ў хоры спрыяюць не толькі фарміраванню вакальна-харавых навыкаў, знаёмству з разнастайным харавым рэпертуарам і развіццю музычных здольнасцей, але і выхоўваюць станоўчыя асабіс­тыя якасці навучэнцаў: адказнасць, працавітасць і імкненне да агульнага станоўчага выніку. У хоры фарміруецца таварыс­касць, навык работы ў калектыве, “пачуццё локця”, індывідуальная і агульная адказнасць за сумесную справу. Працуючы з дзіцячым калектывам, настаўнік, акрамя спецыяльных ведаў і ўменняў, павінен валодаць цэлым шэрагам асабістых станоўчых якасцей. А поспех на выступленнях прыходзіць з гадамі, з вопытам, і за выразнасцю, нават лёгкасцю выканання, стаяць гадзіны штодзённай працы. Выпускнікі з цеплынёй прыгадваюць гады спеваў у хоры: канцэрты, паездкі, фестывалі, выступленні, конкурсы і нават звычайныя рэпетыцыі, бо гэта цэлае жыццё.

Вольга БАГАСЛОЎСКАЯ,
настаўніца геаграфіі і біялогіі гімназіі № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *