Акцыя “Разам за зялёную Беларусь! Зберажом зялёныя насаджэнні!”

У Гарадку 22 ліпеня навучэнцы, выхаванцы і работнікі раённага Цэнтра дзяцей і моладзі, дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа, дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, сярэдняй школы № 1 і ясляў-сада № 2 райцэнтра далучыліся да акцыі “Разам за зялёную Беларусь! Зберажом зялёныя насаджэнні!”.

У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і працоўных калектываў аддзела па адукацыі райвыканкама, устаноў культуры, аддзела па надзвычайных сітуацыях, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва, цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый, аддзялення Белдзяржстраха, дзяржаўнага прадпрыемства кацельных і цеплавых сетак, інспекцыі прыродных рэсурсаў, гараджане. Разам яны палілі бэзавую алею, закладзеную 1 мая, і маладыя насаджэнні ў гарадскім скверы. 

Як паведаміла начальнік аддзела прававой, кадравай і арганізацыйнай работы Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Людміла Капранава, старт акцыі па паліванні зялёных насаджэнняў на Віцебшчыне быў дадзены ў пачатку ліпеня. Вясной у вобласці высадзілі каля 30 тысяч дрэў і больш за 11 тысяч кустоў. Аднак сёлетнія спёка і амаль поўная адсутнасць дажджоў паставілі пад пагрозу будучыню маладых паркаў, алей, садоў і сквераў. Каб выратаваць іх ад засыхання, камітэт звярнуўся па дапамогу да нераўнадушных жыхароў Паўночнага рэгіёна. Маштабная акцыя праходзіць ва ўсіх гарадах і раёнах, да ініцыятывы актыўна далучылася моладзь. Клапаціцца аб зялёных насаджэннях будуць на працягу засушлівага перыяду.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Гарадоцкай раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Добавить комментарий