У Замастоцкай ДСБШ Віцебскага раёна прайшло свята беларускай кухні

Шматвяковую, багатую і цікавую гісторыю мае беларуская кухня. З мэтай выхавання павагі і любові да традыцый і звычаяў нашых продкаў, да гісторыі беларускай кухні і нацыянальных страў у ДУА «Замастоцкая ДСБШ Віцебскага раёна імя Героя Савецкага Саюза У. А. Канаваленкі» у межах тыдня беларускай мовы і літаратуры прайшло «Свята беларускай кухні» (на здымку).

Усе прысутныя на мерапрыемстве змаглі пераканацца, што стравы традыцыйнай беларускай кухні самыя апетытныя і карысныя. Праграма свята складалася з экскурса ў гісторыю беларускай кухні, вершаў, песень і танцаў, якія таксама былі тэматычнымі. Вучням і настаўнікам прапаноўвалася прыняць удзел у гульні «Працягні прыказку», палічыць, колькі беларускіх страў прыгадаў Ніл Гілевіч ва ўрыўку з паэмы «Родныя дзеці», а таксама паспрабаваць адрозніць назвы нацыянальных страў ад слоў-самазванцаў.
Якія стравы спажывалі нашы продкі? У якіх абрадах выкарыстоўвалі іх беларусы? Як гатавалі? Пра ўсё гэта і многае іншае можна было даведацца падчас свята.
У конкурсе на лепшую беларускую страву на суд журы былі прадстаўлены бабка, дранікі, клёцкі з душамі, блінцы з тварагом, сырнікі. Пачаставацца змаглі ўсе ўдзельнікі мерапрыемства. Свята беларускай кухні атрымалася займальным, пазнавальным і дужа смачным!

М. МАМОЙКА

Добавить комментарий