Сацыяльны праект у фармаце экалагічнай вечарынкі з гістарычным акцэнтам

У вёсцы Вялікія Лётцы Віцебскага раёна знаходзіцца былая сядзіба вучонага, сістэматыка-фларыста, геабатаніка, дэндролага Уладзіміра Адамава. Ён заснаваў батанічны сад у маёнтку Лётцы (частка раслін стала асновай батанічнага саду ў Віцебску) і батанічны сад Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Паступова сядзіба прыйшла ў заняпад, а памяць пра батаніка захоўваецца намаганнямі краязнаўцаў і актывістаў.

У цяперашні час у Беларусі знаходзіцца вялікая колькасць помнікаў архітэктуры, якія не пашкадавалі час і гістарычныя перыпетыі. З-за адсутнасці належнага догляду некалі велічныя будынкі руйнуюцца, сціраецца памяць пра іх былых уладальнікаў. Што мы, настаўнікі, можам зрабіць з гэтай праблемай? Я думаю, вы чулі, што за адну базавую на аўкцыёне можна набыць будынак з гісторыяй для далейшага развіцця культурнага або фінансавага праекта. Калі вы пакуль не адважыліся набыць за невялікую суму грошай шмат клопатаў, можна прыцягнуць да гэтага месца ўвагу іншых людзей тымі інструментамі, якія вы ведаеце лепш за ўсё, — разнастайнымі педагагічнымі прыёмамі. Падключыце да гэтай справы сваіх калег, навучэнцаў, бацькоў — і старая закінутая сядзіба або палац, або парк стануць адукацыйнай пляцоўкай для фарміравання сацыяльнай адказнасці ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу.

Я, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства гімназіі № 1 Віцебска імя Ж.І.Алфёрава, з’яўляюся кіраўніком сацыяльнага праекта па захаванні месца памяці “Сядзіба Адамава”. Мэта праекта — ператварыць тэрыторыю сядзібы ў адукацыйны цэнтр. Наша каманда складаецца з настаўнікаў, навучэнцаў гімназіі і іх баць­коў. Мы ўжо правялі мера­прыемствы для дзяцей і дарослых, накіраваныя на захаванне памяці пра вучонага і яго спадчыну. Адно з нашых мерапрыемстваў у рамках дзейнасці цэнтра — Botanic party, прысвечанае дню нараджэння вучонага. Яно можа быць рэалізавана ў любым месцы, бо прадугледжвае не толькі работу з гісторыяй месца, але і мерапрыемствы адукацыйнай, забаўляльнай, сацыяльна значнай накіраванасці з перавагай экалагічнага актывізму.

Дзень нараджэння вучонага прыехалі адсвяткаваць 56 чалавек, у асноўным дзесяцікласнікі гімназіі, якія займаліся ў профільным лагеры “Эрудыт”. Перад мерапрыемствам навучэнцы правялі акцыю “Прыбяры сядзібу” і падрыхтавалі яе да сустрэчы гасцей. Праграма свята пачалася з экскурсіі “У пошуках батанічнага саду”, якую правялі я і настаўніца біялогіі Людміла Яўгенаўна Свецік. Папярэдне мы падзялілі ўдзельнікаў на дзве групы — гістарычную і батанічную. Задача Людмілы Яўгенаўны ўскладнялася тым, што яна ніколі не была ў Вялікіх Лётцах, і экскурсія сапраўды ператварылася ў сумесны займальны пошук дрэў і раслін, якія маглі застацца ад былога саду, а таксама ў вывучэнне сістэмы арганізацыі іх харчавання, якая была прыдумана Адамавым.

Далей дзеці працавалі ў чатырох камандах. Кожная павінна была прайсці квест “Пазнай зёлку”, падрыхтаваны настаўнікам англійскай мовы і батанікам-аматарам Кацярынай Мікалаеўнай Лісецкай. Прадстаўнікі ад кожнай каманды накіроўваліся на прыбіранне скошанай травы на прылеглай тэрыторыі, выраб паштовак у тэхніцы квілінг “Паштоўка для батаніка” ў загадзя падрыхтаванай творчай майстэрні, якой кіравалі юныя мастачкі Кацярына Красільнікава і Міхаліна Куляшова. Таксама прадстаўнікі каманд працавалі на пасадцы новых раслін каля сядзібы. Майстар-клас па пасадцы асцільбы правяла настаўніца рускай мовы кветкавод-аматар Святлана Аляксееўна Флеганава. Кожная каманда сабрала і абараніла “Букет здароўя”, які ацэньвалі навучэнцы класа хіміка-біялагічнага профілю Паліна Шляхтунова і Ангеліна Грыц, а таксама намалявалі і прадставілі праект “Сядзіба Адамава праз 10 гадоў”. Дар’я Палубінская і Ксенія Гаралевіч забаўлялі гасцей “Кветкавай варажбой”.

Пасля актыўна праведзенага часу ў­дзельнікаў чакалі чаяванне “Адамаўская гарбатка” ля самавара XIX стагоддзя і канцэрт “З днём нараджэння, пан Адамаў”, праведзены гімназістамі. Усяго 6 гадзін, але гэта быў час, праведзены з карысцю! Экалагічная вечарына з гістарычным акцэнтам скончылася ўзнагароджваннем пераможцаў, удзельнікаў, валанцёраў. Новыя веды, вопыт удзелу ў сацыяльным праекце і работы ў камандзе, выдатны настрой — вось вынік мерапрыемства, арганізаванага настаўнікамі сумесна з вучнямі. Праект, які пачыналі некалькі аднадумцаў, сёння аб’ядноўвае вялікую каманду папулярызатараў спадчыны батаніка Адамава.

Я прадставіла вам мадэль мерапрыемства аднаго дня, якую вы можаце лёгка мяняц­ь, улічваючы абставіны, час, узрост дзяцей. Калі вы яшчэ сумняваецеся, ці варта арганізаваць або прыняць у­дзел у сацыяльным праекце, то адназначна зга­джайцеся. Ад ідэі да рэалізацыі ў нас прайшло тры тыдні. І ў вас атрымаецца!

Ганна ЖУКАВА,
настаўніца гісторыі і грамадазнаўства гімназіі № 1 Віцебска імя Ж.І.Алфёрава.

Добавить комментарий