За алімпіяднымі дыпломамі — алімпійскія медалі

Прадстаўнікі Віцебскага, Полацкага, Пастаўскага раёнаў і Наваполацка паказалі найлепшыя вынікі на заключным этапе абласной алімпіяды па прадмеце “Фізічная культура і здароўе” сярод навучэнцаў 7—8 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

У спаборніцтва ўступілі 40 лідараў раённых этапаў алімпіяды, пароўну юнакоў і дзяўчат. На шляху да перамогі ім трэба было паспяхова пераадолець тры туры: тэарэтычны, спартыўныя гульні, плаванне. Агульны вынік падводзіўся аўтарскай электроннай праграмай, якая падсумоўвае і ранжыруе набраныя асабістыя паказчыкі. Пры роўнасці набраных балаў перавагу атрымліваў той удзельнік, які заняў больш высокае месца ў тэарэтычным туры. Па словах метадыста цэнтра педагагічных ініцыятыў у рабоце з інтэлектуальна адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Пятра Кавальчука, сярэднія і лепшыя вынікі алімпіяды-2022 у большасці выпадкаў пераўзыходзяць аналагічныя за мінулы год, відавочна станоўчая дынаміка. Як правіла, лідзіруюць навучэнцы, якія дадаткова і сістэматычна займаюцца ў спартыўных секцыях, гуртках па месцы вучобы, а таксама з’яўляюцца ўдзельнікамі і пераможцамі абласной і рэспубліканскай спартакіяд школьнікаў. Сярод цяперашніх фіналістаў дыпломы пераможцаў заваявалі адпаведна 9 юнакоў і 9 дзяўчат, асобнымі дыпломамі былі адзначаны 6 пераможцаў тураў. 

Фінал алімпіяды прымала сярэдняя школа № 47 Віцебска імя Я.П.Іваноўскага.

— У падрыхтоўцы да алімпіяды нельга арыентавацца выключна на старшых школьнікаў, нездарма ў наступным годзе мы плануем правесці спаборніцтвы і сярод навучэнцаў 5—6 класаў, — выказаў меркаванне Пётр Кавальчук. — Будаўніцтва дома пачынаецца з фундаменту. Асновы тэарэтычных ведаў па прадмеце, рухальных уменняў і навыкаў таксама трэба закладваць як мага раней. Па вялікім рахунку сплаў для будучых алімпійскіх медалёў рыхтуюць школьныя настаўнікі. Таму варта больш увагі ўдзяляць вывучэнню тэарэтычнага раздзела праграмы, канструяваць свае аўтарскія комплексы выканання гульнявых камбінацый і іх спалучэння, адпрацоўваць да­дзеныя віды практыкаванняў ва ўскладненых умовах, удасканальваць фізічныя якасці і не забываць пра навыкі ўмення плаваць. Неабходна ўлюбляць дзяцей у фізкультуру, рыхтаваць рэзерв. Каб расло перакананне, што ўсе прадметы важныя, а наш — галоўны. Тым больш фізкультура — адзіны прадмет, які не спішаш і ў апошнюю ноч перад экзаменам не вывучыш. Толькі такім чынам мы выхаваем будучага перспектыўнага спартсмена і, што яшчэ важней, універсальнага настаўніка фізічнай культуры, які з гонарам скажа: “Я быў удзельнікам і пераможцам алімпіяды па прадмеце “Фізічная культура і здароўе”!” У гэтым перадумова нашага педагагічнага поспеху.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Віцебскім абласным інстытутам развіцця адукацыі.

Добавить комментарий