Рух на збліжэнне

У рамках афіцыйнай праграмы Дня Саюзнай дзяржавы і Дзён моладзі XXX Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” 16 ліпеня прайшла справаздачна-выбарная канферэнцыя “Моладзь за Саюзную дзяржаву” Міжнароднага саюза грамадскіх аб’яднанняў “Расійска-Беларускі саюз моладзі”.

Дзейнасць РБСМ накіравана на развіццё расійска-беларускага маладзёжнага супрацоўніцтва. Пад патранажам саюза рэалізаваны міжнародныя маладзёжныя праекты “Руская зіма”, “Моладзь за Саюзную дзяржаву”, міжнародны маладзёжны лагер “Бе-La-Русь”, міжуніверсітэцкі конкурс грацыі і артыстычнага майстэрства “Каралева вясна” (“Каралева студэнцтва”). Канферэнцыя з’яўляецца вышэйшым органам РБСМ, да выключнай яе кампетэнцыі адносяцца вызначэнне асноўных напрамкаў дзейнасці і выбары сустаршыняў ад Расійскага Саюза Моладзі і Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Да работы далучыліся дэлегаты з Расіі і Беларусі, сярод якіх прадстаўнікі Рэспуб­ліканскай студэнцкай калегіі і Савета лідараў працоўнай моладзі Мінска, Беларускага камітэта маладзёжных арганізацый, Мала­дзёжнага парламента пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Рабочы парадак дня ўключаў шэраг пытанняў дзейнасці выканаўчага камітэта, абранне яго членаў і кіраўніцтва, а таксама вызначэнне дарожнай карты далейшай траекторыі развіцця РБСМ. Удзел у канферэнцыі прынялі дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў, прадстаўнікі Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы і дэлегацыя Новасібірскай вобласці на чале з намеснікам міністра начальнікам упраўлення па маладзёжнай палітыцы Міністэрства адукацыі Марыяй Жафяравай, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспуб­лікі Беларусь і Дзярждумы Расіі. 

Шляхі і перспектывы актывізацыі работы РБСМ і рэалізацыю маладзёжнай палітыкі ў Саюзнай дзяржаве, у тым ліку ў напрамках міжнароднага і рэгіянальнага супрацоўніцтва, узаемадзеяння ў інфармацыйнай прасторы, захавання гістарычнай памяці і грамадзянска-патрыятычнага выхавання, маладзёжнай інтэграцыі, перспектыўных праектаў, дзейнасці зводных беларуска-ра­сійскіх студэнцкіх атрадаў, дэлегаты абмеркавалі ў ходзе адкрытага дыялогу з Дзмітрыем Мезенцавым. Асобная ўвага была акцэнтавана на тэмах Вялікай Айчыннай вайны і маладзёжнага ўзаемадзеяння.

— Мы сёння гаворым аб асаблівых адносінах Расіі і Беларусі, — пракаменціраваў дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы. — Стратэгічны выбар на ўзаемадзеянне дзвюх краін быў прадвызначаны гістарычна, на міжнароднай арэне яны выступаюць прыкладам супрацоўніцтва і партнёрства. Ёсць шмат знешніх фарматаў, дзе наша ўзаемадзеянне дае відавочныя вынікі. Мінула 76 гадоў пасля Вялікай Айчыннай вайны, і сёння мы назіраем беспрэцэдэнтныя спробы перапісаць гісторыю. Абсурднасць і подласць гэтай задумы відавочныя. Але ёсць і прыклады вельмі тонкай дэструктыўнай работы. Каб эфектыўна ім супрацьстаяць, кожнаму маладому чалавеку неабходна прапанаваць прывабнае поле прыкладання яго сіл і ўменняў, дзе ён адчуе сябе моцным, смелым, паважаным у сваім асяроддзі, сацыяльна запатрабаваным. У чым сёння моладзь можа праявіць сябе, акрамя вучобы і працы? Калі мы гаворым аб Расійска-Беларускім саюзе моладзі як грамадскім інстытуце Саюзнай дзяржавы, варта выразна ўсведамляць мэты і мець інстументы іх дасягнення, працаваць па-новаму, выключыць фармалізаваны падыход. Адна з задач маладзёжных лідараў — дазволіць іх равеснікам адчуць радасць малой і вялікай перамогі, радасць працы, выканання задачы, пастаўленай самастойна або ў рамках калектыву. Той, хто гэта ўмее, паспяховы ў жыцці. Калі мы хочам быць спадчыннікамі вялікай краіны космасу, ядзернай фізікі, выдатнай медыцыны і маем жаданне будаваць сваю краіну як больш камфортную для людзей, то неабходна вызначыць базавыя кірункі, каб аб’ядноўваць моладзь, годна адказваць на выклікі часу, фарміраваць станоўчыя мадэлі сацыяльных ацэнак праз усведамленне наступстваў і вынікаў уласных дзеянняў, патрабавальнасць найперш да сябе.

Першы сакратар ЦК БРСМ Дзмітрый Варанюк падкрэсліў, што маладое пакаленне адчувае падтрымку, у тым ліку ад кіраўнікоў дзяржаў. Яны падаюць прыклад сяброўскіх і дзелавых сувязей. У моладзі Беларусі і Расіі ёсць вялікі патэнцыял, магчымасці і жаданне спрыяць інтэграцыйным працэсам.

— Мы прынялі рашэнне перазагрузіць, прывесці ў актыўную фазу і сістэмна выбудоўваць, раскручваць работу ўнікальнага саюза грамадскіх аб’яднанняў — РБСМ. Нас аб’ядноўвае не толькі мінулае, але і будучыня. Моладзь і дзеці — аснова інтэграцыі Беларусі і Расіі, і ад таго, якое зерне мы пасеем, пачынаючы ад пазіцыянавання бягучага парадку дня ў сучасных інфармацыйных рэсурсах і заканчваючы канкрэтнымі алгарытмамі па рэалізацыі дарожнай карты, залежыць заўтра Саюзнай дзяржавы, — адзначыў Д.Варанюк. 

Па меркаванні старшыні Расійскага Саюза Моладзі Паўла Краснаруцкага, РБСМ — больш чым проста супрацоўніцтва, бо гэта сяброўства і нават роднасная сувязь, тое асяроддзе, у якім можна быць упэўненым у падтрымцы і адчуваць надзейнае плячо.

— На ўзроўні грамадскіх арганізацый гэтае адзінства і агульнасць каштоўнасцей адчуваюцца вельмі добра. І гэта магутны рэсурс для эфектыўнага вырашэння задач у галіне дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі дзвюх краін, — сказаў П.Краснаруцкі. — Асноўныя вектары — грамадзянска-патрыя­тычнае выхаванне, інфармацыйная работа сярод моладзі, развіццё праектна-праграмнай дзейнасці, нацэленай на максімальны ахоп мэтавай аўдыторыі, памежнае супрацоўніцтва, маладзёжныя прадпрымальніцтва і турызм. Прычым усё павінна замыкацца на дасягненні мэт, дзеля якіх была створана Саюзная дзяржава. У нашага супрацоўніцтва велізарны патэнцыял, які павінен працаваць. Зараз мы ўвайшлі ў працэс мадэрнізацыі сумеснай работы, каб весці яе з улікам актуальных задач дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, запытаў і патрэб сучаснай моладзі.

Састаршынямі Расійска-Беларускага саюза моладзі абраны Павел Краснаруцкі і Дзмітрый Варанюк. 

Таксама 16 ліпеня Дзмітрый Мезенцаў разам з міністрамі культуры і інфармацыі Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікамі кіраўніцтва Віцебскай вобласці, генеральным дырэктарам Цэнтра культуры “Віцебск” Глебам Лапіцкім, вядомымі дзеячамі культуры прыняў удзел у круглым стале “Славянскі базар — 30 гадоў. Поспехі і перспектывы”, што адбыўся на базе ВДУ імя П.М.Машэрава. 

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий