Шчасце педагога. Шчасце мацярынства

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 7 Віцебска Вольга Чарноўская нядаўна была ўзнагароджана ордэнам Маці, яна выхоўвае пяцярых дзяцей. Як удаецца паспяхова спраўляцца з прафесійнымі задачамі і сямейнымі клопатамі?

Калі ў душы спявае вясна, ясней раскрываюцца новыя далягляды і выразней бачыцца шлях, а напера­дзе чакае столькі цікавых ідэй, спраў, адкрыццяў! Вольга Мікалаеўна нара­дзілася ў красавіку. Таямніца, якая ёсць у кожнай жанчыне, у нашай гераіні праменіцца вясной: характар моцны і пя­шчотны, адкрыты свету, шчодры на тыя спрадвечна жаночыя спагаду, ласку і дабрыню, што здольны адагрэць самае зачарсцвелае сэрца і акрыліць надзеяй, каб потым дапамагчы ёй увасобіцца ў рэальнасць. Сёлетняя вясна ў сямейным летапісе віцяблянкі адзначана важнай падзеяй: 3 сакавіка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў ёй ордэн Маці. Між тым заўтрашняе свята Чарноўскія сустракаюць таксама з асаблівым пачуццём, бо 18 мая разам рыхтуюцца прадставіць свой Чыгуначны раён на абласным этапе V Рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года”.  

— Без любові да дзяцей маё жыццё немагчыма ўявіць. І, канечне, усё наступнае прарастае з сям’і. Я родам з вёскі са звонкай, спеўнай назвай Кавалі, яна ў Лёзненскім раёне. У маці тры сястры, у бацькі дзве і брат: з ранніх гадоў ведала, як гэта складана, дружна, надзейна — вялікая сям’я, — расказвае Вольга Мікалаеўна. — А настаўніцай сябе ўяўляла з дзіцячага сада. У малечы тады сярод самых любімых гульняў была “ў школу”, найчасцей “класны журнал” трапляў у мае рукі. Калі дайшла справа да сапраўднай школы, мара набыла канкрэтыку. Настаўнікі раілі выбраць педагагічную спецыяльнасць — напэўна, штосьці разглядзелі ў сваёй вучаніцы. Сама ўжо бліжэй да 9 класа вырашыла: хачу стаць або выхавальніцай, або вучыць дзяцей у пачатковай школе. Інтэрнэту, сучасных даведнікаў для абітурыентаў у нас не было, таму паслухала баць­коў — паступіла ў Аршанскі педагагічны каледж (зараз — Аршанскі каледж ВДУ імя П.М.Машэрава). 

— Не пашкадавалі потым?

— Ніводнага разу, вельмі ўдалая парада. Грунтоўная практычная падрыхтоўка не аднойчы дапамагала і ў рабоце, і ў сям’і — адназначна пашанцавала з каледжам. Гонар быў вучыцца ў адной з найстарэйшых у краіне ўстаноў адукацыі, пачатак якой дала першая на тэрыторыі Беларусі жаночая настаўніцкая семінарыя. Каласальны вопыт, каштоўныя традыцыі, выдатныя выкладчыкі, адпаведнасць сучасным запытам у адукацыі — гэтым мая альма-матар па сённяшні дзень вядома. Паколькі паступала я па накіраванні, працаваць вярнулася на Лёзненшчыну, у вёску Белы Бор, дзе сустрэла свой лёс: Анатоль часта наведваўся да бацькоў у суседняе Барсеева, так і пазнаёміліся. Пераехала ў Віцебск усле­д за мужам, з яго падтрымкай нацэлілася завочна ва ўніверсітэт. Да выпускных экзаменаў і абароны дыпломнай работы ў ВДУ рыхтаваліся ўжо разам з дачушкай. Працавала выхавальніцай, потым уладкавалася ў сярэднюю школу № 7 настаўніцай пачатковых класаў. Праз некаторы час мне прапанавалі пасаду намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце. У нашай сям’і тады было чацвёра дзяцей: Аліна, Віка, Саша з Машай. Жартавалі паміж сабой, што слова “сям’я” намякае на лічбу 7. Нам на радасць, яно і спраў­дзілася з нараджэннем малодшага сына Мішы. 

— Быць мнагадзетнай маці і намеснікам дырэктара школы ня­проста… 

14 кастрычніка 2016 года Вольга Мікалаеўна Чарноўская была ўдастоена абласной прэміі імя Героя Савецкага Саюза З.М.Тусналобавай-Марчанка.

— Вы не ўяўляеце, наколькі гэта праў­дзіва, але менавіта так паўней адчуваеш жыццё. Па-першае, мы з мужам раздзяляем адказнасць за сыноў і дачок. Трэба кожнага выгадаваць, выхаваць, каб выраслі дастойнымі, сумленнымі людзьмі. Прычым галоўны арыенцір, несумненна, бацькі. Значыць, і нам неабходна не проста падтрымліваць іх інта­рэсы, развіваць здольнасці, але і самім развівацца — паказваць прыклад у сямейных адносінах, зносінах з сябрамі і знаёмымі, мець актыўную жыццёвую пазіцыю, быць цікавымі асобамі і паспяховымі прафесіяналамі, многа ведаць і ўмець. А ў мяне яшчэ адказнасць за вялікі школьны калектыў. Навучылася дакладна размяркоўваць час. Вобразна кажучы, каб паспець казку на ноч прачытаць і справаздачу падрыхта­ваць — усё як след, у належны тэрмін. Важна, што ў сям’і мы дапамагаем адно аднаму: паасобку ўзяты тэмп не вытрымаць.

— Якое ў вашай сям’і агульнае захапленне?

— Іх многа, як і традыцый. Усё ж, калі вылучаць… На Лёзненшчыне развіта народная самадзейнасць. Мае бацькі пастаянна хадзілі ў клуб, выступалі, я ўслед за імі — вырасла на беларускіх песнях, канцэртах, танцах, конкурсах. Маці мужа любіць спяваць. Усё гэта нам у спадчыну перадалося і праявілася ў нашых дзецях. Сямейны рэпертуар сабраўся багаты. Як дзеці развучваюць нейкую песню — мы яе спяваем разам. Старэйшыя — выхаванцы ўзорнай студыі эстраднай песні “Форум” Цэнтра культуры “Віцебск”. Аліна да таго ж скончыла музычную школу па класе скрыпкі, Віка цудоўна іграе на цымбалах, Маша прымерваецца да фартэпіяна. Саша да музыкі прыхільны, аднак захацеў паспрабаваць сябе ў таэквандо — выбіраем аб’яднанне па інтарэсах або спартыўную школу.

Я вырасла на беларускіх песнях. Гэтая любоў нам перадалася ад бацькоў у спадчыну і праявілася ў нашых дзецях. Сямейны рэпертуар сабраўся багаты.

— Ці думалі раней, што ордэн Маці атрымаеце на ўрачыстай цырымоніі ў Палацы Незалежнасці?

— Запрашэнне было нечаканым. Ганарова, прыемна, хвалююча — не пера­даць! Ад усіх прысутных мнагадзетных маці і сябе асабіста я падзякавала кіраўніку дзяржавы за высокую ўзнагароду. Моцная сям’я — гэта моцная Беларусь. Выказала ўсё, што было на душы. У краіны, дзе любяць і шануюць маці, ёсць будучыня. Якія лепшыя чалавечыя якасці мы сёння выхаваем у нашых дзяцей, такім будзе заўтрашняе грамадства. Наша дзяржава клапоціцца аб гарманічным развіцці мацярынства і дзяцінства, аказвае ўсебаковую дапамогу сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, асабліва мнагадзетным, — для нас гэта не дзяжурныя высокія словы, а ўласны вопыт. Мы любім Беларусь, ганарымся ёю і шчаслівыя, што жывём, гадуем дзяцей, працуем у мірнай, квітнеючай краіне. Агульныя нашы надзея і мэта — няхай так будзе заўсёды!

Таццяна БОНДАРАВА.

Добавить комментарий