У комплексным музеі «Гісторыя Заронаўскага краю» Віцебскага раёна прайшоў урок мужнасці

Жудасныя падзеі ваенных гадоў закранулі кожнага жыхара Беларусі.

Разам з мужчынамі на абарону краіны ўставалі іх жонкі і дзеці. Апошніх па-геройску называлі «Арляняты Вялікай Айчыннай». Юныя хлопцы і дзяўчаты заўсёды былі побач з дарослымі: служылі разведчыкамі і сувязнымі, распаўсюджвалі газеты і лістоўкі, бралі ў рукі зброю. Барацьбу з фашыстамі падчас вайны вялі дзясяткі тысяч непаўналетніх, якіх ужо пасмяротна прызнавалі героямі. На тэрыторыі Беларусі ў ваенныя гады дзейнічала каля паўтары тысячы моладзевых груп.

Гера Шчарбакоў вучыўся ў Альгоўскай школе, з сям’ёй пераехаў у Манулкі. Увайшоў у партызанскую брыгаду «Алексея», дзе яго бацька быў камісарам. Бой 30 красавіка 1943 года стаў для яго апошнім. Групу партызан акружылі немцы, хлопец да апошняга адстрэльваўся, калі ён вырашыў не здавацца жывым, кінуў гранату… У гэты момант куля абарвала яго 14-гадовы лёс. Аляксандр Ластачка скончыў усяго 7 класаў Суражскай школы і ўступіў у партызанскі атрад «Смерць ворагам». У 14 гадоў прымаў удзел у знішчэнні льнозавода ў Янавічах, дыверсія ўдалася. Двойчы Саша быў ранены. Валодзя Крупін вучыўся ў 5 класе школы імя Ф. Дзяржынскага Варонаўскага сельсавета. Каб заваяваць давер дарослых і далучыцца да партызанскага руху, выкраў у нямецкай камендатуры сакрэтныя дакументы і зброю, прынёс у атрад «Навальніца». Хлопец быў сувязным, марыў убачыць салют Перамогі, але зімой 1943 года быў цяжка паранены і загінуў. Мікалай Мішчанка (Фёдараў) — ураджэнец вёскі Пудаць. Вайна забрала ўсю яго сям’ю. У складзе разведгрупы хадзіў за «языком». У 13 год атрымаў медаль «За баявыя заслугі». Пасля вайны прысвяціў сябе мірнай працы, памёр у 43 гады.

Гэта — імёны толькі некаторых юных герояў Віцебскага раёна, якія нягледзячы на свой узрост бясстрашна сталі на абарону Радзімы. Пра гісторыі з жыцця «арлянят вайны» юныя экскурсаводы музея расказвалі вучням Суйкаўскай школы і іншым удзельнікам мерапрыемства. У гонар герояў гучалі вершы і песні, прысутныя запалілі свечку і хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінулых.

З мэтай павышэння ўзроўню патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення і захавання гістарычнай памяці аб подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне аддзел па адукацыі райвыканкама падарыў Заронаўскаму музею мульціборд, які адыгрывае важную ролю ў працэсе навучання і выхавання дзяцей з выкарыстаннем сучасных інавацыйных тэхналогій.

Аляксандра ГВОЗДЕВА

Добавить комментарий