Уладзімір Пенін і Галіна Унуковіч у рамках акцыі «Нашы дзеці» наведалі Ульскі дзіцячы дом сямейнага тыпу

У панядзелак, у Ульскім дзіцячым доме сямейнага тыпу сустракалі ганаровых гасцей. У рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” сям’ю Ірыны Адамовіч і Івана Бандарэнкі, у якой зараз выхоўваюцца пяць дзяцей, пазбаўленых бацькоўскай апекі, наведалі намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Пенін і старшыня райвыканкама Галіна Унуковіч.

З гэтай нагоды ў вялікім утульным доме быў накрыты салодкі стол, а прыбраныя і шчаслівыя дзеці чакалі навагодніх сюрпрызаў. А іх у гэты дзень было нямала. Тэлевізар, ноўтбук, турыстычны рыштунак, веласіпеды, наборы цукерак. Дом сямейнага тыпу быў літаральна адораны падарункамі. Вочы дзяцей свяціліся шчырай радасцю, на іх тварах ззялі ўсмешкі. У такія моманты сапраўды ўсведамляеш, наколькі кожнаму дзіцяці, асабліва які трапіў у няпростую жыццёвую сітуацыю, неабходна любая ўвага. Акцыя ж “Нашы дзеці” дае дадатковую магчымасць падзяліцца з такімі хлопчыкамі і дзяўчынкамі часцінкай цяпла, каб яны верылі ў дабро, сваю будучыню, у тое, што патрэбныя сваёй краіне…

Мець сваіх дзяцей адказна, але ўзяць на выхаванне чужое дзіця – гэта Божы дар і талент, для гэтага трэба мець вялікае сэрца. На гэта госці не раз звярталі ўвагу падчас сяброўскага чаявання. Ну і вядома ж, віншавалі з надыходзячым Новым годам і Калядамі, жадалі дзецям ажыццяўлення жаданняў і поспехаў у вучобе. Тыя у сваю чаргу расказалі вершы і паднеслі гасцям у знак падзякі сувеніры.

– Для нас ваш візіт – вельмі хвалюючая падзея, – прызналася Ірына Валянцінаўна, – мы заўсёды рады кожнаму, хто прыходзіць у наш дом з дабром. Вялікі дзякуй усім, хто падарыў нашым дзецям казку. Яны гэты дзень запомняць надоўга…

Святлана ВАРОШКА, Бешанковічы.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *