Раённы фестываль педагагічных ідэй «Пазнаём Радзіму кожны дзень» прайшоў у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 2

Раённы фестываль педагагічных ідэй «Пазнаём Радзіму кожны дзень» прайшоў у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 2 у рамках Тыдня гульні і цацкі.

Больш за 40 устаноў дашкольнай адукацыі Першамайскага раёна ўзялі ўдзел у выставе аўтарскіх метадычных распрацовак, накіраваных на далучэнне дашкольнікаў да нацыянальнай беларускай культуры.

– Педагогі ўвесь час шукаюць новыя падыходы для фарміравання ў выхаванцаў вобразу малой радзімы, метады, якія не толькі могуць быць уключаны ў адукацыйны працэс, але і скарыстаны ва ўмовах сямейнага выхавання, – адзначыла метадыст Алеся Лявонава. – Гэта спрыяе пашырэнню сферы выкарыстання беларускай мовы і рэалізацыі ў адукацыйнай практыцы новых тэхналогій. Іх выкарыстанне дапамагае дзецям лепш засвойваць вучэбную праграму, робіць заняткі цікавымі, займальнымі і незвычайнымі.

У прыватнасці, гаворка ідзе пра візуалізацыю, якая добра знаёмая педагогам як метад нагляднасці. Існуюць розныя яе тэхнікі: таймлайн, інтэлект-карта, скрайбінг, скетч, кросенс, інфаграфіка, кластар, інтэрактыўны плакат і іншыя.

Так, яслі-сад № 93 прэзентаваў арыгінальны гульнявы ноўтбук «Мая Радзіма – Беларусь». З яго дапамогай дзеці знаёмяцца з геральдыкай краіны, яе абласнымі цэнтрамі, раслінамі і птушкамі, што занесены ў Чырвоную Кнігу Беларусі. Яслі-сад № 112 прадставіў на выставе тэматычныя кейсы: «Мая краіна», «Падарожжа по беларускім казкам», «Мая Беларусь». Санаторны яслі-сад № 37 прадэманстраваў альбом з гульнямі на ліпучках «Беларусь». Педагогі ясляў-сада № 96 стварылі дзеда Гульняведа – дыдактычную ляльку ў нацыянальным адзенні, у торбах і кішэнях якога – гульні, што знакомяць з абрадамі і святамі беларусаў, народнымі казкамі, музычнымі інструментамі і рамёствамі. Гэтыя і іншыя педагагічныя знаходкі былі прэзентаваныя з выкарыстаннем тэхналогіі QR-кодаў. Фестываль праводзіцца штогод і з’яўляецца сапраўдным феерверкам крэатыўных ідэй.

Автор: Наталля ЧАРНІЧЭНКА. Фото прадастаўлена метадычным кабінетам аддзела па адукацыі адміністрацыі Першамайскага раёна.

Добавить комментарий