Спартыўнае прыцягненне “Юнацтва”

Многафункцыянальны спарткомплекс на месцы былога стадыёна сярэдняй школы № 28 адкрылі напярэдадні прафесійнага свята настаўнікаў у Віцебску.

Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Ула­дзімір Пенін, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома, старшыня Віцебскага гарвыканкама Вадзім Заранкін, педагогі, навучэнцы і іх баць­кі, жыхары мікрараёна.

— Аб’ект унікальны, доўгачаканы. Я часта бываю ў гэтым раёне і ведаю, як патрэбна тут спартыўная пляцоўка, — адзначыў Уладзімір Цярэнцьеў. — Апошнім часам у нас з’явілася характэрная тэндэнцыя: у сярэдзіне жніўня мы здалі выдатны спартыўны комплекс у ВДУ імя П.М.Машэрава, 1 верасня — у сярэдняй школе № 47 Віцебска, цяпер — у сярэдняй школе № 28. Мы імкнёмся, каб сучасныя спартыўныя пляцоўкі былі ва ўсіх мікрараёнах школ. Гэта актуальна і запатрабавана, важна не толькі для ўстаноў адукацыі, але і для мясцовага насельніцтва. Вядома, пандэмія ўносіць у планы свае карэктывы. Тым не менш названыя задачы не знімаюцца — будзем працягваць абнаўляць стадыёны як у абласным цэнтры, так і ў раёнах.

У спарткомплексе прадугледжаны сучасныя поле для міні-футбола, пляцоўкі для баскетбола, валейбола і варкаута, вулічныя трэнажоры і бегавыя дарожкі, сектары для скачкоў у даўжыню і кідання спартыўных снарадаў, тэнісны корт з траўмабяспечным гумабітумным пакрыццём, спартыўны гарадок для малодшых школьнікаў і заняткаў груп прадоўжанага дня — атрымаўся шыкоўны падарунак для школы і ўсіх аматараў актыўнага адпачынку. Віншуючы ўстанову адукацыі са значнай падзеяй, Вадзім Заранкін акцэнтаваў увагу на дасягненнях яе навучэнцаў, настаўнікаў і выказаў упэўненасць: адноўленае “Юнацтва” стане цэнтрам спартыўнага прыцягнення і развіцця, бо тое, што закладваецца ў школьным спорце, застаецца на ўсё жыццё і дарагога варта. Сімвалічны ключ ад аб’екта дырэктару школы Алене Мацвеевай уручыў начальнік філіяла “Будаўніча-мантажны поезд № 715” ААТ “Трэст Белтрансбуд” Мікалай Пашкевіч.

— Менш як год назад быў закрыты на рэканструкцыю наш самы звычайны школьны стадыён, а сёння ад яго засталася адна
на­зва — “Юнацтва”, і мы знаходзімся ў цудоўным сучасным спартыўным комплексе, які напоўнены ўсім неабходным для фізічнага развіцця нашых навучэнцаў, далучэння да спорту і здаровага ладу жыцця, — падзялілася ўражаннямі Алена Антонаўна. — Праекціроў­шчыкі ўлічылі пажаданні нашага калектыву, у тым ліку настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя, дарэчы, мы самі выбіралі колеравае рашэнне штучных пакрыццяў. Безумоўна, магчымасці фізкультурна-спартыўнай работы, правядзення мерапрыемстваў шостага школьнага дня ў школе вельмі пашырацца. Будзе даступны спарткомплекс і для жыхароў мікрараёна. Наша ўстанова адукацыі — адна з тых пяці ў вобласці, якія носяць ганаровае званне “школа міру”. Адзін з напрамкаў дзейнасці ў праекце — мір праз спорт. Ён сапраўды выступае тым інструментам, што садзейнічае аб’яднанню людзей, узаемаразуменню, справядлівасці. Упэўнена: наша пляцоўка будзе аб’ядноўваць дзяцей і бацькоў, навучэнцаў і педагогаў, усіх, хто неабыякавы да спорту.

Святочны настрой падарылі ўсім прысутным паказальныя выступленні гімнастаў, таэквандзістаў і акрабатаў, яркія канцэртныя нумары ў выкананні юных танцораў і спевакоў. У працяг свята ўсіх яго ўдзельнікаў запрасілі асабіста пратэсціраваць абсталяванне спарткомплексу.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *