Прыгажосць сваімі рукамі

Арыгінальную сувенірную прадукцыю, вырабленую навучэнцамі летняга лагера працы і адпачынку пры Цэнтры дзяцей і моладзі Глыбоцкага раёна, з задавальненнем набываюць удзельнікі і госці раённых, абласных і міжнародных мерапрыемстваў.

Лагерная змена працягвалася 18 дзён, і кожны з іх стаў для падлеткаў незабыўным, напоўненым яркімі ўражаннямі і адкрыццямі. Насычаная культурна-забаўляльная праграма, конкурсы і спартыўныя спаборніцтвы, наведванне краязнаўчага музея і майстар-класы ў Доме рамёстваў — часу сумаваць не было! Прывабнай для моладзі была і магчымасць падзарабіць. Тут усё было па-даросламу: асабістая працоўная кніжка, зарплата — дарэчы, даволі істотная, амаль па 100 рублёў на чалавека, і да таго ж удзельнікі лагера забяспечваліся смачным двухразовым харчаваннем. Працавалі па 4 гадзіны ў дзень, асноўны напрамак — выраб сувенірнай прадукцыі.

— Такія лагеры з дзённым знаходжаннем у нас наладжваюцца штогод у супрацоўніцтве з аддзелам занятасці і сацыяльна-працоўных адносін упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама, — расказала педагог дадатковай адукацыі ЦДіМ Ірына Пачкоўская. — Матэрыяльна-тэхнічная база цэнтра дазваляе арганізаваць вытворчы працэс на належным узроўні: ёсць і швейная, і швейна-вышывальная машыны, і аверлок. Вырабляем прадукцыю для “Вішнёвага фестывалю”, іншых свят, што адзначаюцца ў Глыбокім і не толькі: у прыватнасці, яна выстаўляецца і карыстаецца попытам у Полацку і Віцебску, у тым ліку падчас “Славянскага базару”. Неабходныя матэрыялы набываем за кошт пазабюджэтных сродкаў і дзякуючы падтрымцы сацыяльных партнёраў. Сёлета ў лагеры працавалі і адпачывалі15 падлеткаў ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў. Асноўны актыў склалі навучэнцы цэнтра — гурткоў, якімі кірую я, “Дэкаратыўны дызайн”, “Чароўны абрэзак”, і гурткоў музычнага напрамку пад кіраўніцтвам педагогаў дадатковай адукацыі Аксаны Сініцы і Юліі Лаўрыновіч. Я дапамагала ў выкананні самых складаных швейных аперацый, а калегі вучылі і паказвалі на ўласным прыкладзе, як правільна прасаваць, складваць, камплектаваць, вырабляць спецыяльную ўпакоўку. У фірменным асартыменце паявілася багата навінак: сталовыя камплекты, прыхопкі, абрусы, ручнічкі, сумкі, наборы для кухні, фартушкі, лялькі, сумкі; большасць вырабаў з вышыўкай або аўтарскім роспісам па тканіне.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий