Талачынская вадзіца

З цікавасцю чытаю матэрыялы праекта “Крыніцы зямлі беларускай”, прысвечанага Году гістарычнай памяці. Хачу расказаць і пра крыніцы нашага Талачынскага раёна.

У мінулым годзе разам з Ксеніяй Кулыгінай і Арсеніем Вакуновым мы вывучалі крыніцы раёна, каб прыцягнуць увагу грамадскасці да іх зберажэння і аднаўлення. У пра­цэсе даследавання не толькі шукалі інфармацыю і апісвалі падобныя помнікі прыроды, але і складалі інтэрактыўную карту знаходжання сямі найбольш значных аб’ектаў.

Мясцовыя жыхары расказваюць, што Раіцкая крыніца існавала яшчэ і пры жыцці іх бабуль і дзядуль. Вяскоўцы бяруць ваду для піцця, гатавання ежы, гас­падарчых патрэб. Вада выцякае з жалезабетоннага кола і ўтварае невялікі праточны ва­даём, які не замярзае нават у моцныя маразы. 
Дно вадаёма ўсцілаюць прыгожыя водарасці яркага смарагдавага колеру. Над самой крыніцай мясцовымі жыхарамі зроблены драўляны зруб у выглядзе кало­дзежа і прымацаваны запіс, што ўнутр калодзежа заглядаць няма патрэбы, бо пітная вада выцякае з трубы. Для тых, у каго няма з сабой посуду, жыхары паставілі кубак для піцця.
Вада з Раіцкай крыніцы была + 9°С, мела прыемны смак і пах. Прастаяўшы месяц у закрытым слоіку, крынічная вада не набыла дрэннага паху, асадку, захавала сваю празрыстасць. Даследаванні хімічнай лабараторыі УВП “Коханава-ЖКГ” таксама станоўчыя: вада з Раіцкай крыніцы адпавядае патра­баванням СанПіН 10-124 РБ 99  паводле правераных паказчыкаў.

Наведалі крыніцы ля вёсак Воў­кавічы (Скрыпуцёўскую крыніцу), Серкавіцы (Барысаглебскую крыніцу), у Друцку, Равучы, Райцах, у Свята-Пакроўскім жаночым манастыры ў Талачыне і гарадскім парку “Юзафполле”. Вучні адчулі сябе не толькі падарожнікамі, але і даследчыкамі, бо замяралі тэмпературу крынічнай вады, вызначалі яе пах, празрыстасць, смак. Таксама збіралі звесткі пра ўзнікненне крыніц, спрабавалі адшукаць легенды, звязаныя з імі, даведацца пра гаючую сілу.

У выніку склалі інтэрактыўную карту з QR-кодамі, каб кожны жадаючы змог адшу­каць месца і інфармацыю пра найбольш значныя крыніцы Талачынскага раёна. Паколькі ў межах школьнага кабінета хіміі нельга правесці сапраўды аб’ектыўныя хімічныя даследаванні стану крынічнай вады, то звярнуліся ў лабараторыю хімічнага аналізу УВП “Коханава-ЖКГ”, якая дапамагла зрабіць высновы, што крынічная вада са Скрыпуцёўскай, Барысаглебскай, Раіцкай крыніц і крыніцы з вёскі Равуча адпавядае ўсім нормам пітной вады.

Сняжана ГВОЗДЗЕВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 2 Талачына.

Добавить комментарий